29 сакавiка 2024, Пятніца, 18:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуціна можна спыніць толькі ва Украіне

9
Пуціна можна спыніць толькі ва Украіне

Калі Расея зможа падпарадкаваць сабе ўкраінскую ўладу, наступнымі будуць краіны Балтыі.

Пра гэта піша на партале «Новы час» гісторык, дырэктар Украінскага інстытута нацыянальнай памяці Уладзімір Вятровіч.

Еўрапейцы цяпер падобныя на рыб, якія не здольныя ацаніць важнасць вады да таго, пакуль знаходзяцца ў ёй. Тое ж самае са свабодай - для Еўропы гэта нешта, што само сабой разумеецца. Мы паказалі, што свабода варта таго, каб за яе змагацца. Гэта надзвычай важна ў ХХІ стагоддзі, калі людзям усё часцей прапаноўваюць адмовіцца ад свабоды дзеля бяспекі або прывіднай велічы дзяржавы.

Свет павінен зразумець: тое, што цяпер адбываецца, - гэта не вайна Украіны з Расеяй і ўжо дакладна не ўнутрыўкраінскія канфлікт. Гэта барацьба еўрапейскіх ліберальна-дэмакратычных каштоўнасцяў з савецкімі, на якія абапіраецца Пуцін. Расея неаднаразова давала зразумець, што яе амбіцыі - аднаўленне ўплыву ў межах СССР. Калі Пуцін зможа падпарадкаваць сабе нашу ўладу, наступнымі будуць краіны Балтыі. Спыніць яго можна толькі ва Украіне.

Аснова ідэнтычнасці сучаснай Расеі - гэта савецкія каштоўнасці. Таму і ў вайне з Украінай яна выкарыстоўвае сэнсы і формы менавіта савецкай прапаганды. У гэтым яе сіла, таму што ў свядомасці многіх людзей гэтыя сэнсы жывуць дагэтуль. Але ў гэтым і слабасць - гэтая ідэя рэтраградная і не мае нічога агульнага з сучаснасцю.

Украіна ж спрабуе пераасэнсаваць савецкае мінулае, і гэта само па сабе выклік для Расеі. Па-першае, таму што адраджэнне СССР магчымае толькі пры ўдзеле Кіева. А па-другое, асуджэнне злачынстваў камуністычнага мінулага набывае зусім іншае гучанне, калі да яго далучыцца Украіна.

Наіўна спадзявацца, што, калі Пуціна зменіць іншы кіраўнік, Расея зменіцца. Пуцін гуляе на імперскіх амбіцыях расейцаў, але ён не столькі фармуе гэтыя настроі, колькі падладжваецца пад іх. Большасць краін, якія некалі былі вялікімі імперыямі - Вялікабрытанія, Гішпанія, Партугалія, - ужо перахварэлі імпэрскім мінулым, але Расея дагэтуль спрабуе яго адрадзіць.

У расейскай ментальнасці значна больш, чым ва ўкраінскай, прыжылася канцэпцыя падпарадкавання ўладзе і цару. Украінцы, наадварот, заўсёды змагаліся супраць любой улады, і ў гэтым заключаецца прынцыповая розніца паміж намі. Гэта было вельмі заўважна на палітыцы Януковіча. Ён, у сутнасці, паўтараў расейскія крокі, і ва Украіне гэта прывяло да паўстання і да страты ім улады, тады як у Расеі - да сцвярджэння рэжыму Пуціна.

Сепаратызм на ўсходзе Украіны тлумачыцца проста - гэта рэгіёны, якія больш за ўсё пацярпелі ад савецкай улады. Там загінула шмат украінцаў, і гэтыя вобласці засяляліся работнікамі з Расеі падчас індустрыялізацыі. Пры гэтым культура там першапачаткова фармавалася як савецкая. Пры СССР Данбас штучна падтрымлівалі, робячы яго рабочым раем, дзе людзі фізічнай працай маглі зарабіць вялікія грошы. Пасля падзення Савецкага Саюза датацыі спыніліся, многія пачалі губляць працу, таму для іх незалежнасць Украіны звязана з пагаршэннем сацыяльна-эканамічнага становішча. Данбас ператварыўся ў рэгіён з нізкім узроўнем прадпрымальніцтва і мабільнасці насельніцтва. Свет для яго жыхароў адкрываўся толькі праз экран тэлевізара, які паказваў тое, як добра жывецца ў Расеі. Усё гэта і прывяло да таго, што ў Данбасе захавалася савецкая культура.

Для прыкладу: Харкаў таксама з'яўляецца савецкім, але яго інтэлектуальны складнік зрабіў немагчымым усталяванне там Харкаўскай народнай рэспублікі. Або Адэса - яна заўсёды была шматнацыянальным горадам, таму там гуляць на савецкіх каштоўнасцях было абсалютна нерэальна. З гэтых прычынаў Пуціну не атрымалася рэалізаваць амбіцыйны план ахопу народнымі рэспублікамі вялікай часткі Украіны.

Асноўны ўрок гісторыі для Украіны заключаецца ў тым, што для супрацьстаяння агрэсару грамадзяне і ўлада павінны аб'яднацца. Толькі ў гэтым выпадку мы пазбегнем сацыяльнага бунту ўнутры краіны, незадаволенасці уладай, якая здольная выліцца ў грамадзянскую вайну. Улада павінна зрабіць усё, каб грамадзяне бачылі ў ёй сілу, якой можна давяраць. А мы - даць ўладзе гэты крэдыт даверу.

Расея цяпер зацікаўленая ў захаванні анклава, непадкантрольнага ўкраінскай уладзе, - гэта спосаб уплываць на сітуацыю ва Украіне. Падобны сцэнар РФ рэалізавала ў Грузіі ў 1990-х гадах, калі была захопленая частка грузінскай тэрыторыі, дзе вялася вайна, якая ў рэшце прывяла да паслаблення Грузіі і станаўлення прарасейскага прэзідэнта Шэварнадзэ.

А наогул, тое, што цяпер адбываецца ва Украіне, вельмі падобна на падзеі 1918-1919 гадоў, калі з аднаго боку - маладая і няпэўная ў сабе дзяржава, а з другога - агрэсія ўсходняга суседа. Тое, што цяпер завецца гібрыднай вайной, выкарыстоўвала яшчэ бальшавіцкая Расея ў 1918 годзе - тады таксама ствараліся паралельныя ўрады, ваенізаваныя фармаванні, якія падтрымліваліся бальшавікамі, велізарны прапагандысцкі складнік вайны. Дзякуй богу, мы не можам казаць аб поўнай аналогіі, таму што цяпер украінская дзяржава нашмат мацнейшая, а ўзровень нацыянальнай свядомасці ў людзей на парадак вышэйшы.

Фота: AP

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках