29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Народныя паўстанні не забываюцца

32
Андрэй Саннікаў: Народныя паўстанні не забываюцца

Палітычны крах рэжыму стаў фактам, перакананы лідар «Еўрапейскай Беларусі».

Былы намеснік міністра замежных спраў Беларусі, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, які паўтара года правёў у турме, дае ацэнку прычынам узмацнення рэпрэсій тры гады таму і параўноўвае сітуацыі ў Беларусі і Украіне. Інтэрв'ю з палітыкам было апублікавана 2 студзеня ў польскім выданні «Dziennik Gazeta Prawna».

- Тры гады таму, пасля выбараў 19 снежня 2010 года, незалежная Беларусь стала сведкай самых маштабных рэпрэсій. Такой рэакцыі ўладаў у той час мала хто чакаў, тым больш, што да гэтага адбылася пэўная лібералізацыя рэжыму. Чаму адбыўся разгон?

- Улады спужаліся. Я не пагаджуся са сцвярджэннем аб лібералізацыі. Нічога такога не было, хаця б па адной зразумелай прычыне: гібелі Алега Бябеніна (аднаго з кіраўнікоў кампаніі Саннікава - рэд.) Цяжка паверыць, што гэта было самагубства. Тым не менш, нам удалося пашырыць межы свабоды. Спачатку людзі баяліся, але пазней кожны пункт збору подпісаў станавіўся месцам правядзення невялікага мітынгу. Лукашэнка не чакаў такой актыўнасці народа. А калі ўвечары пасля выбараў убачыў запоўненую галоўную вуліцу Менска, спалохаўся яшчэ больш. І аддаў загад разганяць дэманстрацыю.

- Разгону не ўдалося пазбегнуць?

- Я стараўся пераконваць еўрапейскіх дыпламатаў, што ў такія моманты іх прысутнасць на месцы падзей абавязковая. У 2010 годзе яны гэтага не зрабілі, але зрабілі цяпер ва Украіне. І гэта дзейнічае, паколькі дазваляе людзям адчуць салідарнасць. У нашым выпадку ніхто не чакаў разгону першага дня пратэстаў. Лукашэнка гэтага раней не рабіў. А на другі дзень прыйшло б больш людзей, як гэта было цяпер на Майдане. Гэта дало б нам магчымасць вылучэння патрабаванняў і стварыла б ўмовы для перамоваў. Тым больш, што краіна была ў крызісе, што пацвердзіла дэвальвацыя рубля, якая адбылася праз тры месяцы.

- Маштаб рэпрэсій, які абрынуўся на дзеячаў апазіцыі пасля 19 снежня, адпудзіў многіх людзей ад удзелу ў палітычнай дзейнасці, шмат хто быў арыштаваны, былі вымушаныя эміграваць. Патэнцыял апазіцыі значна знізіўся.

- Не пагаджуся. Палітычны крах рэжыму 19 снежня стаў фактам. Калі я выйшаў на свабоду, то не мог спакойна хадзіць па вуліцы. Многія людзі падыходзілі, паціскалі руку, дзякавалі. Да гэтага на нас глядзелі як на свайго роду акцёраў: атрымаецца што-небудзь дасягнуць – папляскаюць у далоні, не атрымаецца - асвістаюць. А тое, што мы апынуліся ў турмах, дапамагло пашырыць салідарнасць. Апатыя ёсць, але ёсць і вопыт народнага паўстання. А паўстанні не забываюцца.

- Можа, гэта дапамагло ўзмацніць салідарнасць, але дакладна не дапамагло перамагчы страх.

- Наадварот. Людзі не баяліся пісаць лісты ў турмы. Я быў здзіўлены, як шмат падпісвалася сваім прозвішчам, хаця людзі ведалі, што гэтыя лісты праходзяць праз КДБ. Перамены павінны наступіць, а пытанне, калі яны адбудуцца, - не толькі да нас, але і да Еўропы.

- Еўропа на рэпрэсіі адрэагавала санкцыямі.

- Санкцыі павінны быць больш хуткімі і рашучымі. Лукашэнка не стрымаў слова, якое даў Еўропе. Ён у чарговы раз яе падмануў, даказаўшы, што не можа быць партнёрам.

- Санкцыі апынуліся паспяховымі?

- Маё вызваленне з турмы - вынік санкцый. Іх перасталі пашыраць, і саступкі скончыліся - Мікалай Статкевіч (экс-кандыдат у прэзідэнты-рэд.) сядзіць, Алесь Бяляцкі (лідар праваабарончай арганізацыі «Вясна» - рэд.) сядзіць. Трэба было працягваць уводзіць санкцыі.

- Калі б ЕЗ пасля вашага вызвалення ўзмацніў санкцыі, Лукашэнка мог бы зразумець, што раз так, то на чарговыя саступкі ён больш не пойдзе.

- Гэта не тая логіка. Ён разумее толькі мову сілы. Калі б узмацнілі санкцыі, Статкевіч быў бы ўжо на волі.

- Як улады адрэагуюць на тое, што адбываецца ва Украіне? Лукашэнка ўпершыню за апошнія гады пачаў спакойна гаварыць пра збліжэнне з ЕЗ. Вяртанне да палітыкі лавіравання?

- Не. Вы звярнулі ўвагу на словы Лукашэнкі, а я - на разгон пікету ў абарону літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Менску. Гэтыя дзеянні і адлюстроўваюць сапраўдны вобраз уладаў, а не хлусня Лукашэнкі, які хоча ад ЕЗ толькі грошай.

- Які сцэнарый вам здаецца больш рэальным: змена ўлады праз пратэсты або палацавы пераварот?

- Без пратэстаў не будзе змены ўлады. Паглядзіце, што адбываецца: беларуская Плошча 2010 года, пратэсты ў Расеі супраць фальсіфікацыі выбараў, украінскі Майдан. Цярпенне ў так званым славянскім трохвугольніку ўжо на мяжы. У выніку можна чакаць выбуху. У нас сітуацыя складаней, ва ўкраінцаў ёсць апазіцыя ў парламенце, незалежныя СМІ. У нас няма.

- На выбарах 2015 года павінен быць адзін кандыдат ад апазіцыі ці некалькі?

- Яшчэ рана для такіх заяў, можа, наогул будзе трэба байкатаваць выбары. Але мноства кандыдатаў складаней кантраляваць, а «адзіны» азначае поўны кантроль з боку КДБ.

- Аляксандра Мілінкевіча ў 2006 годзе таксама кантраляваў КДБ?

- Я не сцвярджаю, што ён быў агентам, але для мяне відавочна, што КДБ сапраўды ведаў усе яго планы. За адным кандыдатам прасцей сачыць, чым за дзевяццю, як у 2010 годзе.

Размаўляў Міхал Патоцкі, «Dziennik Gazeta Prawna» (пераклад charter97.org)

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках