28 сакавiка 2024, Чацвер, 17:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Guardian: Пуцін шукае новых хаўруснікаў у ЕЗ

2
The Guardian: Пуцін шукае новых хаўруснікаў у ЕЗ

Экспарт энэрганосьбітаў быў і застаецца галоўнай казырнай картай Расеі ў Еўропе.

Стасункі паміж Масквой і некаторымі традыцыйнымі еўрапейскімі хаўруснікамі Масквы сапсаваліся праз яе ролю ва ўкраінскім крызісе. У выніку Расея спрабуе стварыць новыя злучнасці ў гэтым рэгіёне з больш дробнымі краінамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, шмат хто з якіх мае важныя гандлёвыя сувязі са сваім магутным суседам. Цяпер шмат хто з іх вымушаны дэманстраваць майстэрскі баланс паміж сваімі сувязямі з Расеяй і вернасцю ў дачыненні да Брусэлю, піша The Guardian (пераклад - Иносми.ру).

Аб чым ідзе гаворка?

Расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін прысутнічаў на гэтым тыдні на маштабным вайсковым парадзе ў Бялградзе, які праводзіўся ў сувязі з гадавінай вызвалення югаслаўскай сталіцы ад нацыстаў. Сербія - адна з некалькіх краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, якія апошнімі месяцамі актыўна прамацваюць глебу ў стасунках з Расеяй, тады як Вугоршчына, Славаччына і Чэхія публічна выступілі супраць уведзеных Еўразвязам санкцый супраць Расеі праз яе падтрымку сэпаратыстаў на ўсходзе Украіны.

Гэтыя краіны падтрымліваюць стасункі з Расеяй у сфэры энэргетыкі, а таксама ў вайсковай галіне, і таму вымушаныя балансаваць паміж Масквой і Брусэлем, тады як Расея спадзяецца выкарыстоўваць сітуацыю для стварэння ў рэгіёне новых альянсаў.

Як гэта адбылося?

Калі Расея заняла агрэсіўную пазіцыю ў дачыненні да Захаду на фоне сваіх абуральных дзеянняў на Украіне, некаторыя краіны Цэнтральнай Еўропы выказалі нязгоду з тымі санкцыямі, якія Еўразвяз увёў супраць свайго вялікага ўсходняга спаборніка. Прэзідэнт Славаччыны Робэрт Фіцо (так у тэксце - заўв. перакл.) надоечы назваў прынятыя санкцыі "бессэнсоўным" жэстам, што ставіць пад небяспеку эканоміку Еўразвязу, а славацкія афіцыйныя асобы, паводле некаторых звестак, паспрабавалі ў сакавіку сёлета выключыць расейскага віцэ-прэм'ера Дзмітрыя Рагозіна з санкцыйнага спісу. Прэм'ер-міністр Чэхіі Багуслаў Саботка заявіў, што гандлёвая вайна, а таксама «новая эканамічная і палітычная жалезная заслона» зробяць негатыўнае ўздзеянне і на Расею, і на Еўразвяз. Вугорскі прэм'ер-міністр Віктар Орбан пайшоў яшчэ далей і адзначыў, што санкцыі параўнальныя з «стрэлам сабе ў нагу», бо прыносяць больш шкоды Еўропе, чым Расеі.

Нават Польшча, гістарычны вораг Расеі, краіна, што лабіюе ўвядзенне больш жорсткіх санкцый і выступае за больш маштабную вайсковую прысутнасць NATO і Злучаных Штатаў ва Усходняй Еўропе, кагадзе змякчыла свой тон у дачыненні да Расеі, а яе новы прэм'ер-міністр Эва Копач паабяцала больш прагматычны падыход да ўкраінскага крызісу, які не прадугледжвае дырэктыўнага ўмяшання. Прэм'ер-міністр Сербіі Аляксандр Вучыч, нягледзячы на няспынныя запэўніванні аб жаданні ягонай краіны ўступіць у Еўразвяз, пасля візіту Пуціна заявіў аб тым, што Сербія ніколі не ўвядзе ніякіх санкцый супраць Расеі.

Тым часам некаторыя з гэтых краін павялічваюць сваё эканамічнае супрацоўніцтва з Масквой. Вугоршчына падпісала з Расеяй крэдытнае пагадненне на суму 10 мільярдаў еўраў, паводле ўмоў якога расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» пабудуе два дадатковыя рэактарныя блокі на вугорскай АЭС у Паксе. Міністр замежных спраў Славаччыны Міраслаў Лайчак і ягоны кіпрскі калега сталіся адзінымі палітыкамі Еўразвязу, што наведалі Маскву пасля анэксіі Крыма. Падчас свайго візіту ў Расею Лайчак паведаміў аб тым, што ягоная краіна рыхтуецца падпісаць у гэтым месяцы дамову з Расеяй аб пастаўках нафты, які будзе дзейнічаць да 2029. Як паведамляецца, Пуцін падчас свайго візіту ў Бялград абмеркаваў пытанні вайсковага супрацоўніцтва, а таксама ўдзел Сербіі ў рэалізацыі расейскага газавага праекту «Паўднёвая плынь». Са слоў расейскага прэзідэнта, гандлёвае абарачэнне Расеі і Сербіі летась склала 2 мільярды даляраў, і сёлета яно, як чакаецца, застанецца на тым жа ўзроўні.

Роля Нямеччыны

Нямеччына грае ключавую ролю ў тым, што тычыцца расейскай замежнай палітыкі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. З’яўляючыся найбуйнейшым пакупніком расейскага прыроднага газу, продаж якога з'яўляецца жыццёва важнай справай для расейскай эканомікі і федэральнага бюджэту, Бэрлін з'яўляецца найбольш значным гандлёвым партнёрам Масквы.

Аднак у 2012 годзе нямецка-расейскія стасункі пагоршыліся пасля крытыкі Бэрліна на адрас расейскіх прэзідэнцкіх выбараў і здушэння апазіцыі, а затым на іх негатыўна паўплываў і крызіс ва Украіне. У выніку Расея пачала пошук іншых партнёраў сярод менш буйных дзяржаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, якім яна да апошняга часу не надавала асаблівай увагі, падкрэсліў Аляксей Фяненка, дацэнт Факультэта сусветнай палітыкі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

«У Цэнтральнай і Усходняй Еўропе існуюць два тыпы дзяржаў: адны займаюць шчыра варожую пазіцыю, і мы не можам спадзявацца на супольную працу з імі, а іншыя вагаюцца, - падкрэсліў Фяненка. - Ёсць сілы ў Вугоршчыне, Славаччыне, а з апошняга часу і ў Чэхіі, з якімі Расея можа весці добры дыялог. Спрыялі гэтаму працэсу і прарасейскія партыі ў Латвіі».

Прыродны газ

Экспарт энэрганосьбітаў быў і застаецца галоўнай казырнай картай Расеі ў Еўропе, а 12 краін Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, якія з'яўляюцца чальцамі Еўразвязу, больш чым тры чвэрці сваіх патрэб кампэнсуюць за кошт паставак расейскага прыроднага газу. Расея пачала будаўніцтва газаправода "Паўднёвая плынь", які пройдзе па тэрыторыі Балгарыі, Сербіі, Вугоршчыны, Славеніі і Аўстрыі, аднак Балгарыя ўжо двойчы ўлетку сёлета прыпыняла яго будаўніцтва. Хаця шмат якія балгары падтрымліваюць «Паўднёвую плынь», Бойка Барысаў, лідэр руху ГЕРБ, які перамог на праведзеных у гэтым месяцы датэрміновых выбарах, заявіў аб тым, што рэалізацыя праекта «Паўднёвая плынь» адновіцца толькі ў выпадку яго ўхвалення Еўразвязам, які выступае супраць расейскага праекта праз парушэнні антыманапольных правілаў.

Вугоршчына, з другога боку, актыўна падтрымала будаўніцтва «Паўднёвай плыні», і яна, напэўна, здолее кінуць выклік Нямеччыне ў барацьбе за права быць транзітным вузлом расейскіх энэргетычных паставак, адзначыў Фяненка. Вугоршчына ў верасні спыніла рэверсныя пастаўкі газу ва Украіну пасля таго як Расея, краіна-прадавец, папярэдзіла аб тым, што можа закруціць вентыль. Еўракамісія зрабіла Вугоршчыне заўвагу, аднак Будапэшт у большай ступені турбуецца пра свае стасункі з Расеяй, адкуль пастаўляецца тры чвэрці патрэбнага гэтай краіне прыроднага газу.

Акрамя таго, прэзідэнт Вугоршчыну назваў Расею ўзорам для палітычнага развіцця і пачаў пераймаць палітыку Пуціна (так у тэксце; напраўду з такой заявай выступіў вугорскі прэм'ер-міністр Віктар Орбан - заўв. перакл.), праводзячы такія рэформы, якія шмат хто называе антыдэмакратычнымі - гаворка ідзе аб павелічэнні ролі дзяржавы ў ключавых сэктарах эканомікі, падтрымцы ўрада, угрунтаванага на «хрысціянскіх вартасцях», і прэтэнзіі на абарону інтарэсаў этнічных вугорцаў у іншых краінах.

Гандаль

Гандаль - гэта, несумненна, менавіта той чыннік, які падштурхоўвае некаторыя краіны ў бок Расеі. Экспарт інжынернага абсталявання Чэскай Рэспублікі ў Расею мае шанец трапіць пад санкцыі ў тым выпадку, калі ўжываныя тэхналогіі могуць быць выкарыстаныя ў вайсковай прамысловасці. Санкцыі таксама могуць зрабіць негатыўны ўплыў на экспарт з Славаччыны ў Расею сталёвых труб. Вытворчасць яблыкаў у абедзвюх гэтых краінах пацярпела ад эмбарга, якое Расея ўвяла на імпарт малочных прадуктаў, мяса ды іншых тавараў з тых краін, якія далучыліся да антырасейскіх санкцый. У выніку, як паведамляецца, кошт яблыкаў у Чэхіі ўпаў на 20-30%. Моцна пацярпелі і польскія фірмы, якія займаюцца вырошчваннем садавіны.

Фота: AP

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках