24 красавiка 2024, Серада, 3:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Парламент Швейцарыі: Санкцыі - рычаг для паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека

1
Парламент Швейцарыі: Санкцыі - рычаг для паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека

У Нацыянальным савеце Швейцарыі раскрытыкавалі план падпісаць дамову аб свабодным гандлі з беларускім дыктатарам.

Першапачаткова Еўрапейская асацыяцыя свабоднага гандлю (ЕАСГ), куды акрамя Швейцарыі таксама ўваходзяць Нарвегія, Ісландыя і Ліхтэнштэйн, вяла перамовы аб пагадненні аб свабодным гандлі з Расеяй, аднак з часам сітуацыя пайшла па некалькі іншым сцэнары. У 2009 годзе Расея, Беларусь і Казахстан увайшлі ў Мытны саюз, у выніку чаго ўсе далейшыя перамовы павінны былі весціся ўжо з трыма гэтымі дзяржавамі, піша мясцовае выданне Tagesanzeiger (пераклад - Inopressa.ru).

Усё гэта паставіла Швейцарыю перад сур'ёзнай дылемай, бо ў 2006 годзе краіна ўвяла санкцыі супраць беларускіх уладаў, абмежаваўшы ўезд на сваю тэрыторыю шэрагу чыноўнікаў, замарозіўшы іх маёмасць і забараніўшы экспарт пэўных тавараў. Іншыя краіны-ўдзельніцы ЕАСГ сутыкнуліся з тымі ж праблемамі, аднак вырашылі працягнуць перамовы. Швейцарыя, як заявіў былы амбасадар краіны ў СГА Люцыус Васеша, прытрымлівалася аналагічнай пазіцыі. «Усе ўсведамлялі, што перамовы з Беларуссю былі выбуханебяспечныя з палітычнага пункту гледжання, таму быў знойдзены кампраміс - у Менску не павінна было праводзіцца ніякіх перамоваў і прадстаўнікі ад Беларусі не маглі выступаць у ролі іх арганізатараў». Зразумела, распавядае Васеша, «гэта была вельмі незвычайная сітуацыя, але ў нас не было іншага выбару. Пагадненне аб свабодным гандлі з Расеяй уяўляе велізарную важнасць для эканомікі, каб адмаўляцца ад яго з-за Мытнага саюза з Беларуссю».

Члены знешнепалітычнай камісіі Нацыянальнага савета Швейцарыі, гаворыцца далей, падвергнулі перамовы крытыцы, адзначыўшы пры гэтым, што яны не былі праінфармаваныя і нічога аб гэтай дылеме не ведалі. Як заявіла старшыня парламенцкай групы пры нацыянальным савеце Крысці Марквальдэр, гаворка ідзе пра сістэматычныя праблемы Беларусі, а «санкцыі як раз і з'яўляюцца эканамічным рычагом, які ўжываюць дзеля таго, каб палепшыць сітуацыю з правамі чалавека ў кожнай асобна ўзятай краіне». Пагадненне ж аб свабодным гандлі, наадварот, будзе спрыяць развіццю гандлёвых адносінаў. «Санкцыі і свабодны гандаль - гэта супярэчнасць».

Аналагічнага меркавання, падкрэслівае Блюмер, прытрымліваецца і старшыня парламенцкай групы пры нацыянальным савеце Цюрыха Марцін Нэф. Так, палітык адзначае, што «не разумее, як пры заключэнні пагаднення з Расеяй можна проста так пасадзіць Беларусь у бакавую каляску і нічога пры гэтым не заўважыць».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках