20 красавiка 2024, Субота, 8:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навагодні сюрпрыз: Падатковы кодэкс паправілі заднім чыслом

78
Навагодні сюрпрыз: Падатковы кодэкс паправілі заднім чыслом

З бізнесам зноў ніхто не параіўся.

«Беларускія ўлады ў 2014 годзе працягнулі змяненне падатковага заканадаўства заднім чыслом», - канстатаваў у інтэрв'ю БелаПАН кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін.

Такім чынам ён пракаментаваў тую акалічнасць, што найважнейшыя папраўкі ў Падатковы кодэкс і іншыя нарматыўныя акты па пытаннях падаткаабкладання, а таксама закон аб рэспубліканскім бюджэце на 2014 год былі афіцыйна апублікаваныя толькі 2 студзеня, а ўступілі ў сілу днём раней.

«Важнейшыя падатковыя законы ўведзеныя ў сілу заднім чыслом. Прэзідэнт падпісаў указаныя законы 31 снежня і тым самым фактычна парушыў уласную дырэктыву №4, якая патрабуе загадзя паведамляць суб'ектам гаспадарання аб змяненні заканадаўства і публікаваць такія змены не пазней, чым за тры месяцы да ўступлення іх у сілу», - адзначыў эксперт.

Паводле яго слоў, нават беглы аналіз апублікаваных актаў паказвае, што яны ўносяць досыць сур'ёзныя змены ва ўмовы дзейнасці суб'ектаў гаспадарання: «Гаворка ідзе пра змяненне парадку выплаты падатку на прыбытак, змяненне ставак патэнтных пошлін, змяненне парадку дэкларавання ПДВ, і вядома ж увядзенне праславутага «транспартнага пабору» - пошліны за допуск да ўдзелу ў руху транспартных сродкаў», - нагадаў кіраўнік АМіСП.

Ён падкрэсліў, што гэтыя і іншыя змены патрабуюць сур'ёзнага вывучэння з боку кіраўнікоў і галоўных бухгалтараў суб'ектаў гаспадарання.

«Аднак дзяржава ў чарговы раз не прадаставіла ім такой магчымасці і па сумнай традыцыі змяніла падатковае заканадаўства заднім чыслом, - канстатаваў эксперт. - Не будзем наракаць чыноўнікам на тое, што яны ў чарговы раз не сталі ўзгадняць падатковыя змены з шырокімі пластамі дзелавой супольнасці. Але элементарная ветлівасць загадвае даць магчымасць бізнесу загадзя азнаёміцца з правіламі гульні і выпрацаваць сваю стратэгію».

«Без такой элементарнай умовы казаць пра цывілізаваныя ўмовы для бізнесу ў краіне не даводзіцца» - заявіў кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.

Напісаць каментар 78

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках