20 красавiка 2024, Субота, 2:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Стратэгічная лінія Віганда

4
Стратэгічная лінія Віганда

Еўрапейскія чыноўнікі ўпарта не жадаюць зразумець, якую ролю насамрэч адводзіць ім гэты рэжым у сваіх махлярскіх гульнях.

Не злічыць, колькі было розных ліній у дваццатым стагоддзі. Заўсёды яны пазначалі падзел, апошні рубеж. Далей чужыя ступіць не маглі. Лінія Мажыно. Лінія Манэргейма. Лінія Зігфрыда. Сёння толькі замшэлыя доты ды праваліны ў якім-небудзь еўрапейскім кустоўі нагадваюць людзям былыя амбіцыі.

А цяпер калі і ўзнікае штосьці падобнае, то найчасцей у свядомасці тых, хто на вайну спазніўся. І лініі тыя ўжо не столькі раз’ядноўваюць, колькі злучаюць. Найперш аднадумцаў. Не так даўно на месцы савецкіх закінутых дотаў, з якіх ніколі ніхто не страляў, узнікла пампезная лінія Сталіна. Яна яднае тых, каму да поўнага шчасця не хапае крывавага ката і калючага дроту. Але гэта экзотыка, праявы адпаведнага выхавання і безнадзейнага правінцыялізму.

Еўропа ў гэткія гульні не гуляе. Там свае лініі, надзвычай амбітныя, але часам не менш дзіўныя. Здавалася б, пасля поўнага правалу безнадзейнай любові да Пуціна, еўрапейцы павінны былі больш абачліва выбіраць сабе партнераў на неабсяжнай постсавецкай прасторы. Імгненнага і рашучага пераходу сталіністаў у дэмакраты не адбылося. Але негатыўны досвед у разлік не бярэцца. А тут яшчэ змена пакаленняў. У вялікую палітыку рашуча ўваходзяць людзі, пазбаўленыя былых еўрапейскіх забабонаў. Прагматыкі. Нічога кепскага ў гэтым няма. Вось толькі мяжа, якая аддзяляе прагматызм ад цынізму, ужо амаль што не бачыцца.

Еўрапейскія чыноўнікі ўпарта не жадаюць зразумець, якую ролю насамрэч адводзіць ім гэты рэжым у сваіх махлярскіх гульнях. Пуцін прыкметна збяднеў. Грошы даводзіцца шукаць дзе заўгодна, нават на ненавісным Захадзе. Падкіньце яму сотню-другую мільёнаў у цвёрдай валюце. Ён іх ахвотна скарыстае. Гумовыя дубінкі пасля апошніх выбараў істотна знасіліся. І прыцэлы да снайперскіх вінтовак варта замяніць. Дык запусціце ж якія-небудзь праграмы мадэрнізацыі або нават і дэмакратызацыі. Чыноўнікі тутэйшыя ахвотна пойдуць насустрач. Паразуменне будзе поўным. Але даўно вядома, што ў гульнях з чортам рэй вядзе заўсёды чорт. Выключэнняў не бывае.

І зноў, як заўсёды за год да чарговых прэзідэнцкіх выбараў, пачынаецца доўгатэрміновы працэс перавыхавання дыктатара. Усе разумеюць, што ён нікога да ўлады і блізка не дапусціць. Але мімаволі ўзнікае надзея, а раптам гэтыя выбары будуць больш ці менш дэмакратычнымі. І можна будзе, прызнаўшы іх легітымнасць, зняць процьму застарэлых і прыкрых пытанняў. А таму на парадку дня зноў паўстала пытанне аб мёртванароджаным і амаль забытым тут «Усходнім партнерстве». У канцы глухога тунэля нечакана бліснула святло. І ў Беларусь паспяшаўся Гунар Віганд, дырэктар дэпартамента Расіі, «Усходняга партнерства», Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў.

Нягледзячы на сумны досвед дваццаці папярэдніх гадоў, узнікла прадчуванне, што вось цяпер павінен быць прарыў. І менавіта чыноўнік з такім доўгім тытулам акрэсліць тую стратэгічную лінію, якая надзейна звяжа Беларусь з Еўропай.

Беларускія апазіцыянеры вельмі здзівіліся, што візіт адбываўся нібы ў нейкай таямніцы. І звычайныя сустрэчы з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці не былі прадугледжаны ягонай не надта зразумелай праграмай. Але ці варта тут здзіўляцца?

Гунар Віганд патлумачыў, якімі значнымі справамі быў заняты падчас свайго візіту ў Мінск. «Европа открыла новый проект по сотрудничеству с белорусскими властями, который назвали «Временная фаза сотрудничества». Евросоюз считает, что с белорусскими властями можно договариваться не только об экономическом, но и о политическом сотрудничестве». Калі ўсё так, то дзе ж у гэтым новым раскладзе месца нейкай там грамадзянскай супольнасці, правам чалавека ды яшчэ і палітвязням? Тутэйшыя ўлады адразу крыўдзяцца, як толькі пачынаюцца адпаведныя размовы. Неабачлівым пытаннем на гэты конт можна ўшчэнт сапсаваць «временную фазу сотрудничества». А яна ж так удала пачынаецца. І перспектывы ў тутэйшай шэрай зоне адкрываюцца проста неабсяжныя.

Правіцель таксама шукае адпаведных кантактаў. Не зашкодзяць. Аднак далікатныя перамовы з Вігандам ён даверыў міністру, а сам падаўся на сустрэчу з еўрапейскімі бізнесоўцамі. І там адразу, без аніякіх сантыментаў, распавёў кіраўніку карпарацыі «Штадлер Рэйл Груп» Петэру Шпулеру пра тое, як яму абрыдлі гэтыя прыкрыя санкцыі. І папрасіў дапамогі. Дзелавыя людзі паразумеліся адразу – прагматызм. А вы тут са сваімі палітвязнямі!

Стратэгічная лінія Гунара Віганда выразна акрэслілася з першых крокаў новай брусэльскай дыпламатыі. Ніякіх ілюзій наконт яе перспектыў не застаецца. Усё будзе тут як на пачатку 2010 года. Лёгкі камуфляж у стылі чакання непазбежных дэмакратычных пераменаў. Неверагодная радасць еўрапейскіх бюракратаў – нарэшце і глухія іх пачулі. Доўгачаканая ілюзія вяртання блуднага сына. А потым ўсё тое ж – патаемныя спісы на прэвентыўныя арышты, правакацыі гэбістаў, самыя справядлівыя ў свеце суды і пад завязку перапоўненыя турмы. Наўрад ці ўстрымаецца рэжым ад спакусы канчаткова зачысціць падкантрольную прастору ад непажаданых элементаў. А калі краіна зноў увойдзе ў стадыю магільнага спакою, можна будзе «временную фазу сотрудничества» разгарнуць на поўную моц.

Прагматызм пераможа. І лінія Віганда злучыць нарэшце упартую Беларусь з Еўропай. Дакладней, Брусэль з Драздамі.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках