24 красавiка 2024, Серада, 0:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін прыгразіў Парашэнку новым надыходам

74
Пуцін прыгразіў Парашэнку новым надыходам

Пётр Парашэнка правёў тэлефонную размову з Уладзімірам Пуціным.

Прэзідэнт Расеі пагражаў Украіне новым ваенным надыходам. Пра гэта паведамляе Insider са спасылкай на ўласную крыніцу ў адміністрацыі Пятра Парашэнкі.

А 22:00 26 лістапада журналісты, якія чакалі завяршэння сходу фракцыі БПП, сталі сведкамі, як з адміністрацыі прэзідэнта выйшаў пасол Расеі Міхаіл Зурабаў. Каментаваць позні візіт амбасадар адмовіўся. Пазней прадстаўнік адміністрацыі прэзідэнта Украіны паведаміў выданню, што адбылася цяжкая размова з Уладзімірам Пуціным у прысутнасці амбасадара. На пасяджэнне фракцыі Пётр Парашэнка вярнуўся незадаволеным.

«Ёсць праблема з Расеяй - яны пагражаюць пачаць наступ і патрабуюць прызнання сепаратысцкіх «рэспублік», а таксама адмовы ад уступлення ў NATO і ЕЗ», - распавёў суразмоўца.

Яшчэ адна крыніца выдання, блізкая да прэзідэнта Украіны, паведаміла, што кантактаў з Масквой не было больш за тыдзень, пасля саміту ў Аўстраліі.

«Калі раней яны ледзь не кожны дзень размаўлялі праз тэлефон, плюс мы размаўлялі праз пасярэднікаў, то цяпер усе кантакты спыніліся. І мы не разумеем, што ён (Пуцін) задумаў», - казаў суразмоўца напярэдадні.

Нагадаем, 19 лістапада прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, аб тым што Расеі патрэбныя абсалютныя гарантыі неўступлення Украіны ў NATO. 25 лістапада ў МЗС Расеі прыгразілі, што імкненне Украіны ў NATO прывядзе да далейшага ўскладнення сітуацыі вакол Украіны і не палепшыць жыццё ўкраінскага народа.

Напярэдадні прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка заявіў, што Украіна аднаўляе курс на еўраатлантычную інтэграцыю.

Паводле звестак сацыялагічнай групы «Рэйтынг», ва Украіне ў лістападзе зафіксаваны самы вялікі ўзровень падтрымкі ўступлення Украіны ў NATO сярод насельніцтва. Калі б цяпер праводзіўся рэферэндум аб уступленні Украіны ў NATO, то палова апытаных (51%) прагаласавалі б за ўступленне, 25% - супраць. Яшчэ чвэрць - не вызначыліся або не прымалі б ўдзелу ў такім рэферэндуме.

Напісаць каментар 74

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках