16 красавiка 2024, aўторак, 16:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы прабіліся ў першую сямёрку на «Дакары»

16
Беларусы прабіліся ў першую сямёрку на «Дакары»

Экіпаж пад кіраваннем Сяргея Вязовіча на трэцім этапе марафону заняў 7 месца, апярэдзіўшы больш за 50 грузавікоў.

Пра гэта паведамілі прадстаўнікі каманды «МАЗ-СПОРТаўта», якая бярэ ўдзел ў сусветна вядомым ралі-рэйдзе, піша «Телеграф».

Спецучастак працягласцю 301 км скарыўся беларусам прыкладна за 3 гадзіны 32 хвіліны. Лідару заезду - пілоту расейскай каманды «КАМАЗ-Майстар» Андрэю Каргінаву - экіпаж «МАЗ-СПОРТаўта» саступіў усяго 10 хвілін 44 секунды. Ззаду беларускага грузавіка (на 12-м месцы) фінішаваў леташні чэмпіён ралі-рэйду – расеец Эдуард Нікалаеў.

Грузавік, якім кіруе Аляксандр Васілеўскі, фінішаваў на 47-м месцы. На заліковы ўчастак ён выдаткаваў больш 6 гадзін 49 хвілін.

У гэты раз гоншчыкам прыйшлося пераадолець складаны горны ўчастак у Андах паміж гарадамі Сан-Рафаэль і Сан-Хуан. Грузавікі падымаліся на вяршыні, размешчаныя на вышыні звыш 3 тыс. метраў над узроўнем мора.

Паспяховым для беларускіх экіпажаў выдаўся і другі этап марафону. На ім грузавік МАЗ пад кіраваннем Сяргея Вязовіча прыйшоў да фінішу 9-ым па ліку. Маршрут пераадолелі без малога за 4 гадзіны 30 хвілін. Прычым арганізатары спачатку выпісалі беларусам 10- хвілінны штраф, зрушыўшы іх тым самым на 12-ю пазіцыю, але неўзабаве адмянілі рашэнне. Дарэчы, на першай кантрольнай кропцы экіпаж лідыраваў у заездзе.

Экіпаж пад кіраўніцтвам Аляксандра Васілеўскага завяршыў другі этап на 22-й пазіцыі. На пераадоленне маршруту яму спатрэбілася 5 гадзін 18 хвілін. «Хуткая тэхнічка» фінішавала на 39-м месцы (яе час - 6 гадзін 35 хвілін).

Падчас гонкі беларусы апрабавалі спартыўныя грузавікі, сабраныя з лёгкіх кампазітных матэрыялаў. Канструктарам атрымалася паменшыць вагу і павялічыць магутнасць аўтамабіляў. Асаблівую ўвагу надалі сродкам сувязі. Усе члены экіпажаў узялі на гонку мабільныя тэлефоны: бясплатную мабільную сувязь ім забяспечвае аператар velcom. Да таго ж гоншчыкі атрымалі ад арганізатараў «Дакара» спадарожнікавыя тэлефоны, якія, праўда, могуць быць бескарыснымі ў выпадку, калі гарызонт закрываюць горы.

Каманда «МАЗ-СПОРТаўта» ўжо ў трэці раз удзельнічае ў «Дакары». Яе ўладальнікам выступае ААТ «МАЗ», тэхнічным партнёрам - ЗП «Вэлком». Адзін з лепшых сваіх вынікаў беларуская каманда паказала на расейскім ралі «Шаўковы шлях-2013». Экіпаж пад кіраваннем Сяргея Вязовіча ў ліпені мінулага года заняў па выніках гонкі трэцяе месца.

«Дакар-2014» стаў самым доўгім пасля пераезду ралі-рэйду ў Паўднёвую Амерыку. Яго маршрут пралягае па тэрыторыях трох краін: Аргенціны, Балівіі і Чылі. Падчас марафону грузавікам трэба праехаць 9188 км, пазадарожнікам - 9374 км, матацыклам і квадрацыклам - 8734 км. Усяго ў гонцы ўдзельнічаюць 174 матацыкла, 40 квадрацыклаў, 147 пазадарожнікаў і 70 грузавых аўтамабіляў. Завершыцца ралі 18 студзеня ў чылійскім горадзе Вальпараіса.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках