28 сакавiка 2024, Чацвер, 17:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амапаўцы збілі жыхара Магілёва

57
Амапаўцы збілі жыхара Магілёва

Жыхар Магілёва Арцём Батура хоча прыцягнуць да адказнасці супрацоўнікаў АМАПа, якія збілі яго ў адным з пастарункаў горада.

У Следчым камітэце, куды малады чалавек накіраваў скаргу ў дачыненні да двух амапаўцаў, запэўніваюць, што яго міліцыянты не білі, а толькі затрымалі за тое, што той піў піва ў грамадскім месцы. Батура з гэтым не пагаджаецца і піша скаргу ў пракуратуру. Пра інцыдэнт стала вядома пасля таго, як юнак звярнуўся да праваабаронцаў, піша БелаПАН.

Арцёма Батуру затрымалі на Савецкай плошчы з бутэлькай піва. Як ён сцвярджае, патрульныя абвінавацілі яго ў распіванні спіртных напояў у грамадскім месцы і разам з прыяцелем прывезлі ў пастарунак. Там і пачалі біць.

«Ударылі мяне адразу пад калена. Я ўпаў, і тут мяне супрацоўнік АМАПа пачаў збіваць. Я ляжаў і рукамі закрываў галаву. Мой прыяцель сказаў, каб яны не моцна мяне білі. Тут і яго пачалі біць. Відаць, першаму амапаўцаў здалося, што мне мала перапала, і ён яшчэ чатыры разы ўдарыў мяне ў грудзі. А потым і другі пачаў збіваць», - распавядае Батура.

Як кажа малады чалавек, пасля складання ў дачыненні да яго пратаколу міліцыянты сышлі. Пра тое, дзе ён, яго бацькі даведаліся ад прыяцеля, якога выпусцілі з пастарунку першым. За Батурам прыехаў бацька. Па словах пацярпелага, яны спрабавалі ў той жа дзень зняць пабоі, але ім гэта не ўдалося, паколькі ў Ленінскім раённым аддзеле міліцыі юнаку стала дрэнна і яго павезлі ў траўмапункт, а адтуль у бальніцу. Арцём сцвярджае, што ў траўмапункце дыягнаставалі страсенне галаўнога мозгу, а ў бальніцы зафіксавалі шматлікія ўдары.

Хуткую дапамогу ў райаддзел міліцыі выклікала маці Арцёма. Паводле яе слоў, у бальніцы выпісалі дакумент, у якім і зафіксаваныя цялесныя пашкоджанні:

«Гэты дакумент у нас ёсць. Там напісана, што ў сына удар галавы, удар грудзіны і наогул усяго цела».

У Следчым камітэце па Магілёўскай вобласці пацвердзілі, што Батуру давалі накіраванне на зняцце пабояў і такі дакумент ёсць у матэрыялах справы:

«Выснова судова-медыцынскага эксперта такая: «У яго маецца сіняк, які ўтварыўся ад цвёрдага тупога прадмета, і ён з'яўляецца лёгкім цялесным пашкоджаннем, якое не пагражае здароўю. Ён мог зваліцца, дзе заўгодна, гэта звычайны сіняк», - паведаміла па тэлефоне супрацоўніца Следчага камітэта.

Паводле яе слоў, затрымалі Арцёма Батуру, калі ён быў у нецвярозым стане.

«Супрацоўнікі АМАПа прапаноўвалі яму прайсці з імі ў апорны пункт для дачы тлумачэнняў. Кайданкоў яму не надзелі, склалі звычайны пратакол і адпусцілі».

У пастанове аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы гаворыцца, што ў пастарунку маладыя людзі нібыта брыдкасловілі і абураліся, што іх затрымалі. Заяўляецца, што ў паказаннях скаржнікаў шмат супярэчнасцяў і «адсутнічаюць дастатковыя дадзеныя» аб тым, што супрацоўнікамі АМАПа здзейсненае злачынства. Для распачынання крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі няма падстаў. Фізічнай сілы і спецыяльных сродкаў у дачыненні да затрыманых яны не ўжывалі.

Сябра БХК Уладзімір Краўчанка, да якога звярнуўся па кансультацыю Арцём Батура, лічыць, што сведчанні маладых людзей дакладныя і ў пастарунку іх сапраўды білі.

«Заканадаўства забараняе ім выкарыстоўваць фізічную сілу супраць людзей, якія не аказваюць супраціву, - кажа праваабаронца. - Няма ніякіх абвінавачванняў супраць гэтых хлопцаў, што яны не падпарадкоўваліся альбо неяк абразілі амапаўцаў. Для супрацоўнікаў міліцыі гэта характэрна - вельмі часта выкарыстоўваюць кулакі замест таго, каб вырашаць пытанне спакойна».

Арцём Батура заплаціў выпісаны яму штраф і спрабуе прыцягнуць міліцыянтаў да адказнасці. З сітуацыі, у якой ён апынуўся , ён зрабіў такую выснову: «Атрымаў паведамленне, што мне выпісаны штраф у 130 тысяч рублёў. Я яго заплаціў. А вось за што мяне білі, я зразумець да гэтага часу не магу. Адзін раз трапіў у такую сітуацыю, да гэтага часу не сутыкаўся з міліцыяй. І зараз думаю, што калі будуць біць ці забіваць, лепш так хай - чым тэлефанаваць у міліцыю».

Інцыдэнт адбыўся яшчэ 9 снежня. На наступны дзень Арцём і яго прыяцель паскардзіліся ў пракуратуру, і толькі 20 студзеня Батура сам забраў адказ са Следчага камітэта. Туды, як ён кажа, яго выклікалі толькі раз - амаль праз месяц пасля таго, што здарылася.

Напісаць каментар 57

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках