24 красавiка 2024, Серада, 21:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронца падаў заяўку на мітынг у лазні

27
Праваабаронца падаў заяўку на мітынг у лазні

Праваабаронца Павел Левінаў падаў заяву ў Кастрычніцкі райсуд Віцебска.

Ён пастанавіў аспрэчыць забарону чыноўнікаў на правядзенне адзіночнага шэсця, кіруючыся пастановай гарвыканкама «Аб арганізацыі масавых мерапрыемстваў у Віцебску».

Павел Левінаў распавёў, што праінфармаваў гарвыканкам аб тым, што збіраецца зладзіць адзіночнае шэсце па маршруце ад свайго дома да крамы «Віцебскія прадукты» і атрымаў забарону на гэта «масавае мерапрыемства», так як не заключыў дамовы на абслугоўванне акцыі супрацоўнікамі ЖКГ, лекарамі цэнтральнай гарадской паліклінікі і міліцыяй, паведамляе «Радыё Свабода».

«Я збіраюся аспрэчыць забарону, бо, па-першае, адзіночнае шэсце, як я гэта назваў, ніяк не можа ўважацца масавай акцыяй. Па-другое, я хачу, каб суд ацаніў недарэчнасць самой пастановы Віцебскага гарвыканкама № 881, згодна з якой я павінен хадзіць у краму ў суправаджэнні лекара, міліцыянта і дворніка з мяцёлкай! Пастановай «Аб арганізацыі масавых мерапрыемстваў у Віцебску» рэгламентуецца, што заяўнікі акцый павінны заключаць папярэднія дамовы са службай ЖКГ, паліклінікай і міліцыяй і падаваць іх у органы ўлады разам з заяўкай. Але дамовіцца можна толькі са службай ЖКГ - іншыя структуры па розных прычынах ухіляюцца ад заключэння дамоваў, і таму з 2009 года, калі была прынятая пастанова, у Віцебску не было дазволенае ні адно масавае мерапрыемства паводле ініцыятывы мясцовых актывістаў», - патлумачыў праваабаронца.

З ягоных слоў, ён знарок падае заяўкі на мерапрыемствы, забарона якіх выглядае смешнай і недарэчнай. Так, летам ён звяртаўся ў адміністрацыю Чыгуначнага раёна з заяўкай на правядзенне сходу грамадзян у грамадскай лазні. І атрымаў чаканую адмову.

«Высвятляецца, пайсці ў лазню кампаніяй, прапагандуючы здаровы лад жыцця, можна таксама толькі ў суправаджэнні міліцыянта з пісталетам, дворніка з мяцёлкай і лекара з наборам медыкаментаў! Так было напісана ў лісце аб забароне з раённай адміністрацыі, гэта ж пацвердзіў і суд Чыгуначнага раёна, які не скасаваў забарону чыноўнікаў. Таму мне давялося і далей даводзіць сітуацыю да поўнага абсурду», - распавёў Левінаў.

«У лазню кампаніяй мы ўсё ж такі схадзілі. Адпаведна, парушылі забарону. Пра што я і напісаў сам на сябе заяву ў Чыгуначны РАУС. Там нават праводзілі праверку, падчас якой высветліліся не менш абсурдныя абставіны.

Двое супрацоўнікаў міліцыі напісалі рапарты, што ў адзін дзень са мной яны таксама наведвалі тую самую лазню «з мэтай мыцця і адпачынку». Але мяне там не бачылі, значыць, парушэння з майго боку накшталт і не было. Аднак парушэнне дапусцілі яны: па абавязку графіка абодва міліцыянта ў гэты ж час павінны былі знаходзіцца на працы, а не «адпачываць» ў лазні!

Пра гэта я паведаміў ва ўпраўленне ўласнай бяспекі. Хай там разбяруцца, чым займаюцца віцебскія міліцыянты ў працоўны час. Ці, можа, яны зманілі ў сваіх рапартах, што былі ў лазні, - а мы ведаем такія прыклады, калі супрацоўнікі міліцыі сведчаць фальшыва. Напрыклад, пра тое, што актывісты «лаюцца матам у грамадскіх месцах», - дадаў ён.

Заяву праваабаронцы аб апошняй забароне на паход у краму павінен разглядаць раённы суд, на тэрыторыі якога знаходзіцца Віцебскі гарвыканкам. Менавіта туды звяртаўся праваабаронца, бо маршрут меркаванага «шэсця» праходзіў па тэрыторыі двух раёнаў.

На ягоную думку, гарвыканкам павінен нарэшце адрэагаваць на тое, што людзі адкрыта смяюцца над чыноўнікамі. Іншага не застаецца: сур'ёзныя крокі, каб унесці змены ў пастанову гарвыканкама «Аб арганізацыі масавых мерапрыемстваў у г. Віцебску» ні да чаго не прывялі. На скаргі ў самыя розныя інстанцыі мясцовыя актывісты заўсёды атрымлівалі толькі адзін адказ: пастанова прайшла юрыдычную экспертызу, занесеная ў рэестр прававых актаў, і таму нібыта абсалютна бездакорная.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках