29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шапіра прапаноўваў увесці падатак на паліва, якое вывозіцца

80
Шапіра прапаноўваў увесці падатак на паліва, якое вывозіцца

Пакуль ва ўрадзе распрацоўваюць «закон супраць дармаедаў», улады на месцах выказваюцца адносна гэтай ініцыятывы.

Нядаўна Сямён Шапіра адзначыў, што, будучы старшынёй Гарадзенскага аблвыканкама, уздымаў тэму сацыяльнага ўтрыманства і дармаедства на ўзроўні рэгіёну. У прыватнасці, ён прапаноўваў звярнуць увагу на даходы людзей, якія займаліся перавозкамі буйных партый паліва і цыгарэтаў праз дзяржаўную мяжу, піша «Блог Гродна».

З ягоных слоў, за адзін такі рэйс яны зараблялі блізу $1 тыс. Як расказаў Сямён Шапіра, праверка прадпрымальных жыхароў Гародні, якія займаліся падобнай дзейнасцю, паказала, што некаторыя асобы, якія нідзе афіцыйна не працавалі, «мелі ва ўласнасці па пяць катэджаў».

«Як высветлілася, яны не плацілі ніякіх падаткаў, разам з тым карысталіся ўсімі выгодамі, якія дае грамадзянам дзяржава», - адзначыў Сямён Шапіра.

У сувязі з гэтым ён прапаноўваў ўвесці мясцовы падатак на аб'ёмы вывознага паліва, якія перавысілі пэўны ліміт. Меркавалася, што гэтыя сродкі могуць быць накіраваныя на добраўпарадкаванне дарог, будаўніцтва аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу, дадатковых стаянак і месцаў для адпачынку. Аднак, як патлумачыў старшыня Менаблвыканкама, такая пастанова не была прынятая.

«Наша заканадаўства дзейнічае на тэрыторыі ўсёй краіны, і кожная вобласць не мае права ўводзіць свае падаткі», - растлумачыў ён.

Сямён Шапіра падкрэсліў, што сацыяльныя ўтрыманцы не выплачваюць падаткі, але пры гэтым карыстаюцца бясплатнымі медыцынскімі паслугамі і атрымліваюць адукацыю. У Беларусі будзе весціся праца па выяўленні сацыяльных утрыманцаў. «З гэтым трэба змагацца, і гэта факт», - канстатаваў ён.

Напісаць каментар 80

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках