19 красавiка 2024, Пятніца, 15:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эдвард Лукас: Пуцін хоча гегемоніі над суседзямі (Відэа)

Прэзідэнт Расеі правярае, наколькі рашуча Захад і NATO гатовыя абараніць краіны Балтыі.

Так мяркуе Эдвард Лукас, рэдактар міжнароднага аддзела брытанскай выдавецкай групы The Economist.

Пра гэта ён сказаў у інтэрв'ю праграме «Настоящее время», сумесным праекце Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода і «Голоса Америки».

- Вы вельмі шмат пішаце і кажаце пра тое, што Расея вядзе рэвізіянісцкую палітыку ў дачыненні да Еўропы і спрабуе перапісаць правілы, усталяваныя ў Еўропе пасля Другой сусветнай вайны. На чым грунтуюцца такія заявы?

- Пуцін хоча змяніць гульню. Ён бачыць слабасць Захаду і хоча скарыстацца гэтай слабасцю. Таму адна ягоная мэта - гэта паспрабаваць усталяваць нейкую гегемонію над краінамі на мяжы з Расеяй, дзе б не адбывалася нічога, пра што Расея не ведае, і не адбывалася нічога, што Расеі не падабаецца. Па-другое, думаю, ён спрабуе разбурыць здольнасць ЕЗ вызначыць правілы, у першую чаргу ў энэргетыцы - менавіта гэта ён робіць сваім газаправодам «Паўднёвы паток», спрабуючы абараніць бізнэс-мадэль «Газпрома» ў Еўропе. І шырэй, я думаю, - ён бачыць слабасць стасункаў паміж Еўропай і Амерыкай і грае на іх адрозненнях паводле прынцыпу «падзяляй і ўладар». І павінен сказаць, што з усіх гэтых трох пытанняў, я думаю, ён цяпер пераможа.

- Якую канкрэтна пагрозу Расея ўяўляе для суседніх краін, асабліва для краін Балтыі?

- Думаю, цяпер мы бачым нейкую такую вайну нерваў вакол краін Балтыі. Думаю, Пуцін ўважае, што Захад на самай справе несур'ёзна ставіцца да праблем Балтыі ў рамках NATO, што NATO не мае сапраўдных планаў абароны Балтыі, не мае вайсковых сіл у Прыбалтыцы, што працэс прыняцця пастаноў у NATO досыць павольны і саюзу будзе цяжка справіцца з такой гібрыднай вайной, якая была ва Украіне. Думаю, Пуцін мяркуе, што варта цяпер падняць трохі напружанасць у Балтыі і ўбачыць, як Захад адрэагуе. І калі адказ будзе рашучы, ён зноў адступіць. Але калі адказ будзе слабы, ён працягне правакацыі.

Прэзідэнт Абама выступіў, я мяркую, з вельмі моцнай прамовай у Таліне, гэтак жа, як ён перад гэтым выступіў з моцнай прамовай у Варшаве, і на саміце NATO сёлета прынялі шэраг важных пастаноў што да абароны Балтыі, але ўсё гэта яшчэ на вельмі ранняй стадыі. І я думаю, што бліжэйшыя паўтара - тры гады мінімум яшчэ будуць сумневы што да здольнасці абараніць Балтыку, і Пуцін можа скарыстацца гэтым - я думаю, дарэчы, што гэта вельмі небяспечна. Але я думаю, што Захад на самай справе сур'ёзна ставіцца да абароны Балтыі, і калі Пуцін зойдзе занадта далёка, можа ўзнікнуць вельмі небяспечная вайсковая канфрантацыя.

- Што канкрэтна заходнія краіны - ЗША, Еўрапейскі звяз, NATO - могуць зрабіць для таго, каб спыніць Пуціна, ужо цяпер?

- Тое, што Захад павінен зрабіць рэальна, - гэта пачаць паляванне на брудныя расейскія грошы, бо гэта сапраўдны скандал: рэжым Пуціна скраў дзесяткі мільярдаў даляраў у расейскага народа і адмываюць іх у заходніх краінах - у Аўстрыі, у Латвіі, на Кіпры, і перш за за ўсё ў Лондане. Я думаю, гэта было вельмі магутным зброяй Крамля ў карумпаванасці заходняй сістэмы. Але мы, калі захочам, можам гэта змяніць. Мы павінны шукаць гэтыя грошы, мы павінны замарожваць гэтыя выкрадзеныя сродкі, і мы таксама павінны пераследаваць юрыстаў, банкіраў і бухгалтараў, якія былі саўдзельнікамі гэтага злачынства. Гэта стала б вельмі строгім сігналам для пуцінскага рэжыму і адначасова сігналам для расейскага народу, што мы на іх баку, мы супраць тых, хто краў у расейцаў грошы.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках