20 красавiка 2024, Субота, 15:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міліцыя дапытвае баранавіцкіх школьнікаў: Як вы патрапілі на "Хартыю"?

51

У Баранавічах за нявінны флэшмоб дзецям «шыюць» палітыку.

Два тыдні таму падлеткі правялі ў Баранавічах флэш-моб, кладучыся на жывот у розных месцах горада. Пастава «тварам у падлогу» стала рэпетыцыяй далейшага развіцця падзей - акцыяй сур'ёзна зацікавіліся ў міліцыі. Пры гэтым, паводле слоў школьнікаў, у іх дзеяннях спецслужбы настойліва шукаюць палітычны падтэкст.

Фотаздымкі з сацыяльных сетак, на якіх кампанія школьнікаў па чарзе ляжыць то ў кінатэатры, то ў краме, то на дарозе, то на прыступках гарвыканкама, хутка сталі вядомымі на ўсю краіну.

Баранавіцкія дзеці займаліся так званым «планкінгам» - флэш-мобам, які быў досыць папулярны ў Еўропе і Амерыцы некалькі гадоў таму. Планкінг - флэш-моб, удзельнікі якога павінны ляжаць на зямлі ці на нейкім прадмеце. Сусветна вядомым стаў у 2009 годзе, калі некалькі ангельскіх медыкаў атрымалі штрафы за занятак планкінгам на працоўным месцы. Вось забава дакацілася да Беларусі.

- Зараз модныя рознага роду флэшмобы - абліванне вадой, яшчэ нешта. Таму людзі прывыклі і здзівіць іх чымсьці вельмі складана. Аднак мы паспрабавалі і ў нас атрымалася, - сказаў падлетак intex-press.by.

Але разам са «славай» у сетцы ў герояў фота нечакана з'явіліся праблемы з міліцыяй - дзяцей пачалі дапытваць інспектары камісіі спраў непаўналетніх.

Сярод усіх фотаздымкаў, паводле слоў школьнікаў, асноўную ўвагу міліцыянты чамусьці звярталі на той кадр, дзе некалькі чалавек ляжаць тварамі ўніз на прыступках гарвыканкама. Падчас допыту інспектар нават прарэкламаваў дзецям інтэрнэт-рэсурсы, пра якія раней яны нічога не чулі:

- Нам паказвалі раздрукоўку з сайта, здаецца, Хартыі-97. Першы раз яго бачылі. Але нас пыталіся, якім чынам мы на яго патрапілі, што маем супраць дзяржаўнай палітыкі і супраць чаго мы выступалі, калі фоткаліся на прыступках гарвыканкама. Мы нават не разумелі, пра што ідзе гаворка. Раней наогул думалі, што нашыя ўлады насупраць ЗАГСу сядзяць, а не наадварот Леніна, - распавёў 14-гадовы хлопец.

Паводле слоў падлеткаў, міліцыянт нават «абяцаў даказаць», што «ўсё гэта яны рабілі пад спайсамі». І можна было б падумаць, што запалоханыя школьнікі ад страху нешта наблыталі, але амаль такія ж словы школьнай настаўніцы працытавала маці аднаго з «падазроных».

- Выкладчыца майго дзіцяці (гаворка пра школу №10) выказала здагадку, што кампанію падлеткаў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў падкупіла ці то Амерыка і пад спайсам прымусіла легчы на прыступкі гарвыканкама. Маразм нейкі! - распавяла жанчына.

Напісаць каментар 51

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках