20 красавiка 2024, Субота, 8:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Азараў падаў у адстаўку

75

Прэм'ер-міністр Мікалай Азараў падаў у адстаўку.

Пра гэта паведамляе РБК.

Адпаведную інфармацыю таксама распаўсюдзіў дэпутат Рады ад партыі «Батькивщина» Арсэн Авакаў.

Крыху пазней афіцыйная заява з'явілася на сайце Кабміна Украіны.

«Канфліктная сітуацыя, якая склалася ў дзяржаве, пагражае эканамічнаму і сацыяльнаму развіццю Украіны, нясе ў сабе пагрозу ўсяму ўкраінскаму грамадству і кожнаму грамадзяніну. Урад падчас супрацьстаяння рабіў усё для мірнага вырашэння канфлікту. Мы рабілі і робім усё, каб не дапусціць кровапраліцця, эскалацыі гвалту, парушэння правоў грамадзян. Урад забяспечваў функцыянаванне эканомікі і сістэмы сацыяльнай абароны ў экстрэмальных умовах.

Аднак, вастрыня і небяспека канфлікту для нашых грамадзян, для лёсу Украіны патрабуюць дадатковых адказных крокаў.

З мэтай стварыць дадатковыя магчымасці для грамадска-палітычнага кампрамісу, дзеля мірнага ўрэгулявання канфлікту, я прыняў асабістае рашэнне прасіць прэзідэнта Украіны прыняць маю адстаўку з пасады прэм'ер-міністра Украіны.

Усе гэтыя цяжкія гады я рабіў усё для таго, каб Украіна магла нармальна развівацца як дэмакратычная еўрапейская дзяржава. Я прымаў рашэнні і браў на сябе адказнасць у інтарэсах народа Украіны. І таму магу сумленна глядзець у вочы кожнаму грамадзяніну нашай дзяржавы, кожнаму суайчынніку.

Я ўдзячны за давер прэзідэнту Украіны. Я ўдзячны ўсім народным дэпутатам, якія ўсе гэтыя гады падтрымлівалі найскладанейшую працу Урада па мадэрнізацыі і рэфармаванні краіны.

Я ўдзячны ўсім грамадзянам Украіны, якія падтрымлівалі Урад і мяне асабіста, верылі і вераць у правільнасць палітычнага курсу, які мы праводзілі.

Сёння самае важнае - захаваць адзінства і цэласнасць Украіны. Гэта значна важней, чым чыесьці асабістыя планы або амбіцыі.

Менавіта таму я прыняў гэтае рашэнне», - працытаваў сайт Кабміна былога прэм'ер-міністра Украіны.

Паведамленне пра адстаўку ўрада з'явілася ў момант адкрыцця пасяджэння Вярхоўнай рады Украіны, на якім можа быць дасягнуты кампраміс паміж уладамі рэспублікі і апазіцыяй. Раней паведамлялася, што Партыя рэгіёнаў менавіта сёння можа пагадзіцца на адмену «драконаўскіх законаў».

Адстаўка Азарава была адным з асноўных патрабаванняў апазіцыі, якая пастаянна крытыкавала прэм'ера за прарасейскую пазіцыю.

Адстаўка прэм'ера па ўкраінскаму заканадаўству аўтаматычна азначае адстаўку ўсяго кабінета міністраў. Пакуль незразумела, хто ўзначаліць новы ўрад. Некалькі дзён таму пасаду прэм'ера прэзідэнт Віктар Януковіч прапанаваў апазіцыянеру Арсенію Яцанюку, аднак прыхільнікі Еўрамайдана ўзначальваць кабінет ва ўмовах нявырашаных эканамічных праблем не захацелі.

Ураджэнец Калугі Мікалай Азараў узначальваў урад Украіны з 2010 года, змяніўшы на гэтай пасадзе Юлію Цімашэнка. Яго кабінет міністраў актыўна развіваў адносіны з Расеяй, але пры гэтым не раз заяўляў пра «еўрапейскі выбар» рэспублікі. Менавіта Азараў у лістападзе мінулага года абвясціў аб рашэнні прыпыніць падрыхтоўку да заключэння асацыяцыі паміж Украінай і Еўразвязам, што стала каталізатарам для пачатку хваляванняў.

Напісаць каментар 75

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках