28 сакавiка 2024, Чацвер, 20:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Орбан спалохаўся народных пратэстаў

5
Орбан спалохаўся народных пратэстаў

Прэм'ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан пад ціскам грамадскасці і ЕЗ адмовіўся ад увядзення падатку, які закранае палітычныя свабоды.

Улады Вугоршчыны наважылі адклікаць законапраект аб падатку на інтэрнэт-трафік пасля масавых акцый пратэсту. Пра гэта паведамляе BBC.

«Падатак у яго сапраўдным выглядзе ўводзіцца не будзе», - заявіў у пятніцу прэм'ер-міністр Віктар Орбан.

Меркавалася спаганяць падатак у 150 форынтаў ($0,60) з кожнага гігабайта інтэрнэт-трафіку. Гэтая мера была прапанаваная кіруючай партый «Фідэс», каб збалансаваць бюджэт Вугоршчыны ў 2015 годзе, аднак Еўразвяз назваў гэта «дрэннай ідэяй», якая закранае палітычныя свабоды.

Шматлікія акцыі пратэсту пачаліся ў мінулую нядзелю, калі дэманстранты закідалі офіс кіроўнай партыі старымі кампутарнымі запчасткамі.

Незадаволенасць выклікаў не толькі фінансавы чыннік гэтага законапраекта, але і верагоднасць таго, што гэта пацягне за сабой абмежаванне свабоды слова і доступу да інфармацыі.

У выніку пратэстаў урад наважыў абмежавацца ўвядзеннем месячнага падатку ў 700 форынтаў ($2,8) для індывідуальных асоб і 5 тыс форынтаў ($20) для кампаній.

Выступаючы ў эфіры грамадскай радыёстанцыі, Віктар Орбан заявіў, што «калі людзям гэта не толькі не падабаецца, але яны лічаць гэта неабгрунтаваным, тады гэтага рабіць не трэба».

«Падатак павінен быць зменены. Законапраект трэба адклікаць і пачакаць з ім», - сказаў Орбан, дадаўшы, што мера, якую ўлады лічылі «тэхнічнай», ператварылася ў праблему, якая наганяе страх.

Прэм'ер-міністр таксама паабяцаў правесці ў студзені будучага года агульнанацыянальныя кансультацыі ў гэтым пытанні.

Прадстаўнік Еўракамісіі Райн Хіт ахарактарызаваў гэты падатак як «прынцыпова няправільны», паколькі ён уяўляе сабой аднабаковую меру, ужытую да глабальнага феномену.

Еўракамісія раней крытыкавала ўрад Віктара Орбана за прапанаваныя канстытуцыйныя папраўкі, якія служылі ўмацаванню дамінуючых пазіцый яго партыі ў вугорскай палітыцы.

Нагадаем, 29 кастрычніка дзясяткі тысяч пратэстуючых выйшлі на вуліцы Будапешта ў знак нязгоды з планамі вугорскага ўрада ўвесці падатак на інтэрнэт. Гэта найбуйнейшая антыўрадавая дэманстрацыя ў Вугоршчыне за апошнія гады.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках