28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Багданкевіч: Расейскага крэдыту не хопіць і на паўгода

39
Станіслаў Багданкевіч: Расейскага крэдыту не хопіць і на паўгода

Крэдыт, прадстаўлены Масквой, шкодны для беларускай эканомікі.

Пра гэта заявіў былы кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіч, каментуючы сітуацыю, у якой апынулася беларуская эканоміка ў новым 2014 годзе, піша eurobelarus.info.

- Валютная выручка Беларусі ў студзені-лістападзе 2013 года скарацілася на 6 млрд. 798,8 млн. даляраў у параўнанні з аналагічным перыядам 2012 года. Па якіх прычынах прыток валюты знізіўся амаль на 7 мільярдаў?

- Упаў экспарт нафтапрадуктаў, паколькі ў чацвёртым квартале Расея скараціла пастаўкі нафты ў Беларусь. Другі важнейшы паказчык - экспарт калійных угнаенняў, які з-за калійнай вайны істотна знізіўся. На дзве названыя крыніцы прыйшлося парадку 6 мільярдаў страт.

Астатнія страты - па дробязях: правалілі ўсе паказчыкі па машынабудаванні, істотна звузіўся расейскі рынак для беларускай прадукцыі. Толькі малако і масла добра ішлі ў Расею, то ёсць прадукты сельскагаспадарчай вытворчасці.

- Наколькі моцны ўдар па беларускай эканоміцы нанеслі валютныя страты?

- Частку страт мы пакрылі знешнімі пазыкамі - выраслі даўгі дзяржавы. На 1 кастрычніка валавы доўг Беларусі дасягнуў 37 мільярдаў даляраў.

Другі крытэрый - пагоршылася эканамічная сітуацыя ў цэлым: упала рэнтабельнасць, сума страт вырасла ў два разы, - пагаршэнне адбываецца па ўсіх напрамках. Мы жывем, таму што банкі працягвалі друкаваць грошы. Знешняя запазычанасць банкаў перавысіла ўсе паказчыкі, таму Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС і не перавёў апошнія 440 мільёнаў даляраў. Банкі перавысілі ўсе паказчыкі па ўнутраным крэдытаванні эканомікі, даўгі павялічыліся на 20%.

Інфляцыя развівалася галапуючымі тэмпамі.

- Пуцін зрабіў навагодні падарунак Лукашэнку ў выглядзе 2 мільярдаў даляраў, чым выратаваў беларускі рубель ад скону. Але пакуль што Лукашэнка прывёз з Масквы толькі 450 мільёнаў даляраў. Ці надоўга хопіць гэтай сумы для падтрымання штаноў?

- Думаю, не хопіць і на паўгоддзе. Але ж урад плануе прадаваць уласнасць: Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, Менскі завод колавых цягачоў, МТС (ужо не за мільярд даляраў, а за 800 мільёнаў).

Трэба мець на ўвазе, што паступаюць крэдыты і на будаўніцтва Беларускай АЭС (расейскі ўрад вылучыў 500 мільёнаў даляраў перад новым годам) - часткова крэдыты будуць выкарыстаныя ўнутры краіны.

У цэлым - усё дрэнна. Па тавараабароце за 2013 год мы сышлі ў мінус на 5 мільярдаў даляраў.

- Наколькі выгадны для Беларусі 2-мільярдны расейскі крэдыт? Калі раней Масква давала крэдыты на дзесяцігоддзі, але зараз дзяржаве давядзецца вяртаць грошы ўжо ў 2017 годзе.

- Ён не выгадны ў тым плане, што забяспечвае статус-кво. Гэты крэдыт шкодны для краіны з пункту гледжання прафесіянала, паколькі дазваляе захоўваць неэфектыўную мадэль эканомікі, а не праводзіць рэформы.

Беларусі патрэбная праграма стварэння нацыянальнай эканомікі, каб на патрэбы эканомікі трацілася не менш за 50% нацыянальнага прадукту. Цяпер 30% нацыянальнага прадукту ідзе на эканоміку, а 70% траціцца на імпарт.

Мы не развіваем малы і сярэдні бізнес - палова эканомікі стваралася б у гэтай сферы. У нас цяпер у гэтай сферы ствараецца 20-30% эканомікі, у той час як у Еўропе - 50-60%.

Эканоміка не дыверсіфікаваная. Экспарт беларускіх тавараў у Расею даходзіць да 90%. А ўсё таму, што ў краіне пануе старое мысленне, краінай кіруе старая каманда маіх калег. Трэба пусціць свежую кроў у кіраўніцтва краіны, абласцей, у дырэктарат.

Знізілася эфектыўнасць эканомікі, сумы страт выраслі, прыбытак зваліўся да 60% (за трэці квартал у параўнанні з 2012 годам). Нам дапамагаюць сядзець на наркатычнай іголцы расейскага рынку.

- Для прадухілення абвалу рубля па ўзору 2011 года краіне ў гэтым годзе патрэбныя 11 мільярдаў даляраў. Ці атрымаецца ва ўладаў адшукаць такую немаленькую суму?

-11 мільярдаў - сума для ўсёй эканомікі краіны. Я не бачу ў тым праблемы.

Некалькі буйных беларускіх банкаў перададзеныя ва ўласнасць расейскіх банкаў, ёсць еўрабонды, або даўгавыя абавязацельствы Мінфіна. Даўгі ўрада складаюць менш за 4 мільярда даляраў - трэба думаць, як аддаваць гэтыя даўгі. Усё астатняе - праблема фабрык і заводаў.

Праблема ў тым, што падае эфектыўнасць эканомікі, а мы прадаем стратэгічныя актывы, каб іх праесці. ВУП вырас на 1%, а калі палічыць - трымаецца на нулі. Рост прамысловасці складае мінус 5%, сельскай гаспадаркі - мінус 3%.

А запазычанасць, увогуле, цярпімая. Тым больш, Расея нас любіць. Расея выбудоўвае новую імперыю, таму будзе пастаўляць і танны газ, і нафту, і крэдыты будзе даваць - нікуды не дзенецца.

- А якія перспектывы на 2014 год у беларускага рубля?

- Дэвальвацыя патрэбная ў імя знешняга гандлю - каб ажывіць экспарт, рост ВУП. Для ажыўлення эканомікі трэба, каб яе рубель абясцэніўся. Дэвальвацыя крыху больш за 10% - цалкам нармальны паказчык. Думаю, да канца 2014 года даляр павінен каштаваць 11 тысяч рублёў, максімум - 15 тысяч рублёў.

Пры гэтым валюты хопіць на падтрыманне курсу рубля. Расея дае валюту, яшчэ 1 мільярд дасць на будаўніцтва АЭС, які можна часткова выдаткаваць на іншыя патрэбы. Крэдыты даюць Ашчадбанк, Знешэканомбанк. Я размаўляў з Калаурам (старшыня праўлення ААТ «Банк БелВЭБ») - расейскія банкі гатовыя крэдытаваць годныя праекты. Бяда, што годных праектаў практычна і няма.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках