28 сакавiка 2024, Чацвер, 13:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

BelToll «памылкова» аштрафаваў жыхара Славакіі на €2000

80
BelToll «памылкова» аштрафаваў жыхара Славакіі на €2000

Грошы за праезд спісваліся з неіснуючага аўтамабіля.

Пра тое, чаму гэта адбылося, распавёў жыхар Крупак Аляксандр, піша «Комсомольская правда в Беларуси».

- Мой айчым - славак. Прыехаў у Беларусь у жніўні. Як толькі абвясцілі аб тым, што ў краіне ўводзіцца сістэма платных дарог, мы набылі прыбор сістэмы BelToll. Айчым правёў у Беларусі паўгода. За гэты час яго некалькі разоў спынялі супрацоўнікі транспартнай інспекцыі - усё было ў норме. Рахунак рэгулярна папаўнялі, - распавядае Аляксандр. - Незадоўга да новага года, 29 снежня, мы ўсёй сям'ёй з'ехалі ва Украіну. На мяжы здалі прыбор. Бо планавалі паехаць на месяц – ці мала, страціцца, зламаецца, выкрадуць... Нам вярнулі рэшту з рахунку (каля 200 тысяч рублёў) і 20 еўра закладнога кошту.

На наступны дзень давялося вярнуцца ў Беларусь па працоўных пытаннях. Адразу пасля праходжання мяжы, каля шлагбаўма, нас спынілі супрацоўнікі транспартнай інспекцыі. Праверылі нумары і... выпісалі штраф у 2150 еўра! Маўляў за дарогу не заплачана. Плаціць мы не сталі. Па-першае, няма такіх грошай, а па-другое, не зразумела, за што? Машыну адвезлі на штрафстаянку за Брэстам, кожныя суткі якой абыходзіцца нам у 20 еўра.

Аказалася, што калі мы куплялі на запраўцы прыбор, дзяўчына, складаючы дамову, памылілася ў літарах нумары машыны. Замест літары S напісала C. Я не разумею, чаму гэтая памылка выявілася толькі праз паўгода? Нас жа столькі разоў правяралі!

На наступны дзень пасля таго, як машыну забралі на штрафстаянку, Аляксандр разам з айчымам накіравалі прэтэнзію аўстрыйскай кампаніі. Праз 15 дзён адтуль прыйшоў адказ на 30 старонках.

- Я вывучыў усе дакументы, але так і не зразумеў, у чым наша віна? - кажа Аляксандр. - Мы заплацілі штраф (2150 еўра). Яшчэ і штрафстаянка абышлася нам у 500 еўра. Цяпер рыхтуем дакументы і будзем падаваць у суд.

Афіцыйны каментар

- Я ведаю аб гэтай сітуацыі, - кажа начальнік упраўлення кантролю на платных дарогах Транспартнай інспекцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь Аляксандр Дашэвіч. - Хачу адразу ўдакладніць, што мы не праводзім нейкіх спецыяльных праверак. Кантроль выбарачны. Як фіксуецца парушэнне? Машына едзе па платнай дарозе, праязджае рамкі. Электронная сістэма счытвае з бартавой прылады грошы за праезд. Калі электронная сістэма кантролю лічыць транспартны сродак парушальнікам, праводзіцца дадатковая праверка - ужо ўручную аператарам сістэмы ЗТАА «Капш Тэлематыка Сэрвісіз». І толькі пасля гэтага інфармацыю атрымліваем мы. У гэтым выпадку бартавая прылада была, па сутнасці, зарэгістраваная на неіснуючы аўтамабіль. Таму з прылады спісваліся грошы за праезд, але на нумарны знак машыны фіксаваліся парушэнні. Так як паток парушальнікаў у пачатку ўводу сістэмы быў вельмі вялікі, мы правяралі парушэнні па інфармацыі з бартавой прылады, а там іх не было.

- Але ж па сутнасці чалавек не вінаваты ў тым, што нехта няправільна запісаў нумарны знак. Кіроўца афіцыйна набыў прыладу, заключыў дамову, уносіў грошы за праезд па платных дарогах...

- Прымае прэтэнзіі і разбіраецца ў спрэчных сітуацыях рабочая група, куды ўваходзяць прадстаўнікі ГУ «Белаўтастрада» (уладальнік сістэмы), ГУ «Транспартная інспекцыя» і аператара. Прэтэнзія разглядаецца на працягу 15 рабочых дзён (штраф парушальнік павінен аплаціць на працягу 30 дзён). Калі памылка прызнаецца, да нас прыходзіць афіцыйны ліст аб адмене парушэння. Нават, калі чалавек унёс грошы, мы яму іх вернем. За ўвесь час існавання сістэмы BelToll ужо адмененыя больш за 14 тысяч парушэнняў! Але аператар правярае усё да драбнюткіх дэталяў. Напрыклад, вы ўсталявалі бартавую прыладу (на лабавое шкло, - Рэд.), але не ўлічылі, што ў аўтамабілі металізаванае шкло, якое не прапускае сігнал з рамкі. У інструкцыі сказана, што пры праездзе праз рамку бартавая прылада павінна выдаваць адзін гукавы сігнал. Калі яго не было, па правілах, кіроўца абавязаны спыніцца, патэлефанаваць на інфалініі службы падтрымкі і звярнуцца ў бліжэйшы пункт выдачы бартавых прыладаў. Дык вось, правяраецца нават тое, ці тэлефанаваў чалавек з пытаннямі. Калі не, то памылку могуць прызнаць часткова ці не прызнаць зусім. У нашым выпадку памылка супрацоўніка, які рэгістраваў бартавую прыладу BelToll, відавочная. З іншага боку, славак падпісваў дамову і павінен быў яе ўважліва прачытаць.

- Ці вяртаюцца грошы за штрафстаянку ў выпадку прызнання памылкі? За 15 дзён, пакуль ідуць разборы, набягае прыстойная сума (па 20 еўра ў суткі).

- Не, грошы за штрафстаянку не вяртаюцца. У Транспартнай інспекцыі няма сваіх платных стаянак, і для захаванасці транспартных сродкаў мы часам выкарыстоўваем паслугі трэціх асоб. Але машына павінна быць затрыманая як гарант аплаты. Бо аддай карыстачу машыну, то ён проста з'едзе і не вернецца. Калі ідзе праца з беларускім парушальнікам, то з аўтамабілем наогул нічога не робяць. Ёсць адрас уласніка або ўладальніка, яму і прыходзіць акт парушэнні па пошце. Што тычыцца машын з замежнымі нумарамі, то яны, як правіла, у выпадку неўнясення платы ў павялічаным памеры на месцы, затрымліваюцца і блакуюцца на бясплатных стаянках, а ў рэдкіх выпадках эвакуююцца або суправаджаюцца на платныя ахоўныя стаянкі.

- У СМІ раз-пораз прасочваюцца навіны пра тое, што ім выпісваюць вялікія штрафы. Ці часта замежнікі блытаюцца з нашай сістэмай платных дарог?

- Гэты выпадак сапраўды не першы. Хтосьці, прыехаўшы ў Беларусь, не ведае аб сістэме нічога, а хтосьці спрабуе падмануць яе. Была гісторыя з дзяўчынай, грамадзянкай Літвы. Яна на аўтамабілі з літоўскімі нумарамі ездзіла з Бараўлянаў у Менск і назад кожны дзень на працягу двух месяцаў і не ведала пра ўвод сістэмы, што прывяло да агульнай сумы платы ў павялічаным памеры - 6400 еўра. Але гэта адзінкавыя выпадкі. У асноўным упаўнаважаныя службовыя асобы спыняюць транспартныя сродкі з адным ці двума парушэннямі.

Напісаць каментар 80

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках