20 красавiка 2024, Субота, 15:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Першы ў Беларусі помнік Максіму Танку адкрыюць у Мядзелі

3
Першы ў Беларусі помнік Максіму Танку адкрыюць у Мядзелі

Вышыня фігуры паэта складзе 2,8 метра. Кампазіцыя выкананая з натуральнага каменя і бронзы.

Як паведамляе партал Край.by, спасылаючыся на словы начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і ў справах моладзі Мядзельскага райвыканкама Ірыны Пазняк, помнік Максіму Танку будзе адкрыты 6 лістапада на плошчы Шаранговіча, недалёка ад дома культуры райцэнтра. У гэты ж дзень у Мядзелі пройдзе закладка капсулы пад будаўніцтва дома-музея Максіма Танка.

Максім Танк - творчы псеўданім Яўгена Скурко, беларускага паэта, перакладчыка, дзяржаўнага дзеяча. Ён нарадзіўся 4 (17) верасня 1912 года ў вёсцы Пількаўшчына, размешчанай на цяперашняй тэрыторыі Мядзельскага раёна Менскай вобласці, у сялянскай сям'і. Першы паэтычны зборнік - «На этапах» - выйшаў у 1936 годзе. Пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі і БССР Максім Танк займаўся журналісцкай працай, у пасляваенны час працаваў у часопісе «Вожык», быў галоўным рэдактарам часопіса «Полымя». Найбольш вядомыя кнігі паэта - «След маланкі» (1957), «Глыток вады» (1964), «Хай будзе святло» (1972). Дзякуючы Максіму Танку на беларускай мове ўбачылі свет асобныя творы Аляксандра Пушкіна, Уладзіміра Маякоўскага, Юліуша Славацкага.

Максім Танк займаўся актыўнай грамадскай дзейнасцю: з'яўляўся сакратаром Саюза пісьменнікаў СССР, старшынём праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, сябрам Савецкага камітэта абароны міру, старшынём Беларускага аддзялення Таварыства савецка-польскай дружбы, старшым Вярхоўнага Савета Беларусі шостага і сёмага скліканняў.

Памёр Максім Танк у Менску 7 жніўня 1995. Як успамінаў пасля яго сын Максім Скурко, паэт і яго жонка памерлі ў адзін год. Скрыню з прахам жонкі Максім Танк трымаў дома і завяшчаў пахаваць яе ў сваёй магіле. Просьба была выкананая. Як і яшчэ адно завяшчанне паэта - не ставіць на могілках у Пількаўшчыне надмагільных помнікаў. У выніку сягоння на магіле два металічныя крыжы.

Імя Максіма Танка прысвоена Беларускаму дзяржаўнаму педагагічнаму ўніверсітэту. Ёсць у Менску вуліца Максіма Танка (былая Танкавая вуліца ў раёне Юбілейнай плошчы). А вось помніка паэту да апошняга часу не было.

Да 100-гадовага юбілею паэта ў 2012 годзе Міністэрства культуры абвясціла конкурс на стварэнне эскізных праектаў помніка-бюста народнаму паэту Беларусі Максіму Танку ў Мядзелі (на фота - плошча, дзе будзе ўстаноўлена кампазіцыя). Усяго было прадстаўлена чатыры праекты. У выніку журы ўхваліў праект скульптараў Аляксандра Фінскага і Івана Міско і архітэктара Армена Сардарава. Паэт паказаны ідучым па брукаванай дарозе, якая ўвасабляе яго жыццёвы шлях, сугучны з вершам «Камяні».

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках