20 красавiка 2024, Субота, 13:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барыс Жэліба: Экзатычныя падаткі не выратуюць эканоміку

18
Барыс Жэліба: Экзатычныя падаткі не выратуюць эканоміку

Павышэнне коштаў і ўвядзенне новых падаткаў не вырашыць структурных праблем эканомікі Беларусі.

Такім чынам доктар эканамічных навук, прафесар Барыс Жэліба, пракаментаваў сайту charter97.org павышэнне коштаў на шэраг тавараў і ўвядзенне новых падаткаў у 2014 годзе.

«Гэта наступствы той эканамічнай палітыкі, якую праводзяць улады ў апошнія гады, і наступствы таго, што беларуская эканоміка не ў стане працаваць без знешніх крэдытаў. Але і тых, якія мы атрымліваем, ужо недастаткова, і гэта, вядома, адбіваецца на бюджэце. Стала відаць, што з тымі падаткамі і прагнозамі, якія былі, канцы з канцамі не звесці. Таму ўлады пачалі шукаць новыя крыніцы папаўнення бюджэту, і была знойдзеная галоўная крыніца - даходы насельніцтва, гэта значыць нашы з вамі кішэні. Таму большасць павышэнняў коштаў і экзатычныя падаткі будуць аплачвацца таксама з нашай кішэні. Гэта ўсё больш выразны курс, які будзе працягвацца. Таму што дзяржава адной рукой павялічвае зарплату, а другой забірае ў нас гэтыя рэальныя даходы пошлінамі, падаткамі і гэтак далей. Гэта лішні раз сведчыць пра тое, што беларуская эканамічная мадэль сябе зжыла і па сутнасці збанкрутавала, але ні ўрад, ні Лукашэнка не хочуць мяняць яе прыроду, рэфармаваць і пераводзіць яе на рынкавыя рэйкі», - падкрэсліў эканаміст.

Эксперт упэўнены, што павышэнне коштаў і ўвядзенне новых падаткаў не вырашыць структурных праблем беларускай эканомікі, а толькі дасць перадышку існуючай уладзе.

«Я не першы раз кажу, беларускія ўлады жывуць па прынцыпе: дзень прастаяць, ды ноч пратрымацца. Гэтыя два мільярда ад Расеі дазволяць пазбегнуць абвальнай дэвальвацыі рубля, як мінімум, у першай палове года і дацягнуць гэты год больш ці менш. А далей - надзея на тое, што Расея з 1 студзеня 2015 года дазволіць Беларусі пакідаць у бюджэце экспартныя пошліны ад нафтапрадуктаў з расейскай нафты. Надзея толькі на гэта, а ў лепшым выпадку гэта да 4 мільярдаў даляраў. Гэта, можа, неяк павысіць народу зарплату і дазволіць працягнуць далей да выбараў. І так і будзе цягнуцца год сурка. Беларуская эканоміка - ужо даўно прыдатак расейскай эканомікі і існаваць без яе дапамогі не ў стане. Беларускія ўлады ніколі не дазволяць сабе рынкавых рэформаў і будуць і далей існаваць у такім рэжыме: атрымаць штосьці ад Расеі і пераабрацца на наступныя пяць гадоў. Так мы і будзем жыць без істотнага прагрэсу, нажаль. Я не бачу тут, як кажуць, святла ў канцы тунэлю і перспектыў», - падсумаваў Барыс Жэліба.

Нагадаем, з 1 студзеня 2014 года ў Беларусі былі ўведзеныя новыя падаткі і істотна павышаныя кошты на шэраг тавараў.

Фота: «Радыё Свабода»

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках