19 сакавiка 2024, aўторак, 9:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дыктатар: Не трэба мяне напружваць што да Крыму

99
Дыктатар: Не трэба мяне напружваць што да Крыму

Прэс-канферэнцыя Лукашэнкі для расейскіх СМІ доўжылася амаль шэсць гадзін.

Больш за сто журналістаў з 50 суб'ектаў Расейскай Федэрацыі амаль увесь тыдзень правялі ў Віцебскай вобласці, на прыкладзе якой знаёміліся з сацыяльна-эканамічным развіццём Беларусі. Сёння з імі сустрэўся Лукашэнка. Цэнтральнай тэмай прэс-канферэнцыі стала сітуацыя ва Украіне.

Пра Украіну

«Наша пазіцыя такая: баявыя дзеянні ва Украіне павінны быць спыненыя. Дачыненні з Украінай і так ускладненыя да немагчымага», - заявіў Лукашэнка ў пятніцу на прэс-канферэнцыі для расейскіх рэгіянальных СМІ, піша «Інтэрфакс».

Ён падкрэсліў, што «мір ва Украіне можа быць адноўлены толькі шляхам перамоваў, пераможцаў у гэтай вайне быць не можа».

Лукашэнка таксама мяркуе, што неабходна тэрмінова заняцца аднаўленнем ва Украіне гарадоў і вёсак. «Ужо тысячы бежанцаў прыехалі з Украіны ў Беларусь і Расею. Мы павінны ім па-братэрску, па-чалавечы дапамагчы», - сказаў беларускі дыктатар.

«Мы ведаем, хто праводзіць тую стратэгію ўстойлівага хаосу, якая цяпер ёсць у свеце. Убіць клін у дачыненнях паміж нашымі краінамі спрабуюць звонку, - дадаў ён. - Не ўсе ў Расеі разумеюць маю асабістую і пазіцыю Беларусі што да Украіны. Мне вельмі важна расставіць акцэнты, каб расейцы разумелі маю пазіцыю. Ці гуляецца Лукашэнкі з Захадам і Усходам, ці не?

Я заўсёды знаходзіў агульную мову з тымі палітыкамі, якія знаходзіліся ва ўладзе ва Украіне. Не толькі з Кучмам і Януковічам, але і з Юшчанкам, Цімашэнкай, Турчынавым, у тым ліку з Парашэнкам. Хоць выказваўся і крытычна аб кіраўніцтве Украіны. Яны ніколі не крыўдзіліся на мяне. Мая крытыка не была злоснай. Я і цяпер падтрымліваю добрыя стасункі з украінцамі. Скажыце, гэта што, у шкоду Беларусі і Расеі?

Тое, што я размаўляю з украінскімі кіраўнікамі. Нават з Ляшко, які нібыта рэакцыйны ў дачыненні да Расеі. Ён сам падышоў у Радзе, паціснуў мне руку, прадставіўся. Украінцы заўсёды бунтавалі, асабліва перад парламенцкімі выбарамі. У нас зусім інакш, іншая арганізацыя выбараў. Я буду і далей працягваць стасункі з гэтымі людзьмі.

Другі момант. У Расеі прайшоў антыканстытуцыйны пераварот ... Ой, ва Украіне прайшоў антыканстытуцыйны пераварот. Хто вінаваты? Прэзідэнт Украіны - спадар Віктар Януковіч. Ён вінаваты, толькі ён», - заявіў Лукашэнка.

Пра ЕАЭС

Лукашэнка ўважаен за «выключна важнае» выкананне ўсіх дамоўленасцей, дасягнутых у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза. «Інакш мы не толькі можам страціць давер у рамках нашага саюза, але і прыкметна знізіць яго прывабнасць у вачах кандыдатаў на ўваходжанне ў ЕАЭС. Шчыра кажучы, вельмі б гэтага не хацелася», - падкрэсліў ён.

На думку Лукашэнкі, «сапраўды ўнікальным інтэграцыйным утварэннем на постсавецкай прасторы» з'яўляецца «саюзная дзяржава» Беларусі і Расеі, якая «дазваляе забяспечыць роўнасць сацыяльных правоў грамадзян дзвюх краін».

«З партнёрамі па еўразійскай інтэграцыі - Расеяй і Казахстанам - мы хоць і зрабілі каласальны крок наперад, але ўсё яшчэ застаемся ў пачатку вялікага шляху», - адзначыў ён.

З ягоных слоў, «шэраг адчувальных пытанняў ва ўзаемным гандлі аднесены на перспектыву або разглядзе на ўзроўні двухбаковых дачыненняў з Расеяй». «Перш за ўсё гэта датычыцца энэргетычных рэсурсаў і руху капіталу», - дадаў Лукашэнка.

«Калісьці частка Смаленскай вобласці была Беларуссю»

Дыктатар падкрэсліў, што ўважае за абсурд развагі некаторых палітыкаў аб тым, што праз пазіцыі кіраўніка дзяржавы што да Крыму Беларусь можа страціць частку сваёй тэрыторыі. «Вы не думайце, што я тут чаго-небудзь баюся, як мяне палохае наша апазіцыя, што сёння Украіна, а заўтра Беларусь. Гэты варыянт нават не абмяркоўваецца ў палітычнай плашчыні. Я нават не дапускаю думкі аб тым, што Расея можа забраць частку тэрыторыі Беларусі», - падкрэсліў Лукашэнка.

«Мы таксама можам згадаць, што калісьці частка Смаленскай, Бранскай або Пскоўскай абласцей былі Беларуссю, але гэта не значыць, што мы будзем на іх прэтэндаваць», - сказаў дыктатар.

«Самі вінаватыя»

Лукашэнка ўзгадаў размову з украінскімі журналістамі, якая адбылася ў яго пасля інаўгурацыі новага прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі.

«Я ім сказаў: маўляў, хлопцы, вы што, думаеце, што Крым - ваш? Чаму ж вы тады не ваявалі за гэты Крым? Чаму вы яго аддалі Расеі без адзінага стрэлу? Значыць, вы не думаеце, што гэта ваша тэрыторыя? Навошта вы накіравалі вастрыё сваёй рэвалюцыі супраць нашых людзей - расейцаў і беларусаў рускамоўных? Навошта вы пачалі забараняць мову, што, больш не было праблем? Вы што, хацелі размясціць у Крыме падраздзяленні NАТО?" - Сказаў Лукашэнка.

«Шукайце прычыны не ў Расеі, а ў сябе. Вы [Украіна] як мінімум далі нагоду для таго, каб Расея далучыла Крым да РФ. Вы ў гэтым вінаватыя, а не Расея», - дадаў Лукашэнка.

Але, мяркуе ён, няправільна лічыць, што «Хрушчоў незразумела як у свой час аддаў Крым Украіне, і цяпер яго трэба забраць», піша БелаПАН.

«Нават калі б было і так, то ў 1994 годзе на маіх вачах была дадзеная гарантыя [цэласнасці] у рамках тых існуючых межаў. Таму недапушчальна, калі нейкая дзяржава парушае тую тэрытарыяльную цэласнасць, якая была гарантаваная, адымае частку тэрыторый той ці іншай дзяржавы», - падкрэсліў Лукашэнка.

Адказваючы на рэпліку журналіста аб тым, што Беларусь хутка не зможа выступаць пасярэднікам у развязанні ўкраінскага крызісу, паколькі ёй давядзецца дэ-юрэ прызнаць далучэнне Крыму, Лукашэнка заявіў: «Вы самі і адказалі на пытанне. Вы мяне не вельмі напружвайце што да Крыму і будзе вам пасярэднік. Не трэба мяне дзяўбаць што да Крыму як што да Абхазіі».

Ён растлумачыў, што ў выпадку прызнання Абхазіі, Захад і ЗША былі гатовыя ўвесці санкцыі супраць Беларусі, і Расея не была гатовая абараніць Беларусь у гэтым пытанні. «Калі мы вам патрэбныя ў такім статусе (пасярэдніка), не трэба напружваць па дробязях», - паўтарыў Лукашэнка.

Ён таксама сказаў, што многія расейскія бізнэсоўцы нават баяцца згадваць слова «Крым».

«Януковіч фундаваў «Правы сектар»

«Віктар Фёдаравіч са сваімі паплечнікамі фундаваў «Правы сектар», бо ён нібыта супраць Юліі быў бы, - сказаў Лукашэнка. - Страта ўсялякіх арыенціраў... І вось ён стварыў для сябе гэтую сілу, якая яго потым і знішчыла. Вось як было ва Украіне, гэта было на маіх вачах. Я папярэджваў Віктара Фёдаравіча, што гэтага рабіць нельга, што гэта будзе».

Пры гэтым, адзначыў Лукашэнка, пры Януковічы ва Украіне была створаная «такая сістэма пабораў, хабараў, карупцыі, якая проста была нясцерпнай». «Страчаная была кіравальнасць, палітыкі пачалі біцца адзін з адным», - сказаў ён.

Са слоў Лукашэнкі, ён папярэджваў кіраўніцтва Расеі аб працэсах ва Украіне. «І калі крэдыт Украіне вылучалі, я казаў, што, вядома, трэба дапамагаць Украіне, што нельга трымаць такую цану на газ, - сказаў Лукашэнка. - Ужо тады пры Януковічы ўладамі была выкарыстаная, была створаная страшная антыруская, антырасейская пазіцыя ўнутры краіны. Там большасць ужо праз высокія кошты на газ ненавідзелі расейцаў і прэзідэнта. І на ўсходзе такія настроі былі. І гэта стварала ўлада», - падкрэсліў Лукашэнка.

Ён заклікаў расейскіх журналістаў не верыць у тое, што на захадзе Украіны - гэта «фашысты і нацысты, а на ўсходзе - нашы». «Усюды нармальныя людзі, але ў сям'і не без вырадка і там, і там», - дадаў Лукашэнка.

«Ёсць людзі, якім дасі грошы - і ім усё роўна, за каго ваяваць», - сказаў ён, дадаўшы, што ў канфлікце на паўднёвым усходзе Украіны з абодвух бакоў удзельнічаюць у тым ліку і беларусы з расейцамі.

«Расейскае войска нам дапаможа»

«У нас адзіная абаронная прастора. У нас, калі хочаце, адзінае войска, аснову якога на нашым кірунку складае беларускае войска», - адзначыў Лукашэнка.

З ягоных слоў, у выпадку ваеннага канфлікту ў Беларусі часткі Маскоўскай вайсковай акругі, па планах міністэрстваў абароны Расеі і Беларусі, неадкладна падключаюцца да «гэтай бойні, гэтай вайны».

«Не дай бог, адбудзецца сутыкненне ў Беларусі, калі гэта, не дай бог, NАТO дазволіць гэта сабе, наша войска пачынае баявыя дзеянні. І, пры гэтым, у нас распісана, якія часткі з Расеі падключаюцца да канфлікту», - паведаміў Лукашэнка.

Пра «беларускія» крэветкі ў Расеі

Лукашэнка патлумачыў, адкуль у Расеі з'яўляюцца ў продажы беларускія крэветкі.

Са слоў Лукашэнкі, пасля ўвядзення Расеяй эмбарга на пастаўкі прадуктаў з краін Еўразвязу, Нарвегіі і ЗША, ён бачыў паведамленні ў сацыяльных сетках, што ў расейскіх крамах прадаюцца беларускія крэветкі, і інсінуацыі пра тое, што пад выглядам беларускай у Расеі прадаецца забароненая да ўвозу прадукцыя .

«Так ужо 15 гадоў беларускія крэветкі ў Расеі прадаюцца», - заявіў Лукашэнка на прэс-канферэнцыі для расейскіх рэгіянальных СМІ.

Яшчэ ў 1990-я гады беларускі бізнэсовец Міхаіл Машэнскі стварыў прадпрыемства «Санта Імпэкс Брэст», у склад якога ўваходзіць прадпрыемства «Санта-Брэмар», якое займаецца перапрацоўкай рыбы і морапрадуктаў, патлумачыў Лукашэнка.

«Цяпер ягоны сын гэтым займаецца. Закупляў па ўсім свеце рыбу, перапрацоўваў, - распавёў Лукашэнка. - Купіў ў Расеі кампанію «Рускае мора» і ва ўсёй Расеі пастаўляў праз гэтыя сеткі прадукцыю. І цяпер гэта таксама робіць. Дадаткова ён нічога не перапрацоўвае ў сувязі з эмбарга на нарвежскую рыбу, бо ў яго проста не хапае магутнасцяў».

Лукашэнка таксама падкрэсліў, што рост коштаў на беларускія прадукты харчавання ў Расеі адбываецца не па віне Беларусі. «У нас на 5-8% цана вырасла, а ў вас на 30-50%. Але гэта з вашай прычыны, таму не трэба блакаваць пастаўкі прадуктаў харчавання», - сказаў ён.

Беларусь, заўважыў Лукашэнка, пастаўляе прадукты харчавання аптавікам, якія потым перапрадаюць яго для гандлёвых сетак, дзе цэны і падвышаюцца.

Дыктатар таксама падкрэсліў, што паміж Беларуссю і Расеяй да гэтага часу існуюць балансы ў пастаўках прадуктаў, якія рэгулююць, колькі і якой прадукцыі можа быць пастаўлена.

«Вашы лабісты баяцца, што калі мы паставім больш, то кошты ўпадуць. Вашы прыватнікі хочуць кішэню хутчэй набіць. Хай канкуруюць з беларусамі. Прапаную не стрымліваць пастаўкі беларускіх тавараў на расейскі рынак», - заявіў Лукашэнка.

«Рэферэндум як у Беларусі»

Дыктатар прапаноўваў другому прэзідэнту Украіны памяняць Канстытуцыю яго краіны па прыкладзе Беларусі, але той адмовіўся.

Пра гэта Лукашэнка паведаміў 17 кастрычніка на прэс-канферэнцыі для журналістаў расейскіх рэгіянальных СМІ ў Менску, піша БелаПАН.

«Моцная ўлада ва Украіне неабходная. Патрэбная прэзідэнцкая ўлада з моцнымі, наколькі гэта магчыма, паўнамоцтвамі прэзідэнта», - мяркуе Лукашэнка.

Ён нагадаў, што, калі ў 1994 годзе прыйшоў да ўлады, паўнамоцтвы прэзідэнта ў краіне былі абмежаваныя, «хто заўгодна мог прэзідэнтам маніпуляваць». Са слоў Лукашэнкі, пасля «рэферэндуму» 1996 года, на якім большасць грамадзян нібыта прагаласавалі за змену Канстытуцыі краіны, ён прымусіў Вярхоўны савет ратыфікаваць дакумент. «Я Вярхоўнаму савету сказаў: «Калі не ратыфікуеце, я вас разганю імем народа», - распавёў ён.

Беларуская старана, са слоў Лукашэнкі, прапаноўвала Кучме дапамогу ў падрыхтоўцы новай Канстытуцыі. «Большасць украінцаў падтрымалі гэтую Канстытуцыю, яе трэба было ратыфікаваць у Вярхоўнай радзе. Але Кучма гэтага не зрабіў, патлумачыўшы тым, што рада яго не падтрымае», - сказаў Лукашэнка. «Вось адтуль і пайшло, што нізы жылі па-свойму, Вярхоўная рада - па-свойму, а прэзідэнт - па-свойму», - мяркуе беларускі правадыр.

У расейскай каўбасе - соя і туалетная папера

Лукашэнка мяркуе, што расейскія прадукты харчавання значна саступаюць у якасці беларускім.

«Вам (расейцам) далёка да нашай прадукцыі з адной толькі прычыны: калі Саюз разваліўся, вы перайшлі на тэхнічныя ўмовы (ТУ), панізіўшы ўзровень патрабаванняў да прадуктаў харчавання, а мы захавалі, дзякуючы Лукашэнку, дзяржаўныя стандарты», - заявіў дыктатар.

Пры гэтым ён адзначыў, што беларускія ДАСТы больш жорсткія, чым савецкія.

«Беларускае па якасці значна вышэй. І там (на беларускіх прадпрыемствах) у каўбасе туалетнай паперы няма і ніколі не было. Раскрывалі ж такія факты на расейскіх прадпрыемствах, калі і туалетная папера, і соя, і дабаўкі ўсякія. Мяса ўсяго 60%, астатняе - соя, вось чым кармілі народ (у Расеі)», - працягнуў дыктатар.

Каментуючы рост коштаў на прадукты харчавання ў Расеі пасля ўвядзення прадуктовых санкцый, Лукашэнка падкрэсліў, што ў гэтым вінаватыя «расейскія прыватнікі». «Вашы прыватнікі хочуць кішэню набіць як хутчэй, вось і падымаюць цэны, а ў кожнага яшчэ і «дах» над галавой, - сказаў правадыр. - Я казаў і Мядзведзеву, і Пуціну: вам жа выгадней, калі мы прымушаем вашых канкураваць. А адкаты, а «дах», а дзяльба, што гэтага няма? Вось яна і прычына росту коштаў».

«Майму дзецюку ўезд у ЕЗ забаранілі»

Дыктатар заявіў, што яго сыну Мікалаю забаронены ўезд у Еўрапейскі Звяз.

Пра гэта Лукашэнка заявіў на прэс-канферэнцыі для расейскіх журналістаў, якая сёння праходзіць у Менску, паведамляе РІА «Новости».

«Забаранілі ўезд. За што? Нават мойму дзецюку! Ён жа ў выбарах не ўдзельнічаў», - сказаў Лукашэнка на прэс-канферэнцыі ў пятніцу ў Менску.

Таксама Лукашэнка расказаў, што ў спісы «неўяздных» былі ўключаныя некалькі чалавек, якія да моманту складання спісаў ужо памерлі. «Некаторых памерлых у спісы ўнеслі. Макей паехаў - выкраслілі», - сказаў ён.

Нагадаем, больш за 200 беларускіх чыноўнікаў, уключаючы самога дыктатара, знаходзяцца ў «чорных спісах» ЕЗ, куды яны трапілі за фальсіфікацыі выбараў і рэпрэсіі супраць апазіцыі. Мікалай Лукашэнка пад санкцыі ЕЗ не падпадае.

«Я гатовы быў вельмі далёка пайсці...»

Дыктатар заявіў, што быў гатовы выкарыстоўваць ва Украіне Узброеныя сілы Беларусі для «развядзення канфліктуючых старон».

«Я гатовы быў вельмі далёка пайсці, аж да выкарыстання сваіх Узброеных сіл для таго, каб развесці канфліктуючыя бакі», - сказаў Лукашэнка. Ён дадаў, што такая мера магла быць скарыстаная ў самым пачатку канфлікту.

Цяпер, з ягоных слоў, на паўднёвым усходзе Украіны «такая неразбярыха, што ўвогуле няма з кім размаўляць». Ён падкрэсліў, што на гэтым этапе пасылаць у гэтую кропку свае войскі, нават у мірных мэтах, было б занадта рызыкоўна, бо ў канфлікце задзейнічаныя сілы, якія наогул нікому не падпарадкоўваюцца і кіраваць якімі немагчыма.

«Дайце нам аўтамат бясплатна»

Лукашэнка шкадуе, што ствараць зброю Беларусі дапамагае не Расея, а іншыя краіны.

З ягоных слоў, у сітуацыі, калі Расея неахвотна ідзе на прадастаўленне зброі Беларусі, ён паставіў задачу распрацоўкі ўласных узбраенняў.

«Мы паставілі ў вядомасць расейцаў. Ведаеце, тое, чаго мы пакуль не ўмеем рабіць, а нам трэба было б зрабіць, нам дапамагаюць, на жаль, іншыя, але не расейцы. Часам бясплатна, за паслугі, якія мы ім робім у іншых сферах. Гэта ненармальна», - заявіў Лукашэнка.

«Мы нікому не патрэбныя, - канстатаваў ён. - Калі будзе канфлікт або вайна, то мэта будзе адна - Масква - так было заўсёды. Дык каго мы будзем абараняць? Так дайце нам аўтамат бясплатна, а мы будзем вас абараняць, боепрыпасы будзем у вас купляць або свае створым вытворчасці».

Пры гэтым, звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, прэзідэнт адзначыў: «Калі б у нас была сотая доля таго багацця, як у вас, ад прыроды, мы б нікога нічога не прасілі».

У плане саюзніцкіх стасункаў Лукашэнка прывёў прыклад ЗША і Ізраіля. «Паглядзіце супрацоўніцтва амерыканцаў, дапусцім, з Ізраілем. Хто ўтрымлівае і ўзбройвае войска Ізраіля? І гэта мільярды. Паводле некаторых звестак, 7-10 мільярдаў даляраў у год. Я часта прыводжу гэты прыклад, калі мы хаўруснікі. У амерыканцаў шмат па ўсім свеце такіх хаўруснікаў. Цяпер яны натаўцаў узмацняюць. Так, раскашэльваюцца і гэтыя краіны, але асноўны груз нясе Амерыка», - сказаў Лукашэнка.

«Калінінград - гэта зона адказнасці Беларусі»

Беларусь гатовая поўнасцю забяспечыць Калінінградскую вобласць усім неабходным, заявіў Лукашэнка.

Здзівіўшыся, што ў расейскі рэгіён, асабліва залежны ад імпарту, вельмі мала паступае харчавання з Беларусі, Лукашэнка папрасіў перадаць губернатару, каб той «заўтра прыязджаў, дамовімся».

«Калінінград, падабаецца гэта расейскаму кіраўніцтву ці не, - гэта зона адказнасці Беларусі. У савецкія часы Калінінградскую вобласць хацелі далучыць да Беларусі, і ўжо былі напрацаваныя каласальныя сувязі...З тых часоў гэта засталося. Стаўшы прэзідэнтам, я толькі ўзмацняў гэтую сувязь», - сказаў ён.

«Калі ёсць праблемы, то гэта толькі па віне таго, што кіраўніцтва вобласці не варушыцца, - заявіў Лукашэнка. - Прыязджайце, мы дамовімся. Ну не паставім мы нейкую частку ў Расею, аддамо 1-2%, яны гэтага нават не заўважаць. А Калінінграду гэта будзе адчувальна...Прыязджайце, дамовіцца абсалютна легітымна і законна, не парушаючы ніякіх эмбарга».

Аб пенсійным узросце

«Пенсійны ўзрост у Беларусі трэба было павышаць учора. Але не павышалі, бо вы гэтага не хочаце. Але тады вы павінны разумець, што і пенсіі будуць меншыя, чым у выпадку павышэння пенсіённага ўзросту на 5 гадоў», - заявіў Лукашэнка.

З ягоных слоў, «мы засталіся і Расея - адзіныя, хто не павышаў пенсійны ўзрост». Пры гэтым кіраўнік падкрэсліў, што няправільна, калі 1,5 чалавека забяспечваюць аднаго. «Гэта няправільна, эканамічна небяспечна, і трэба павышаць пенсійны ўзрост, але людзі гэтага не хочуць. І мы не падымаем», - сказаў дыктатар.

«Жадаеце вялікую пенсію - мы будзем павышаць, у залежнасці ад эканомікі, але лішніх грошай няма. Другі шлях - павышэнне пенсійнага ўзросту», - рэзюмаваў Лукашэнка.

Напісаць каментар 99

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках