24 красавiка 2024, Серада, 6:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каўбаса без туалетнай паперы

71
Каўбаса без туалетнай паперы

У Аляксандра Лукашэнкі ёсць некалькі хобі.

Адно з галоўных, акрамя хакея і катання на лыжаролерах, - прэс-туры для расейскіх журналістаў з рэгіянальных выданняў. Праграма заўсёды аднолькавая: некалькі паездак на заводы, некалькі банкетаў, а ў канцы абавязкова прэс-канферэнцыя самога Лукашэнкі сярэдняй працягласцю шэсць гадзін. Апошнім разам на першы погляд усё было, як заўсёды. Але досыць уважлівага позірку і добрай памяці, каб зразумець: усё вярнулася ў сярэдзіну дзевяностых.

Лукашэнка з задавальненнем распавядаў расейскім журналістам , што сам ён наогул большы ўкраінец, чым беларус. І што ва ўсім ужо тым, што здарылася і тым, што адбываецца цяпер вінаваты выключна Віктар Януковіч, які стварыў нясцерпную для народа сістэму хабараў, пабораў і карупцыі. Што менавіта Януковіч стварыў і фінансаваў «Правы сектар» для барацьбы з Юліяй Цімашэнкай, і ў гэтым была яго памылка, паколькі створаная Януковічам сіла яго самога і знішчыла.

А ў тым, што адбылося з Крымам, Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў усіх украінцаў. Прайграў сваю размову з украінскімі журналістамі ў Кіеве пасля інаўгурацыі Пятра Парашэнкі: «Я ім сказаў: маўляў, хлопцы, вы што, мяркуеце, што Крым - ваш? Чаму ж вы тады не ваявалі за гэты Крым?»

Сказаў, што не прызнае Крым тэрыторыяй Расеі . Патлумачыў, чаму Беларусь не прызнала Абхазію: «Мы паклалі тагачаснаму прэзідэнту Мядзведзеву спіс на стол: мы заўтра прызнаем Паўднёвую Асецію і Абхазію - вось што здарыцца. Амаль тое, што цяпер адбываецца з Расеяй пры санкцыях, толькі ў квадраце».

Яшчэ Аляксандр Лукашэнка на ўсялякі выпадак нагадаў, што часткі Смаленскай, Пскоўскай і Бранскай абласцей гістарычна належалі Беларусі, але сёння Беларусь на гэтыя землі зусім не прэтэндуе. І, вядома, выказаў шкадаванне, што Беларусь у свой час адмовілася ад ядзернай зброі. Сёння ён ужо ні за што б не аддаў ніводнай боегалоўкі.

Адрозненне пятнічнай прэс-канферэнцыі ад дзясятка такіх жа ў тым, што Лукашэнка на гэты раз як дзве кроплі вады быў падобны на сябе ранейшага, амаль дваццацігадовай даўніны. Калі дакладней - на сябе ўзору 1996-1997 гадоў, калі марыў пра Крэмль. Менавіта тады былі падпісаныя ўсе гэтыя саюзныя дамовы і пагадненні, Менск і Масква казалі пра тое, што гэта толькі першыя крокі, а наперадзе - адзіная валюта і адзіныя органы ўлады. Аляксандр Лукашэнка сябраваў з губернатарамі, наведваў расейскія рэгіёны і ўсім тлумачыў, наколькі ён лепшы за Барыса Ельцына: Беларусь не даў раскрасці, алігархаў не напладзіў, нетры прыватызаваць не дазволіў, пенсію плаціць своечасова. Вельмі многія расейцы ўсур'ёз казалі: вось бы нам такога.

Калі да ўлады ў Расеі прыйшоў Уладзімір Пуцін, стала зразумела, што з ім за крамлёўскае крэсла не пазмагаешся. А цяпер - калі ласка. Сітуацыя тая ж самая: «цар» слабее, а я - вось ён, куды больш удалы і разумны, магу вас выратаваць! У яго з усімі выдатныя стасункі - і з Пуціным, і з Парашэнкам, і з «Правым сектарам», і з Гіркіным. У яго рэзідэнцыі вядуцца мірныя перамовы, і наогул ён можа ўсё «разруліць» і спыніць вайну. А яшчэ ў беларускай каўбасе няма туалетнай паперы, а ў расейскай - ёсць. Увогуле, вырашайце, што вас больш задавальняе, дарагія расейцы: жэрці туалетную паперу ў каўбасе або есці каўбасу без туалетнай паперы. І ў пераносным сэнсе таксама.

Ірына Халіп, «Новая газета»

Напісаць каментар 71

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках