25 красавiка 2024, Чацвер, 9:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

15 гадоў таму ў Менску прайшоў Марш Свабоды

13

17 кастрычніка спаўняецца 15 гадоў адной з самых масавых і значных акцый беларускай апазіцыі.

«Марш Свабоды» ўвайшоў у гісторыю і адкрыў новую старонку беларускага Супраціву. Для таго, каб ацаніць значэнне акцыі, як і кожнай гістарычнай падзеі, трэба ўлічыць, у якіх умовах ён праходзіў.

1999 год стаў годам выкраданняў і забойстваў лідэраў дэмакратычнай апазіцыі Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага. У сакавіку 1999 году пры загадкавых абставінах памёр наймацнейшы палітык і самы папулярны апанент Лукашэнкі Генадзь Карпенка. У турмах знаходзяцца дэпутаты Вярхоўнага Савета 13-га склікання Андрэй Клімаў, Уладзімір Кудзінаў, мастак Алесь Пушкін ды іншыя бачныя апазіцыянеры. Узмацняецца ціск на незалежныя СМІ. Узмацненне ціску адбываецца ва ўсіх накірунках. Актывізуецца і ўмацоўваецца РНЕ. Пры папушчальніцтве і падтрымцы ўлады неафашысты ўчыняюць напады на дэмакратаў. Некаторыя аддзяленні міліцыі пачынаюць супольназ «рнешнікамі» патруляванне вуліц.

21 ліпеня 1999 года мінае пяцігадовы тэрмін кіравання, на які абраны Лукашэнка. Далейшае яго знаходжанне ва ўладзе незаконнае. Але спроба апазіцыі правесці альтэрнатыўныя выбары прэзідэнта скончылася няўдачай.

Здаецца, што нішто не зможа спыніць наступную фізічную ліквідацыю апанентаў рэжыму паводле сцэнару лацінаамерыканскіх «эскадронаў смерці». Палітычная апазіцыя раз'яднаная і запалоханая, дэмакратычныя актывісты не вераць у свае сілы...

У гэтай сітуацыі выхад на вуліцы Менска дзесяткаў тысяч людзей стаў поўнай нечаканасцю для многіх. Большасць пратэстоўцаў - моладзь. Удзельнікі «Маршу Свабоды» разгортваюць 30-метровыя бел-чырвона-белы сцяг і сцяг Еўрапейскага Звязу. Лозунгі Марша - «Свабоду палітвязням!», «Не дыктатуры!», «Беларусь у Еўропу!». Шматтысячная калона прайшла па вуліцах горада, выкрыўшы міф пра слабасць апазіцыі.

Акцыя закончылася сутыкненнямі пратэстоўцаў з АМАПам. Дзесяткі ўдзельнікаў былі арыштаваныя, супраць арганізатараў распачатая крымінальная справа. Еўрапейскі Звяз, АБСЕ, і цэлы шэраг заходніх краін асудзілі ўжыванне сілы супраць мірных дэманстрантаў і заявілі, што сутыкненні справакавалі менскія ўлады і кіраўніцтва МУС.

«Марш Свабоды» паказаў усяму свету, што ў Беларусі жыве народ, які аддае перавагу еўрапейскаму дэмакратычнаму шляху развіцця перад сярэднявечнай дыктатурай і варварствам.

«Марш Свабоды» вярнуў многім надзею і паказаў, што барацьба доўжыцца.

Беларусы прадэманстравалі рэжыму, што іх не атрымалася запалохаць, што яны не будуць спакойна назіраць за злачыннымі дзеяннямі «эскадронаў смерці». Такім чынам, былі спыненыя палітычныя выкраданні і забойствы.

Моладзь, што ўпершыню прыйшла на «Марш Свабоды» ці была яго сведкам, стала новым пакаленнем беларускіх дэмакратаў. Людзьмі, якія ведаюць кошт свабоды і гатовыя за яе змагацца, людзьмі, якія незалежна ад абставінаў, ніколі не стануць рабамі.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках