25 красавiка 2024, Чацвер, 12:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадстаўнікі апазіцыі сустрэліся з амбасадарамі ЕЗ

5
Прадстаўнікі апазіцыі сустрэліся з амбасадарамі ЕЗ

Сустрэча прадстаўнікоў беларускай апазіцыі і амбасадараў краін Еўразвяза прайшла 28 кастрычніка ў Менску.

У сустрэчы ўзялі ўдзел 16 еўрапейскіх дыпламатаў і пяць апазіцыйных беларускіх палітыкаў - лідары кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў, руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька, Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін і сустаршыня аргкамітэта ў стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец.

Як адзначыў у каментары для БелаПАН Анатоль Лябедзька, сустрэчы ў падобным фармаце не праводзіліся з 2010 года.

«Напэўна, гэта звязана з тым, што Лукашэнка спрабуе ўплываць на кадравую палітыку ЕЗ. Чатыры гады таму быў вельмі моцны падбор дыпламатаў, якія былі не прадстаўніцтвамі нейкіх портаў ці эканамічных колаў, а дыпламатамі ў поўным сэнсе гэтага слова. Цяпер гэтага, на мой суб'ектыўны погляд, няма», - сказаў палітык.

Са слоў Лябедзькі, падчас сённяшняй сустрэчы замежныя дыпламаты былі гатовыя актыўна абмяркоўваць эканамічныя і гандлёвыя, але не палітычныя пытанні. Пры гэтым ён адзначыў, што прадстаўнікі дэмакратычных сіл Беларусі прадэманстравалі «дастаткова кансалідаваную пазіцыю».

«Гэта важна не толькі для апазіцыі, але і для Беларусі агулам. Для нашай краіны цяпер самае важнае - не выпасці з міжнароднага парадку дня. Над гэтым трэба сур'ёзна думаць і аб'ядноўваць намаганні», - падкрэсліў палітык.

На сустрэчы, паведаміў ён, абмяркоўвалася «ўзмацненне градуса страху ў краіне праз пераслед уладамі палітычных і грамадскіх актывістаў». «Таксама была дадзеная ацэнка агульнай сітуацыі, перспектывам яе развіцця, узаемаадносін Еўразвяза з Беларуссю», - сказаў Лябедзька.

«Наша агульнае пасланне складалася ў тым, што развязваць сітуацыю ў Беларусі трэба праз сумленныя і свабодныя выбары, праз выкананне Беларуссю абавязацельстваў, узятых у рамках АБСЕ. Калі выбары будуць сумленныя і свабодныя, мы гатовыя прызнаць іх вынікі, якія б яны ні былі. Трэба ствараць шырокую кааліцыю, уздзейнічаць усімі магчымымі метадамі на беларускія ўлады», - заявіў палітык.

Акрамя таго, дадаў ён, на сустрэчы абмяркоўвалася пытанне дыялогу ЕЗ з уладамі.

«Тут дэмакратычныя сілы па-рознаму ацэньваюць, які ён павінен быць, наколькі з Лукашэнкам можна развязваць пытанні. Але прагучала і меркаванне, што нельга дапускаць мінулых памылак, калі ЕЗ, міжнародныя фінансавыя інстытуты фінансавалі кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнку. Гэта не прыводзіць да пераменаў, а, наадварот, кансервуе сітуацыю», - адзначыў Лябедзька.

Лідар АГП выказаў здагадку, што «набліжэнне прэзідэнцкай кампаніі будзе павышаць цікавасць дыпламатаў да такога роду сустрэч».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках