18 красавiка 2024, Чацвер, 23:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандра Дзелемянчук: Украіна за крок ад грамадзянскай вайны

1
Аляксандра Дзелемянчук: Украіна за крок ад грамадзянскай вайны

Апошнія падзеі ў Кіеве каментуе charter97.org каардынатар міжнародных праграм Цэнтра грамадзянскіх свабод Украіны Аляксандра Дзелемянчук.

- Што зараз адбываецца ва Украіне? Гэта вайна?

- Фактычна мы знаходзімся ў некалькіх кроках ад магчымай грамадзянскай вайны. Ужо ёсць загінулыя, вельмі шмат параненых. Супраць людзей кінулі БТРы, вельмі агрэсіўная рыторыка так званага кіраўніцтва краіны аб тым, што дэманстранты - тэрарысты, якія павінны панесці адказнасць. Ніякага намеру пачынаць дыялог ці прымірэнне не відаць.

- Як раз у гэты час праходзіць сустрэча Віктара Януковіча з лідарамі апазіцыі. Якім можа быць яе вынік?

- Гэта ўжо было: Януковіч абяцаў дыялог, але замест гэтага былі прынятыя «законы аб дыктатуры», а кіраўніком групы перамоўнікаў быў прызначаны чалавек, якога лічаць адказным за разгон студэнцкага Майдана 30 лістапада. Якіх-небудзь асаблівых надзеяў з нагоды гэтых перамоваў ні я, ні людзі з майго акружэння не маем. Ёсць нават асцярогі, што падчас гэтых перамоваў магчымы арышт лідараў апазіцыі.

- Зараз лідары краін, міжнародных структур і арганізацый заяўляюць, што «шакаваныя» тым, што адбываецца ў Кіеве. Вы чакалі такога развіцця падзей?

- Не. Я не чакала ні першага разгону студэнцкага Майдана, ні газу, ні святло-шумавых гранат, ні адарванай рукі, ні выдаленых вочных яблыкаў, нічога гэтага я не чакала, у тым ліку, забойства людзей. Думаю, што цяпер трэба чакаць усяго.

- Чаму стаў магчымы гвалт?

- Тут ёсць шмат прычын - і ўнутраных, і знешніх. Унутраныя складаліся ў тым, што такі магутны пратэст паказаў нашай кіруючай вярхушцы, што ў яе мала шанцаў захаваць уладу. Таму былі неабходныя крокі, каб здушыць грамадзянскі пратэст. Але і, вядома, былі знешнія палітычныя прычыны, звязаныя з уплывам Расеі на краіны «Усходняга партнёрства» і з яе умяшаннем ва ўнутраныя справы гэтых краін.

- Якой павінна быць рэакцыя міжнароднай супольнасці на падзеі ў Кіеве?

- Па-першае, не павінна быць заяваў з нагоды «глыбокай заклапочанасці», таму што гэта ўжо выклікае ў людзей агрэсіўную рэакцыю. Патрэбныя канкрэтныя дзеянні.

Санкцыі супраць асоб, адказных за разгон, - добры прыклад такіх дзеянняў. Мы можам таксама толькі вітаць, што ў пятніцу ў Кіеў прыязджае еўракамісар Штэфан Фюле, дэлегацыя Еўрапарламента. Мы спадзяемся, што яны змогуць спрыяць дыялогу паміж рознымі бакамі, залучанымі ў канфлікт. Трэба прымусіць Януковіча перастаць блефаваць.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках