28 сакавiка 2024, Чацвер, 13:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мянчук загінуў падчас пажару ў «кватэры-сейфе»

9

Праз металічныя ўваходныя дзверы пажарным прыйшлося пранікаць у кватэру праз акно на чацвёртым паверсе.

Як паведаміў interfax.by прэс-сакратар Менскага гарадскога ўпраўлення МНС Віталь Дэмбоўскі, паведамленне аб паху гару ў пад'ездзе дома па вуліцы Бялецкага, 22, паступіла ў цэнтр аператыўнага кіравання а 17.12 пятніцы ад жыхароў шматпавярховіка.

- Пасля прыбыцця да месца выкліку паводле знешніх прыкмет нічога не назіралася, - праінфармаваў Віталь Дэмбоўскі. - Падчас выведкі было ўсталявана, што ў пад'ездзе прысутнічае слабы пах гару. Для выяўлення ачага пажару падраздзяленням МНС прыйшлося правяраць усе кватэры ў пад'ездзе па лесвічнай клетцы - з першага да дзясятага паверху. У выніку было ўстаноўлена, што паверхня металічных дзвярэй у кватэру на чацвёртым паверсе гарачая. Начальнікам варты была прынятая пастанова пранікаць у кватэру шляхам узлому дзвярэй з адначасовай устаноўкай аўталесвіцы для пранікнення ў кватэру праз акно.

Пры правядзенні выведкі ўсярэдзіне жылля на падлозе ў адным з пакояў, побач з канапай, быў знойдзены загінулы гаспадар кватэры - пенсіянер 1949 нараджэння. Пошук ускладняўся высокай тэмпературай і моцным задымленнем у кватэры.

- Загінулы, са слоў суседзяў, характарызаваўся станоўча, спіртнымі напоямі не злоўжываў, на ўліку, не знаходзіўся, - адзначыў Віталь Дэмбоўскі. - У выніку ўзгарання пашкоджаная канапа, закураныя сцены і столь у кватэры. Прычына пажару высвятляецца.

Прадстаўнік Менскага гарадскога ўпраўлення МНС дадаў, што спазненне падраздзяленняў да месца выкліку абцяжарвалася інтэнсіўным рухам транспарту - была гадзіна «пік», а таксама галалёд. Акрамя таго, пад'езд да дома быў абцяжараны прыпаркаванымі аўтамабілямі. Для рэагавання да месца пажару былі накіраваныя два экіпажы ДАІ.

А вось яшчэ аднаго пацярпелага на пажары, ужо ў доме па вуліцы Сядых, супрацоўнікам МНС удалося выратаваць. Паведамленне аб здарэнні паступіла а 17.54 пятніцы. Пасля прыбыцця да месца выкліку паводле знешніх прыкмет назіраўся дым моцнай канцэнтрацыі з вокнаў на пятым паверсе пяціпавярховага жылога дома. Падчас выведкі было ўсталявана, што адбылося загаранне маёмасці на плошчы 6 квадратных метраў у жылым пакоі трохпакаёвай кватэры.

Работнікамі МНС з падпаленай кватэры выратаваны грамадзянін, з яго слоў - 1982 года нараджэння (асабістыя звесткі і звесткі з месца працы ўсталёўваюцца, як і прычына знаходжання ў кватэры). З атручэннем прадуктамі гарэння, апёкамі верхніх дыхальных шляхоў, як мяркуецца, у наркатычным ап'яненні, ён шпіталізаваны. Прычына пажару высвятляецца.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках