26 красавiка 2024, Пятніца, 2:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шайгу: Беларусь - галоўны вайсковы партнёр Расеі

25
Шайгу: Беларусь - галоўны вайсковы партнёр Расеі

Міністр абароны Расеі абвінаваціў Украіну і Захад у «ціску на «саюзную дзяржаву».

З такой заявай выступіў Сяргей Шайгу на пасяджэнні сумеснай калегіі Мінабароны дзвюх краін, паведамляе ТАСС.

Са слоў кіраўніка вайсковага ведамства, «ЗША і Еўразвяз справакавалі адхіленне ад улады законнага прэзідэнта Украіны» і цяпер «безаглядна падтрымліваюць дзеянні Кіева ў сілавым падаўленні незадаволеных новай уладай». «Фактычна, празаходнія сілы імкнуцца сфармаваць у гэтай краіне перадавы рубеж ціску на саюзную дзяржаву, паўплываць на ўстойлівае развіццё Расеі і Беларусі», - заявіў Шайгу ў Менску.

«У сучасных умовах важна мець баяздольныя ўзброеныя сілы, фармаваць эфектыўныя механізмы гарантавання міжнароднай бяспекі, - дадаў міністр. - У гэтых мэтах развіваем вайсковае супрацоўніцтва з нашымі саюзнікамі. У першую чаргу абапіраемся на паслядоўную падтрымку Беларусі».

Са слоў Шайгу, тэма «каляровых рэвалюцый» цяпер набывае новае гучанне - яе вынік у сапраўдны час назіраецца ў суседняй дзяржаве. Кіраўнік Мінабароны РФ упэўнены, што «неабходна уважліва ставіцца да тых працэсаў, што адбываецца ва Украіне». «У сучасных умовах важна мець баяздольныя ўзброеныя сілы», - падкрэсліў кіраўнік ведамства.

Акрамя таго, ён назваў Беларусь галоўным вайсковым партнёрам Расеі, паказаўшы пры гэтым, што абстаноўка, якая склалася, «патрабуе выразнай каардынацыі нашых намаганняў у супрацьдзеянні шырокаму спектру выклікаў і пагроз». Шайгу, адзначае РІА «Новости», растлумачыў, што гэта звязана з ростам міжнароднага тэрарызму і экстрэмізму.

Міністр абароны Беларусі Юрый Жадобін у час пасяджэння, у сваю чаргу, высока ацаніў вынікі сумесных з РФ вучэнняў. Ён адзначыў, што падчас манеўраў «была правераная гатоўнасць органаў кіравання злучэнняў і вайсковых часцей, якія ўваходзяць у склад Адзінай рэгіянальнай сістэмы супрацьпаветранай абароны», паведамляе «Інтэрфакс».

Жадобін таксама распавёў, што расейскія лётчыкі выканалі больш за 60 палётаў, якiя праводзіліся з беларускіх аэрадромаў. Акрамя гэтага міністр адзначыў, што ў траўні гэтага года, калі Беларусь прымала чэмпіянат свету ў хакеі, бяспека паветранай прасторы запяспечвалася пры ўдзеле расейскіх вайскоўцаў, якія грунтаваліся на мясцовых аэрадромах. У час сустрэчы Жадобін падзякаваў Шайгу за «аказаную дапамогу ў ахове паветранай прасторы Беларусі падчас важнага міжнароднага мерапрыемства».

Больш за тыдзень таму, 21 кастрычніка, у Менску сустрэліся і прэм'ер-міністры дзвюх краін - Дзмітрый Мядзведзеў і Міхаіл Мясніковіч. Кіраўнікі ўрадаў абмеркавалі сумесныя праекты ў розных сферах. Старшыня беларускага Кабміна заявіў, што Масква і Менск павінны паскорыць працэс стварэння сумесных прадпрыемстваў у такіх сферах, як машынабудаванне, нафтахімія, оптавалаконная прамысловасць, мікраэлектроніка.

У 2016 годзе ў беларускім Бабруйску павінна з'явіцца авіяцыйная база РФ, з чым нязгодныя многія жыхары краіны. Яны асцерагаюцца, што такое цеснае ўзаемадзеянне з Масквой можа прывесці да росту залежнасці краіны ад Крамля.

Планы наконт авіябазы ў Беларусі расейскія ўлады выношваюць досыць даўно. Так, у красавіку 2013 Шайгу заявіў, што ў 2015 годзе паводле дамовы паміж краінамі на тэрыторыі Беларусі будзе створаны цэлы авіяцыйны полк, які будзе ахоўваць межы абедзвюх дзяржаў. Пры гэтым міністр абароны ў размове з Лукашэнкам абвясціў, што першае звяно знішчальнікаў з'явіцца на тэрыторыі краіны ў 2013 годзе.

Затым праз сітуацыю ва Украіне і актыўнасці NАТО Менск прапанаваў «перагнаць» расейскія самалёты на сваю тэрыторыю. У выніку шэсць расейскіх знішчальнікаў Су-27 і тры вайскова-транспартныя самалёты здзейснілі пералёт на аэрадром «Бабруйск».

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках