Багдан Ярэменка: Рэжым Лукашэнкі рассыпецца, як цукеркі са скрутка
30- 22.10.2014, 7:57
- 51,377
Прэзідэнта Украіны папярэджваюць аб бесперспектыўнасці стаўкі на Лукашэнку.
Пра гэта піша кіраўнік праўлення дабрачыннага фонду «Майдан замежных спраў» Багдан Ярэменка на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук». Прыводзім ягоны пост цалкам:
- Для замежнай палітыкі Украіны Беларусь - тое ж самае, што помнікі Леніну для вялікай часткі насельніцтва Украіны. Так цяжка расставацца з гэтымі помнікамі - і працэдура дэмантажу парушаная, і культурную каштоўнасць яны могуць мець, і пачуцці вернікаў (пардон, леніністаў) гэта можа пакрыўдзіць. Усё роўна, што і заканадаўчая база для іх дэмантажу ўжо старэйшая, чым самі помнікі, сумніўная культурная каштоўнасць не ідзе ні ў якое параўнанне з палітычнымі стратамі ад гэтай пратэрмінаванай рэкламы кампартыі, гэтыя помнікі, магчыма, абражаюць пачуцці большай колькасці грамадзян, чым таго, каму саграваюць душу. Проста яны былі, яны ёсць, а з гэтым цяжка развітвацца. Савок.
Вось так і з Беларуссю. Братэрская, суседняя дзяржава, якое штосьці да нас праяўляе - прыкладна на такіх прынцыпах нам спрабуюць растлумачыць усё, што адбываецца паміж Украінай і Беларуссю.
Ага. Вайсковы саюзнік Расеі, які не прызнае тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, прэзідэнт і парламент якога не могуць быць прызнаныя легітымнымі па любых стандартах дэмакратыі, краіна, якая арганізуе ганенні на ўсіх іншадумцаў, незалежна - сваіх або чужых, асабліва лёгка - на грамадзян Украіны. Усё гэта мы, украінская замежная палітыка, высвятляецца, можам лёгка ігнараваць. Дзеля чаго?
Так, замежная палітыка павінна быць прагматычнай. Але ў маім разуменні гэта азначае, што не трэба, напрыклад, забараняць увоз беларускага малака (ці чаго яшчэ) таму, што ў Беларусі няма дэмакратыі. Ці нешта падобнае.
Але дэмакратычная прававая дзяржава не можа сабе дазволіць замежную палітыку, якая не базуецца на каштоўнасцях. Гэта нонсэнс.
За выключэннем Януковіча (які, здаецца, шчыра і ўзаемна пагарджаў Лукашэнкам) нашы прэзідэнты - і Юшчанка, і Парашэнка - адчуваюць нейкія неспасціжныя пачуцці да яго. Гэтакі родны і з дзяцінства знаёмы хітраваты, прамалінейны і грубаваты старшыня калгасу - ну чым не персанаж для захаплення і пакланення?
Такім чынам, тэлефануем, просіць прабачэння, што не едзем на саміт СНД, просім за Украіну слова замовіць (яшчэ б Пуціна папрасілі адстойваць інтарэсы Украіны на саміце). Пагаджаемся на міратворчыя ініцыятывы Менска. Гэта проста нейкі замежнапалітычны сюр.
Я нават ўяўляю сабе, што Лукашэнка дзесьці акуратна ўзяўшы Парашэнку пад локаць шэпча: «Дарагі, ну на хрэна табе гэты Ліпецк? Перанясі завод да мяне. У мяне і людзі лепшыя, і ўмовы я табе зраблю, і мяжы ў нас з Расеяй няма, пасылай ты ім сваіх шакаладак колькі хочаш, і нічога яны табе не зробяць, таму што гэта будуць беларускія шакаладкі». Ну, і гэтак далей.
Калі б я быў Лукашэнкам, я б абавязкова Парашэнку нешта такое сказаў.
І вось калі б Лукашэнка такое сказаў, то, у мяне складваецца ўражанне, што Парашэнка мог бы пагадзіцца, а вось прэзідэнт Украіны павінен адмовіцца.
І не азіраючыся на нейкія неспасціжныя і далёкія прынцыпы, не змешваць асабістыя і дзяржаўныя інтарэсы. Таму што з дыктатарамі нельга мець справу. Няма больш нестабільных і няўстойлівых сістэм, чым дыктатура. Рассыпаюцца яны так жа хутка, як лядзяшы са скрутку. І рассыплецца. Незразумела толькі, што рассыплецца хутчэй - беларуская эканоміка, якая развіваецца паводле тупіковага прынцыпу - сацыяльныя гарантыі за сродкі замежных крэдытаў, або асабістая ўлада Лукашэнкі. Хоць, найбольш верагодна, рассыплюцца яны адначасова.
Вось менавіта на ўсведамленні гэтага простага факту і павінна была б грунтавацца наша палітыка ў дачыненні да Беларусі.
Палітыка, а не бессаромнае падлашчванне і гульня ў «хто каго падмане».