23 красавiка 2024, aўторак, 23:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Катэджы ў Драздах: раскоша і безгустоўшчына

75

Топ-10 самых прыгожых і выродлівых катэджаў у Драздах.

Кожны чацвёрты катэдж з двухсот, пабудаваных у элітным раёне Менска - Дразды, населены міністрамі і іншымі чыноўнікамі. Зямельныя ўчасткі коштам па паўмільёна даляраў за пяць-дзесяць сотак дасталіся новым гаспадарам фактычна ў падарунак ад дзяржавы.

«Наша Нiва» з дапамогай архітэктаркі Аляксандры Баярынай распачала спробу ацаніць катэджы наменклатурнай эліты. Праўда, гарманічных збудаванняў, якія б радавалі вока прафесіянала, набралася няшмат.

Александра Боярина

У рэйтынг трапілі тры прыгожых дома і сем брыдкіх.

«Гэта аднастайная забудова. Дамы ўжо на момант будаўніцтва былі настолькі простыя, што ўладальнікам прыйшлося прыкласці пэўныя намаганні і фантазію, каб іх ўпрыгожыць, але толькі адзінкам гэта ўдалося», - дзеліцца Аляксандра Баярына сваім першым уражаннем.

«Асноўная частка дамоў выглядае сціпла. А аздабленне негарманічна, - кажа Аляксандра Баярына. - Гэта састарэлая эстэтыка. Наўрад ці гаспадары захочуць дажываць свой век у такіх дамах. Праз 5-10 гадоў катэджы будуць выглядаць зусім непрывабна. У 2000-я яны выглядалі больш-менш, але цяпер зусім несучасна. І любыя спробы ператварыць іх у прыгожыя класічныя катэджы не спрацоўваюць.

У Беларусі няма звычкі зносіць дом і будаваць наноў. Гаспадары будуць чапляцца за дрэнна збудаваныя сцены да канца... А моладзь ўцячэ адсюль, яна ўжо стараецца жыць у сучасных інтэр'ерах, прымяраецца і да сучасных катэджаў».

Топ прыгожых дамоў

Сяргей Мартынаў. Міністр замежных спраў (2003-2012)

 

Усе спробы зрабіць дом прывабным спрацавалі. Адна з труб аздобленая тым жа матэрыялам, што і фасад, іншыя - пафарбаваныя. Абодва варыянты прымальныя, але пераважны ўсё ж першы варыянт.

Прыгожая агароджа ў выглядзе «зялёнай сцяны».

Галоўным выглядае гараж, для асіметрычнага дома гэта дапушчальна.

Аляксандр Касінец. Старшыня Віцебскага аблвыканкама (з 2008), віцэ-прэм'ер (2003-2008)

 

Прывабны дом. Выкарыстаны тыя ж элементы аздаблення, што ў іншых заказчыкаў, але дом выглядае гарманічным.

Цікавы элемент, які прыйшоў да нас з расейскіх каталогаў, - верхняе паддашкавае акно ў выглядзе паўкола, што ўрэзалася ў другое паўкола.

Адно пытанне: навошта тут «пушкінскія» ліхтарыкі? Яны падыходзяць хіба што маленькаму польскаму доміку.

Генадзь Курачкін. Міністр архітэктуры і будаўніцтва (1999-2006)

 

Праект вылучаецца сярод іншых. Можа, ён не самы прыгожы, але вельмі гарманічны. І месца, дзе чалавек адпачывае, і дзе працуе - усё ўзаемазвязана без відавочных кантрастаў.

Дрэва на фасадзе - вельмі незвычайны прыём для Беларусі. Чалавек, які яго выкарыстоўвае, павінен быць адважным. Гэта домаўладальнік новага склада, ён не будуе на 50 гадоў наперад, а думае, як зрабіць жыллё эстэтычным на бліжэйшыя 20 гадоў. Бо астатнія хочуць будаваць «на стагоддзі», але ўжо праз пяць гадоў на твар маральны знос дома. Застаецца толькі разбурыць яго і пабудаваць нанова.

Дыхтоўны ганак, прыгожа пасаджаныя вокны, ды і коміны з больш сучасных матэрыялаў, чым звычайны металапрофіль у суседзяў.

Топ брыдкіх дамоў

Міхаіл Мясніковіч. Прэм'ер-міністр (з 2010).

 

Плюсаў наогул няма. Відавочны кітч. Які элемент ні вазьмі, ён глядзіцца недарэчна.

Пасадка вокнаў, афарбоўка, элементы - усё няўдала.

На вокнах усталяваная дарагая аўтарская коўка, яе, напэўна, выконваў мастак, але без яе было б значна лепш. Зрэшты, ужываць каванне мала каму атрымоўваецца.

Уладзімір Груздеў. Губернатар Тульскай вобласці Расеі (з 2011), бізнэсовец, заснавальнік гандлёвай сеткі «Сёмы кантынент». Дом зарэгістраваны на ягоную маці.

 

Змясціць ініцыялы на фасадзе можна, але крыклівы надпіс - проста жахліва. Усё дарагое і прыгожае падпісваецца сціпла. Гэта расейскі стыль, у якім памеры ўсіх элементаў перабольшаныя. Яшчэ і цяга да калон... Відаць, што заказчык залішне самаўпэўнены: «Плот ў мяне будзе з мазаікі. Усе яе ў басейн кладуць, а я - на агароджу».

Аляксандр Папкоў. Дэпутат «палаты прадстаўнікоў», былы намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта

 

Металадахоўка - танны неэстэтычна матэрыял. Гэта праява благога густу. Абшыўка комінаў выглядае безгустоўна.

Валерый Мазаўко. Кіраўнік будтрэста, які забудоўваюць Дразды

Фото Дениса Блища

 

 

Дробныя цацачныя элементы на фасадзе, і тут жа металапрофіль на комінах, выпадковая для дадзенага аб'ёму крытая аглядная пляцоўка. З адваротнага боку катэджа прыбудаваная псеўдазамкавая вежа са змяшчэннем адносна восі дома.

Сяргей Ткачоў. Генеральны дырэктар «Амкадора», памочнік прэзідэнта (2001-2012)

 

Прысутнічае манія велічы. Заказчык знайшоў толькі адзін спосаб упрыгожыць дом - гіпертрафаваныя аб'ёмы. Тоўстыя калоны, агароджа - усё непрапарцыйна. Дзверы для такога дома павінны былі б быць высокімі, шырокімі і размяшчацца па цэнтры. Гаражныя дзверы і акно зверху размешчаны не па адной восі, а выпадковым чынам. І ад верхняга акна да даху застаецца літаральна 15-20 см, а арачнае акно патрабуе прасторы, над ім павінна быць досыць месцы для накладнога элемента. Так будавалі хіба што ў пачатку 1990-х: што выйшла, то выйшла.

Аляксандр Шпілеўскі. Старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта (з 2001)

 

Непрыгожы плоскі дом, у яго фактычна няма даху. Недарэчны навес над ганкам... Яшчэ і парушаныя восі вокнаў на другім і трэцім паверхах над уваходам. А па баках верхніх вокнаў выступаюць недарэчныя прастакутнікі.

Анатоль Калінін. Віцэ-прэм'ер (з 2010)

 

Поўная безгустоўшчына. Гэтая плоская ляпніна - нават не архітэктура!

* * *

А хто яшчэ?

У Драздах ў свой час атрымалі жыллё больш за 50 чыноўнікаў, некаторыя з іх з цягам часу перапісалі катэджы на жонак або дзяцей:

Абельская Ірына - кіраўнік Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра

Бамбіза Іван - у свой час віцэ-прэм'ер

Батура Барыс - у свой час старшыня Менаблвыканкама

Бардзюжа Мікалай - генеральны сакратар АДКБ, расеец

Васілевіч Рыгор - у свой час генеральны пракурор

Галаванаў Віктар - у свой час міністр юстыцыі

Дражын Уладзімір - у свой час віцэ-прэм'ер

Ерын Леанід - у свой час старшыня КДБ, расеец

Ермакова Надзея - старшыня Нацбанка

Ярмошына Лідзія - старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Захараў Міхаіл - хакейны трэнер

Іванчанка Мікалай - у свой час намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта

Камянкоў Віктар - у свой час старшыня Вышэйшага гаспадарчага суда

Кісель Рыгор - кіраўнік АНТ

Кабякоў Андрэй - кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта

Канаплёў Уладзімір - у свой час старшыня Палаты прадстаўнікоў

Корбут Мікалай Мікалаевіч - у свой час кіраўнік справамі прэзідэнта

Латыпаў Урал - у свой час кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта, расеец

Макей Уладзімір - міністр замежных спраў

Мальцаў Леанід - старшыня памежнага камітэта

Навумаў Уладзімір - ў свой час міністр унутраных спраў, расеец

Нявыглас Генадзь - у свой час кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта

Навіцкі Генадзь - у свой час прэм'ер-міністр

Паўлаў Міхаіл (памёр) - у свой час старшыня Менгарвыканкама

Паўлоўскі Аляксандр - у свой час старшыня памежнага камітэта

Пяткевіч Наталля - у свой час памочнік прэзідэнта

Поўны Фёдар - святар

Папоў Вадзім - у свой час старшыня палаты прадстаўнікоў

Пракаповіч Пётр - віцэ-прэм'ер

Праляскоўскі Алег - у свой час міністр інфармацыі

Радзькоў Аляксандр - першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта

Рыбакоў Валянцін - намеснік міністра замежных спраў

Селязнёў Аляксандр - у свой час міністр архітэктуры і будаўніцтва

Сямашка Уладзімір - першы віцэ-прэм'ер

Сідорскі Сяргей - у свой час прэм'ер-міністр

Сукала Валянцін - старшыня Вярхоўнага суда

Сухарэнка Сцяпан - у свой час старшыня КДБ

Тозік Анатоль - віцэ-прэм'ер

Таўпянец Эдуард - у свой час першы намеснік міністра энэргетыкі

Тапузідзіс Павел - бізнэсовец

Цалко Уладзімір - міністр прыродных рэсурсаў

Чыж Юры - бізнэсовец

Шаўцоў Віктар - бізнэсовец

Шэйман Віктар - кіраўнік спраў прэзідэнта

Апартаменты ў шматкватэрным доме ў Драздах атрымалі:

Андрэйчанка Уладзімір - спікер «палаты прадстаўнікоў»

Снапкоў Мікалай - міністр эканомікі

Напісаць каментар 75

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках