20 красавiка 2024, Субота, 14:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

В Вологде! – Дзе?!

4
В Вологде! – Дзе?!

Беларусь яшчэ мае шанец для будаўніцтва сапраўднай нацыянальнай дзяржавы.

Cлухаючы песьню «Вологда», уключаную ў рэпертуар ансамбля «Песьняры» пад ціскам Міністэрства культуры як твор савецкіх аўтараў і стаўшай папулярнай у яго выкананьні, у мяне заўжды ўзнікала пытаньне: ну няхай было і будзе добра ў Волагдзе, але чаму беларускія песьняры замест «Вот потому-то мила мне всегда, Вологда-гда-гда-гда, Вологда -гда» не сьпявалі б, да прыкладу: «Дзе ж ты мая сінявокая, дзе, ў Віцебску-дзе-дзе-дзе, дзе ж яшчэ дзе» ... ці ў Горадні-дзе, ці ў Берасьці-дзе..? Гэта быў 1976 год і прыклад з «Вологдой» сьведчыць аб тым, як вырашалася нацыянальная палітыка ў савецкай дзяржаве.

Аднак Саюз разваліўся, Беларусь атрымала незалежнасьць, а на першым месьце ў дзяржаўнай падтрымцы песеннай творчасьці зноў перавага аддаецца рускамоўнай песьні (напрыклад, «Славянский базар» ). Нічога не зьмянілася з савецкіх часоў. Закон аб мовах, прыняты Вярхоўным Саветам на пачатку адраджэньня на 10-гадовы перыяд (1990), быў сьвядома забыты новаабраным кіраўніком дзяржавы і яго пасьлядоўнікамі. Больш таго, пайшоў уціск на ўсё беларускае. Частка беларускіх паэтаў і пісьменнікаў перайшла на службу да дэнацыяльнага ўрада (ці то па прывычцы, ці то па кепскаму веданьню роднай мовы). У школах Мінска ня больш 2% вучняў атрымоўваюць веды на роднай мове. Якую будучыню будзе мець беларуская нацыя пры такім развіцьці?

Зараз маючы перад вачыма вайну паміж Украінай і Расіяй і магчымасьць паўтарэньня падобнага сцэнару для Беларусі, раптам, час ад часу, калі гэта вымушаюць зьнешнія абставіны, загаварылі па беларуску Лукашэнка, Мясніковіч, Тозік. Відавочна, што гэтыя тактычныя моўныя практыкаваньні, якія можна назіраць толькі пры пагаршэньні адносінаў з Расіяй, не маюць дачыненьня да сапраўднага нацыянальнага будаўніцтва. Гульні з Расіяй працягваюцца і, як відаць, кіраўнікоў краіны яшчэ не прыціснула так, каб яны ў поўнай меры пачалі ўжываць родную мову ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй дзяржавы – нараўне з рускай. Але калі яны сыйдуць на пенсію, хто адкажа за правал моўнай і нацыянальнай палітыкі?

Беларусь яшчэ мае шанец для будаўніцтва сапраўднай нацыянальнай дзяржавы, па-за межамі «саюза» з Расеяй. Але час вельмі абмежаваны. Аб гэтым сьведчаць прыклады нядаўніх рэферэндумаў аб незалежнасьці - Квебеку ад Канады (1995) і Шатландыі ад Вялікабраніі (2014). Правінцыя Квебэк (былая Новая Францыя) быў захоплены брытанцамі ў 1763 годзе, а Шатландыя падпісала дамову з Англіяй аб утварэньні Каралеўства Вялікабрытаніі ў 1707 годзе (хаця супраціў аб’яднаньню працягваўся да 1746 г.). Рэферэндумы праведзеныя у Квебеку і Шатландыі праз 251 год і 307 гадоў пасьля аб’яднаньня-захопу далі наступныя вынікі – 51% і 55.7% апрошаных, адпаведна, не падтрымалі ідэю аб незалежнасьці. І гэта пры тым, што сучасныя урады і Канады, і Вялікабрытаніі падтрымліваюць нацыянальную ідэнтычнасьць удзельнікаў рэферэндумаў (французкая мова – дзяржаўная ў Канадзе нараўне з англійскай і нават мае перавагу пры прыёме на працу, у Шатландыі дзейнічае свой парламент і ў хадзе адрозныя ад агульнадзяржаўных фунты стэрлінгаў).

Польшча і Літва атрымалі незалежнасьць ад Расіі праз амаль 120 гадоў пасьля трэцяга раздзелу Рэчы Паспалітай (1794). Беларусь жа да гэтага часу не скарыстала дадзеныя ёй магчымасьці ў атрыманьні поўнай незалежнасьці ад усходняга суседа, а прайшло ўжо 220 гадоў пасьля падпарадкаваньня беларусаў Расійскай імперыі. Можна меркаваць, калі праводзіць гістарычныя паралелі з Квебекам і Шатландыяй, што краіна мае для нацыянальнага будаўніцтва яшчэ 30-40 год, бо калі сучасны стан рэчаў ня зьменіцца, то ня будзе з кім пра гэта нават размаўляць - беларусы стануць часткай «русского мира». Перспектыва статуса роднай мовы як дыялекта значна вырасьце – астраханский, вологодский, костромской... белорусский диалекты.

Малаверагодна, што нацыянальная палітыка ўраду можа зьмяніцца; узяць хаця б нядаўнюю заяву сп. Мясніковіча аб аб’яднаньні нацыянальных плацёжных сістэм Беларусі і Расіі. Дадайце ўдзел Беларусі ў наддзяржаўных саюзах, наяўнасьць ваенных расісйскіх баз у краіне і г.д. Хаця абсалютна нельга выключыць магчымасьць рэзкіх рухаў аднаго чалавека, ад якога залежыць прыняцьце ўсіх урадавых рашэньняў. Аднак гэтыя рухі калі і былі, то толькі вымушанымі, псеўданацыянальнымі. Бо сапраўднай дзяржаўнай падтрымкі роднай мовы да гэтага часу няма, а без мовы – няма нацыі.

Антынацыянальны рэферэндум аб дзьвюх дзяржаўных мовах і аб нацыянальных сімвалах (1995) паказаў, што нацыянальную ідэю падтрымлівалі ў той час 988.839 чалавек (калі разлічваць на 20.5 % галасоў грамадзян, якія былі супраць аднаўленьня дзяржаўнага сьцяга савецкіх часоў). Добра было б, каб антыбеларуская палітыка, праводзімая апошнія 20 гадоў, ня зьменшыла хаця б гэту колькасьць сьвядома арыентаваных людзей. Апошнія апытаньні, праведзеныя лабараторыяй Вардамацкага, паказваюць, што амаль 2/3 беларусаў з’яўляюцца прыхільнікамі яднаньня з Расіяй.

Калі казаць пра зьнешні фактар, то зьмяншэньне ўплыву Расіі заўжды выклікала пад’ём нацыянальнага руху на Беларусі (як і на іншых акраінах імперыі) і было б жаданым. Але з другога боку, зьмены ў «Вологде» якімі б ні былі важнымі для Беларусі, але б яны мелі толькі часовы эфект. Як паказалі падзеі ва Украіне, нават апазіцыйныя дзеячы ў Расіі выказваюць шавіністычныя пагляды ў адносінах да самастойнасьці Украіны, у пытаньнях Крыма і г.д. Што казаць пра астатніх. І гэта надоўга. Спадзеўкі каго-нібудзь на развал Расіі, зьмены там улады ці нават на падтрымку Расіі павінны быць адкінутыя. Па той прычыне, што Расія ніколі не прызнае самастойнага развіцьця як Украіны, так і Беларусі.

Дык усё ж такі, што можна дадаць аптымістычнага ў дачыненьні да перспектыўнага развіцьця нацыянальнай ідэі? Народ Беларусі амаль ніколі (ці ўвогуле ніколі) не вырашаў свайго нацыянальнага лёсу. Гэтым займаліся і працягваюць займацца прадстаўнікі нацыянальнай эліты, нават ва умовах «беларускага гета». Аднак, трэба адзначыць, што 83.7% грамадзян лічуць сябе беларусамі. Менавіта гэты патэнцыял народа дагэтуль не выкарыстаны ў поўнай меры нацыянальнай элітай. Стаўка на ліберальныя каштоўнасьці і абарона рэлігійных ці дэмакратычных свабод не здымаюцца з павесткі дня, аднак не гэта будзе вырашальным як у зьмене кіраўніцтва краіны, так і ў трывалым і доўгатэрміновым будаўніцтве нацыянальнай дзяржавы. Калі казаць пра ліберальныя ці дэмакратычныя каштоўнасьці, то паводле многіх апытаньняў беларускае насельніцтва задавальняе цяперашні іх стан. Ставіць на першы план рэлігійныя свабоды - гэта значыць абмяжоўваць сябе, бо звыш як 40% беларусаў ня веруць у Бога ці з’яўляюцца атэістамі.

Такім чынам, можна меркаваць, што менавіта беларускасьць, якую яшчэ адчувае значная большасьць грамадзян краіны, з’яўляецца той глебай, якая будзе вызначальнай у рэалізацыі асноўных палажэньняў нацыянальнай ідэі і прывядзе да істотных зьмен у беларускім грамадстве.

Нацыянальная эліта працуе сёньня у цяжкіх умовах, у дадатак ня маючы адзінства ў сваіх радах. Чаго толькі варты абсурдныя дыскусіі аб магчымасьці развіцьця беларускай культуры ў рускамоўным асяроддзі. Тое ж самае можна казаць пра падрыхтоўку да чарговых прэзідэнцкіх выбараў, якая зноў пачалася са спробаў вызначыць адзінага кандыдата. Сімвалічнае вылучэньне кандыдатам у прэзідэнты беларускага афіцэра і чэснага чалавека Мікалая Статкевіча мае толькі маральныя асьпекты, а не магчымасьць практычнай рэалізацыі такой прапановы. Цяперашні сцэнарый вызначэньня адзінага кандыдата той самы, як і на папярэдніх выбарах, вынікі якіх вядомыя (2001, 2006, 2010). Аб’яднаньне з мэтай зьмены ўлады гэта важная мэта, аднак, цяжка ўявіць як будуць змагацца некаторыя арганізацыі і партыі, што ўваходзяць у кааліцыю, за нацыю і нацыянальныя інтарэсы, калі ва ўставах гэтых структур абсалютна адсутнічаюць палажэньні са словам нацыя?

З другога боку, удзел у выбарах, нават у сумніўных, і асьветніцкая праца толькі падчас іх правядзеньня, не можа быць дастатковай для вырашэньня нацыянальных праблем. Такой канспіратыўнай, рэвалюцыйнай партыі Леніна, якая перавярнула сьвет, у Беларусі няма - нават калі аб’яднаць разам усе існуючыя. Найлепшым выйсьцем застаецца стварэньне нацыянальнай платформы, якую б падрымалі рухі, партыі, арганізацыі, маючыя свае спецыфічныя мэты, падыходы і сродкі для іх рэалізацыі з наступным вызначэньнем лідэраў, якія былі б здольныя рэалізаваць ідэі такой платформы. Такая доўгатэрміновая асьветнікая праца павінна была б даўно ўжо ісьці. Казаць пра посьпех у будаўніцтве беларускай нацыянальнай дзяржавы можна будзе тады, калі зьмены ў сьвядомасьці людзей будуць заўважнымі не толькі ў Мінску, але і ў Віцебску, Горадні, Берасьці...

Пётра Мурзёнак, спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках