20 красавiка 2024, Субота, 18:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як пражыць на гэтыя смяхотныя сумы?!

93
Як пражыць на гэтыя смяхотныя сумы?!

З 1 лістапада ў Беларусі ўстаноўлены новы бюджэт пражытковага мінімуму.

Успомніўшы арыфметыку, журналісты палічылі, што беларусам можа ставаць на прадукты 20 тысяч на дзень (на думку чыноўнікаў). Карэспандэнт «Салiдарнасцi», узброіўшыся гэтым веданнем, пайшоў па менскіх крамах.

29 кастрычніка Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ўстанавіла новы бюджэт пражытковага мінімуму (БПМ), які зменіцца з 1 лістапада. Нягледзячы на інфляцыю, якая даўно перасягнула параметры, разлічаныя на год, для шмат якіх катэгорый беларусаў ён стаў меншы за папярэдні.

На думку чыноўнікаў, з 1 лістапада тыя сем'і, у якіх даход на аднаго чалавека будзе вышэйшы за 1 396 020 рублёў, апынуцца над рысай беднасці. БПМ павялічыўся толькі на 52 тысячы ў параўнанні з папярэднім паказчыкам.

Для разліку сярэдняга бюджэту пражытковага мінімуму бяруцца патрэбы сям'і з 4 чалавек: мужчыны і жанчыны працаздольнага веку, 13-гадовага хлопчыка і 7-гадовай дзяўчынкі. Выводзіцца сярэдняе арыфметычнае - базавы БПМ, ад якога залежаць сумы пенсій і шмат якіх дзіцячых дапамог.

Жывіце больш сціпла

У Беларусі БПМ разлічваецца ў катэгорыях, і тут выяўляюцца вельмі цікавыя лічбы: з лістапада не павялічыўся, а зменшыўся мінімальны бюджэт дзецям ад 3 да 6 гадоў - адразу на 22,9%, або 376 920 рублёў. Рахункаводы з міністэрства працы афіцыйна знізілі і патрэбы дзяцей да 3 гадоў: на 185 тысяч (мінус 16,9%).

Больш сціпла прапанавалі жыць яшчэ і пенсіянерам - іхні БПМ паменшылі на 71 500 (мінус 6,3%). Як растлумачылі ў Мінпрацы, БПМ як сацыяльны нарматыў прызначаны для надання дзяржаўнай сацыяльнай дапамогі малазабяспечаным грамадзянам (сем'ям).

Жадаючы даведацца, ці можна пражыць на такія грошы (БПМ пенсіянераў цяпер складае 1 072 000, дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў – 911 700, дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў - 1,27 млн), карэспандэнт «Салiдарнасцi» адправіўся па крамах, каб распытаць маладых татаў і мам, а таксама бабуль-дзядуляў.

«Усё - з-за мяжы. Інакш не пражыць»

У адным са сталічных гіпэрмаркетаў маладая мама выбірала дзіцячыя кніжкі. 29-гадовую Інгу, што за клопатам выхавання двухгадовай Дашы не паспявае сачыць за ўсімі навінамі, вестка аб памяншэнні БПМ на дзяцей непрыемна здзівіла:

- Хто гэтыя нормы ўстанаўляе? Як пражыць на гэтыя смяхотныя сумы?! Дзіця расце, яму трэба не толькі адзявацца і есці! Вось тыя ж кніжкі, а я ўзяла толькі тры - дзве простыя казкі і альбом для развіцця маўлення, заважылі на 173 000. Плюс размалёўка, алоўкі, альбомы для малявання і кубікі з пазламі - амаль пяцьсот! Як пракарміць дзіцяці на астатнія паўтары мільёны дзіцячай дапамогі, якія я атрымала? Хай паспрабуюць пражыць на гэтыя грошы хаця б месяц!

У аддзеле цацак згуртаваная шматдзетная сям'я выбірае падарункі Дамініцы і Глебу. Багдан, што надоечы з'явіўся на свет, сапе ў пераноснай частцы вазка. 32-гадовую Юлію і 30-гадовага Анатоля навіна аб чынавенскіх навацыях, вядома, не ўзрадавала.

Юлія:

- Дапамогу на трэцяе дзіця мы яшчэ не атрымлівалі, але хацелася б павелічэння фінансавай дапамогі ад дзяржавы. Муж працуе кіроўцам, і ўсё прывозіць з-за мяжы, дзе дзіцячыя сумесі, адзенне, пампэрсы тыя ж, сурвэткі гігіенічныя, каштуюць значна танней. Таму выпадае выкручвацца. Калі б куплялі усё гэта тут... Нават не ведаю, як жылі б.

Анатоль:

- Толькі на памперсы выдаткоўваецца 3-4 мільёны, пра што вы кажаце, якія два мільёны дапамогі? Толькі харчы купляем тут, і то імкнуся адтуль прывезці. Варыянтаў іншых няма, інакш не пражыць. Балазе, адзенне, цацкі, вазок можна «перадаць у спадкі» малодшым, а калі б усё гэта зноў давялося купляць?

Так, пялюшкі каштуюць нямала, да таго ж немаўляці не патлумачыш, што нават на харчаванне грошай, «выпісаных» беларускімі чыноўнікамі, не стае. Бо слоічак дзіцячага харчавання для малечы каштуе больш за 20 тысяч, якасныя сумесі значна даражэйшыя. Не забывайце, што і маме трэба нешта есці і штосьці надзяваць...

«Яшчэ і паменшылі?»

Маладая пенсіянерка Святлана Мікалаеўна фатаграфавацца не жадае, і пра навіну аб памяншэнні БПМ для пенсіянераў і дзяцей не чула:

- Дык нам жа нібыта падвышаюць пенсіі? Хоць што гэта за набаўка: смех дый годзе. Кошты заўжды растуць, і выходзіць, што пенсія наадварот, - памяншаецца. Давядзецца, напэўна, зноў выходзіць на працу ці падпрацоўку шукаць.

На пытанне аб тым, як пражыць на пазначаныя чыноўнікамі 1,072 мільёна, яна адказвае:

- Божа, адкуль гэтыя лічбы? Яны ў якой краіне жывуць? Добрае мяса за сто тысяч каштуе, нават сасіскі нікчэмныя за 50-60. Малако, хлеб - усё ж даражэе! Хай бы дэпутаты на два з паловай мільёны маёй пенсіі пажылі! Адны лекі пяцьсот тысяч штомесяц ... Як яны гэты бюджэт яшчэ і паменшылі?

Хітаючы галавой, пенсіянерка сыходзіць, а нам застаецца здзіўляцца разам з ёй: як?

І ні ў чым сабе не адмаўляйце!

На гэтае пытанне Мінпрацы адказала: пры ўкараненні новых падыходаў да разлікаў выкарыстаны напрацаваны сусветны досвед. Галоўным чынам - Расеі і Казахстана.

Чыноўнікі распавялі, што раней БПМ вылічваўся паводле іншага прынцыпу: за базу бралі ўсё кошты прапісанага пераліку прадуктаў, патрэбных нехарчовых тавараў і паслуг (паводле Белстата). Рахавалі і выводзілі суму бюджэтаў пражытковага мінімуму. Усё проста. Цяпер спачатку разлічваюцца выдаткі на ежу, затым да іх дадаюць 77% атрыманага значэння (на думку Мінпрацы, гэтых грошай павінна выстачыць на ўсе іншыя выдаткі) і выводзяць новы БПМ.

Няцяжка палічыць, колькі чыноўнікі адмяралі ікры пенсіянерам і дзецям. Такім чынам, першым на ежу павінна ставаць на дзень 20,190 рублёў (1,072:177*100:30), дзецям ва ўзросце да 3 гадоў - 17,170, а дзецям ад 3 да 6 гадоў - 23,920. І ні ў чым сабе не адмаўляйце!

Напісаць каментар 93

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках