20 красавiка 2024, Субота, 12:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы развіталіся з Генадзем Грушавым

7

Сотні людзей прыйшлі сёння ў Дом смутку ў Менску, каб развітацца з вядомым палітыкам і грамадскім дзеячам.

Шмат хто нёс кветкі і станавіліся перад труной на калені, піша «Народная воля».

Генадзь Грушавы памёр ва ўзросце 63 гадоў 28 студзеня.

Доўгія гады ён быў кіраўніком фонду «Дзецям Чарнобыля». За час сваёй працы арганізацыя аказала дапамогу больш, чым двум мільёнам беларусаў, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС.

Генадзь Грушавы нарадзіўся 24 ліпеня 1950 года ў Менску.

Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, філасофскі факультэт, кандыдат філасофскіх навук (1976). Тэма дысертацыі: «Аказіаналізм Н.Мальбранша». Доктар філасофскіх навук, прафесар Інстытута сучасных ведаў (Менск).

Адзін з арганізатараў і актыўных удзельнікаў Беларускага народнага фронту «Адраджэнне» (1988). Старшыня праўлення Беларускага дабрачыннага фонду «Дзецям Чарнобыля» (з 1989).

Дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, член фракцыі БНФ (1990-1995), дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13 склікання.

Старшыня Беларускай хрысціянска-дэмакратычнай партыі (з 1996). Каардынатар Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацый Беларусі (1997). Арганізатар моладзевага хрысціянска-сацыяльнага звяза, 71 групы самадапамогі, сеткі моладзевых сацыяльных цэнтраў «Майстэрня будучыні» ў розных рэгіёнах Беларусі (з 1997), сустаршыня грамадзянскага камітэта «Выбар - 2001» (з 2000). Сябра каардынацыйнай рады Міжнароднага бюро міру (Жэнева).

Быў судзімы як адзін з арганізатараў першага «Чарнобыльскага шляху» (30.09.1989). Каардынаваў працу першай Асамблеі чарнобыльскіх народаў (25 - 26. 11. 1989) у Менску. Узначалены ім фонд «Дзецям Чарнобыля» за час сваёй працы аказаў дапамогу больш чым 2 млн. жыхароў Беларусі, 160 тысяч дзяцей былі накіраваныя на рэабілітацыю і аздараўленне ў многія краіны свету.

З-за пагрозы арышту вымушаны быў знаходзіцца пад гуманітарным заступніцтвам у ФРГ (красавік 1997 - сакавік 1998).

Узнагароджаны штогадовай прэміяй Нарвежскага фонду Рафта за працу ў кірунку абароны правоў чалавека (1999).

Генадзь Грушавы з'яўляецца аўтарам больш за 200 работ па філасофіі і паліталогіі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках