24 красавiка 2024, Серада, 22:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Стала вядома, як Януковіч рыхтаваўся да падпісання асацыяцыі з ЕЗ і як перадумаў

3
Стала вядома, як Януковіч рыхтаваўся да падпісання асацыяцыі з ЕЗ і як перадумаў

Нямецкае выданне Der Spiegel апублікавала дэталі падзей, якія папярэднічалі выхаду ўкраінцаў на Майдан.

Пакуль еўрапейскія палітыкі зацыкліваліся на патрабаванні вызваліць з турмы Юлію Цімашэнка і думалі, што Украіна цягне з падпісаннем Пагаднення аб асацыяцыі з ЕЗ, каб набіць сабе кошт, яны прапусцілі сапраўдную прычыну таго, чаму Віктар Януковіч адмовіўся ад стасункаў з Еўразвязам, піша "Новое Время".

Выданне піша пра цікавыя дэталі перамоў Януковіча з расейскім лідарам Уладзімірам Пуціным і ягоныя апраўданні перад Еўропай, калі ён даў задні ход. 9 лістапада 2013 г. у вайсковым аэрапорце пад Масквой адбылася сустрэча Януковіча і Пуціна сам-насам.

"Пуцін не адчуваў да Януковіча нічога, акрамя пагарды, ятрачыся ад пастаяннай нерашучасці ўкраінскага лідара. Бывала, ён часта пакідаў Януковіча гадзінамі чакаць пад дзвярыма, як просьбіта. Крэмль быў упэўнены ў ненадзейнасці Януковіча. Хоць гэты чалавек з усходняй Украіны быў значна менш праеўрапейскім, чым ягоны пераемнік, і прадаўжаў упарта супраціўляцца запытам з Масквы", - піша Der Spiegel.

З таго часу, як Пуцін усвядоміў, што Януковіч сапраўды мае намер падпісаць Пагадненне аб асацыяцыі з ЕЗ, ён пачаў рэгулярна засылаць свайго дарадцу Сяргея Глазьева ва Украіну, каб выпрацаваць магчымую рэакцыю РФ на гэтую падзею. Глазьеў пакорліва перадаваў расейскія пагрозы і падрабязна распавядаў пра негатыўныя наступствы для Украіны ад асацыяцыі з ЕЗ. Ён казаў, што асацыяцыя з'яўляецца самагубнай для Украіны, гаворыцца ў артыкуле.

У час сустрэчы з Януковічам Пуцін абяцаў яму мноства эканамічных выгод, у тым ліку зніжку на газ, у выпадку адмовы ад падпісання пагаднення з ЕЗ. У іншым выпадку расейскі прэзідэнт пагражаў развязаць гандлёвую вайну, якая знішчыць ўкраінскую эканоміку. Еўрапейскія эксперты лічаць, што, напэўна, Пуцін таксама паведаміў Януковічу пра тое, што ведае пра ягоныя перамовы з ЕЗ, піша выданне.

"Пасля гэтай сустрэчы настрой Януковіча прыкметна змяніўся. Ён сцішыўся і спыніў свае славутыя маналогі. "Віктар, што адбываецца?" - пыталіся яго брусельскія партнёры. Аднак Януковіч ухіляўся ад простага адказу і ўсё казаў намёкамі", - піша аўтар артыкула.

Калі еўракамісар палітыкі суседства Штэфан Фюле прыехаў у Кіеў, Януковіч заявіў яму, што прэзідэнт РФ растлумачыў яму, як цесна звязаныя расейская і ўкраінская эканомікі. Паводле прызнання Януковіча, ён быў "вельмі здзіўлены, даведаўшыся пра гэта". Гэта заява выклікала шок Фюле. "Але спадар прэзідэнт, вы былі губернатарам, вы былі прэм'ер-міністрам, вы ўжо некалькі гадоў з'яўляецеся прэзідэнтам. І вам трэба распавядаць пра ўзровень узаемазалежнасці ўкраінскай і расейскай эканомік?" - усклікаў Фюле. "Але нашыя эксперты падлічылі..." - прадаўжаў украінскі прэзідэнт. "Якія эксперты?", - здзіўляўся Фюле.

Крыху пазней на футбольным стадыёне ў Парыжы ва ўкраінскага алігарха Віктара Пінчука зазваніў тэлефон, сцвярджае аўтар артыкула. Экс-прэзідэнт Польшчы Аляксандр Квасьнеўскі крычаў у трубку: "Ён вадзіў нас за нос! Януковіч не збіраецца нічога падпісваць. Ён махляр і хлус!"

Па дарозе ў Барыспаль для вылету на сустрэчу ў Вену Януковіч нарэшце знайшоў час, каб папрацаваць з пастановай №905-р, прадаўжае выданне. Дакумент утрымліваў інструкцыі ўкраінскаму ўраду спыніць падрыхтоўку да падпісання Дамовы аб асацыяцыі з ЕЗ "з прычыны нацыянальнай бяспекі краіны". Там жа гаварылася пра неабходнасць правядзення трохбаковых перамоў у фармаце Украіна-ЕЗ-Расея.

Нягледзячы на гэта, нагадвае Der Spiegel, у Вільню прывезлі дзве копіі Пагаднення аб асацыяцыі Украіна-ЕЗ, гатовых да падпісання.

"У гэты раз хацеў чагосьці Еўразвяз, а менавіта - подпісы Януковіча. Барозу быў прыкметна нервовым. Аднак змяніць нешта ўжо не ўяўлялася магчымым. Праз дзве гадзіны перакананняў, Барозу сказаў, што яму пара", - завяршае гісторыю аўтар артыкула.

Фота з архіву Reuters

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках