19 красавiка 2024, Пятніца, 7:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінскія СМІ: Лукашэнка азалоціцца на вайне ў Данбасе

21
Украінскія СМІ: Лукашэнка азалоціцца на вайне ў Данбасе

Як любы шэры пасярэднік, беларускі дыктатар працуе на два фронты.

Безыменныя цукеркі з Украіны і крэветкі з ЕЗ вязуць у РФ з беларускай маркіроўкай. Куды горш тое, што ўкраінская безназоўная зброя можа апынуцца ў Расеі пад беларускім штрых-кодам. Аб гэтым піша кіеўскае выданне «Деловая столица».

Беларусы навучыліся перапакоўваць

За дзевяць месяцаў гэтага года Беларусі ўдалося істотна падправіць баланс свайго замежнага гандлю. У параўнанні з аналагічным перыядам 2013 адмоўнае замежнагандлёвае сальда скарацілася на $1,5 млрд, да мінус $1,9 млрд. Гэтым беларусы абавязаныя ўкраінска-расейскаму канфлікту. Найбольш важкія бонусы Менск атрымаў дзякуючы ўведзенаму ў канцы лета Крамлём эмбарга на пастаўкі шэрагу тавараў з ЕЗ (гэтую контрмеру РФ зацвердзіла ў адказ на санкцыі Еўропы ў сувязі з удзелам расейскіх войскаў у баявых дзеяннях на ўсходзе Украіны). Пасля гэтага на прылаўкі расейскіх магазінаў пасыпаліся ўпакоўкі крэветак і мідый, ласося і стронгі, што пастаўляюцца з Беларусі. Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта рэспублікі, за дзевяць месяцаў экспарт стронгі ў РФ вырас у 541, марожаных тушак індычкі - у 300, а крэветак і малюскаў - амаль у 200 разоў. Дзіўнае супадзенне імпарт у Беларусь з краін Еўразвязу сінхронна падрос па тых жа таварных пазіцыях. Паводле ацэнцы беларускіх эканамістаў, на перапакоўцы еўрапейскіх прадуктаў для расейскага рынку краіна ўжо зарабіла блізу $0,6-0,7 млрд.

Падобная схема цяпер выкарыстоўваецца і ў гандлёвых стасунках паміж Украінай і Беларуссю. Хоць схіліць суседзяў да такога цеснага супрацоўніцтва Кіеву было вельмі не проста. Усяго тры месяцы таму, у ліпені, афіцыйны Менск ва ўнісон з Расеяй абвясціў аб увядзенні шэрагу гандлёвых абмежаванняў на ўкраінскія тавары. За кошт маніпуляцый з сістэмай ліцэнзавання быў спынены ўвоз у краіну ўкраінскага піва, кандытарскіх вырабаў і бульбы. Украіна адказала неадкладна - 17 ліпеня былі ўведзеныя імпартныя пошліны (ад 50 да 60%) на беларускія малочныя прадукты, шыны, электрычныя лямпачкі, лядоўні і ўгнаенні. Толькі пасля гэтага Менск аднавіў ліцэнзаванне ўкраінскіх тавараў. Праўда, в. а. міністра эканамічнага развіцця і гандлю Украіны Валерый Пятніцкі заявіў, што кампенсацыйныя меры (павышаныя пошліны) у сувязі з гандлёвай спрэчкай з Беларуссю толькі прыпыненая, а не скасаваная. Цяпер дзейнічае рэжым маніторынгу - улады правяраюць, ці сапраўды ўкраінскія пастаўшчыкі аднаўляюць прысутнасць на беларускіх рынках. Аднак прычапіцца фактычна няма да чаго. Сёлета беларускія імпарцёры нечакана сталі купляць украінскія сыры, па выніках дзевяці месяцаў імпарт гэтай прадукцыі дасягнуў $10 млн. Па накатанай схеме беларусы займаюцца «пераўпакоўкай імпарту». І ўкраінскі сыр (пад выглядам беларускага) пастаўляецца ў крамы РФ.

Перавыконваецца «план» і па імпарту ў Беларусь украінскіх кандытарскіх вырабаў. Акцэнт робіцца на ўвозе з Украіны безназоўнай прадукцыі - вырабаў у брыкетах або, як паказана ў мытных дакументах, «у выглядзе бясформеннай масы». Такія тавары прасцей фасаваць і пакаваць для продажу ў Расею. Фактычна ў два разы павялічыўся ўкраінскі экспарт у Беларусь насення сланечніка, з якога там робяць алей.

Масква атрымае ўкраінскую зброю

Менск таксама ўзяў на сябе функцыю пасярэдніка ў гандлі прамысловай прадукцыяй паміж Украінай і Расеяй. Паводле некаторых ацэнак, толькі за кошт перапродажу ўкраінскага абсталявання беларускія кампаніі выручылі сёлета блізу $0,2 млрд. Так, пачынаючы з 2012 РФ паступова робіць больш жорсткімі доступ на свой рынак украінскім вагонабудаўнічым заводам. А дагэтуль пастаўкі фактычна забароненыя праз прэтэнзіі да якасці айчынных камплектуючых. Але пры гэтым пастаўкі запчастак да чыгуначных вагонаў з Украіны ў Беларусь павялічыліся ў 2014 г у грашовым выразе больш чым на траціну, а па асобных пазіцыях - больш чым у пяць разоў. А адгрузка гэтай жа прадукцыі з Беларусі ў Расею прырасла на 40%. Падобна на тое, пастанова Крукаўскага вагонабудаўнічага завода выкупіць пакет акцый Гомельскага вагонабудаўнічага завода ў 2012 г. была больш чым дальнабачнай.

Нарошчваюць пастаўкі ў Беларусь і шэраг прадпрыемстваў канцэрна «Укроборонпром». Яны адгружаюць суседзям вымяральныя прыборы, оптыку і запчасткі да самалётаў. А «Матор Січ» актыўна развівае сваё даччынае прадпрыемства на тэрыторыі Беларусі - Аршанскі авіярамонтны завод. Не выключана, што таксама з прыцэлам на павелічэнне паставак у Расею (прадаваць прадукцыю вайсковага прызначэння з Украіны ў РФ цяпер забараняе ўказ прэзідэнта Пятра Парашэнкі).

Да такога супрацоўніцтва суседзі ставяцца вельмі гасцінна. Аляксандр Лукашэнка ў кастрычніку нават паўшчуваў уласніка «Матор Сичи» Вячаслава Багуслаева за тое, што яго аршанскі завод недастаткова нарошчвае вытворчасць. А ўжо праз пару тыдняў беларускія СМІ паведамілі, што аб'ём заказаў на ўкраінскай «дачцы» завода ў 2015 г. вырасце ў некалькі разоў. Як мяркуецца, гаворка ідзе пра тое, што менавіта ў Беларусі расейцы размесцяць заказ на вытворчасць невялікіх газатурбінных рухавікоў для тактычных баявых ракет Х-55. Не выключана, што для выканання гэтай праграмы з Запарожжа перанясуць адпаведную вытворчасць. Ва ўсякім выпадку Аляксандр Лукашэнка ўжо анансаваў пачатак беларускай ракетнай праграмы, для рэалізацыі якой ён мае намер прыцягваць спецыялістаў-ракетчыкаў з Украіны.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках