20 красавiка 2024, Субота, 10:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сярэдневечча нам зайздросціць

4
Сярэдневечча нам зайздросціць

Хочацца часам паруліць літаратурным працэсам. Даўно ж не было гэткіх сустрэч, дзе разам свае і чужыя.

Здаецца, з 1997 года. На той амаль забытай размове чужымі былі ўсе. Крычалі. Чагосьці патрабавалі. Праблему давялося вырашаць рэвалюцыйнымі сродкамі. Патрабавальных ды прынцыповых выкінулі з будынка, узведзенага калісьці на мінскай вуліцы Фрунзе на адлічэнні ад іх жа ўзносаў ды ганарараў. І ўвогуле, стварылі ў той час новы Саюз пісьменнікаў Беларусі. Свой, надзейны. З генералам міліцыі на чале.

Бунтоўнікаў ды крыкуноў, як можна было чакаць, нікуды не выслалі. Тут жа дэмакратыі – мора. І мяжа, за якой яны адразу апынуліся, хутчэй уяўная, чым сапраўдная. Цікава нават, як ім цяпер жывецца,- амаль у падполлі, або ў гета. Сапраўды, прайшло шмат часу. Дастаткова, каб кожны мог зразумець, хто тут чужы і хто свой.

А таму варта адразу падкрэсліць дыстанцыю. Проста і велічна ўвайсці ў вялікую залю. Пад сцягамі заняць сваё месца. Не спяшаючыся, перагарнуць паперкі, старанна падрыхтаваныя падручным чынавенствам. І агаломшыць прысутных пытаннем па сутнасці: «В чем причина того, что за прошедшие двадцать-тридцать лет так и не появились современные «Война и мир», «Поднятая целина»? Это что, отсутствие талантов?»

Вось так – пытанне рубам. І хіба могуць яны запярэчыць, усе гэтыя пісьменнікі ды рэжысэры? Няма нават ценю рызыкі, што хтосьці з іх устане раптам ды плясне на стол некалькі важкіх тамоў, адпаведных тым яснапалянскім ды вёшанскім.

Па-першае, ахова не дазволіць – не тыя часы. А па-другое, ён ведае добра, што няма такіх твораў у прыродзе. Таксама часы не тыя. А таму можна спакойна перабіраць паперкі, адмятаючы непатрэбнае, спыняючыся на абзацах, якія агучыць варта.

«В наши дни никто не диктует, о чем писать. Если диктуют, то вы, пожалуйста, скажите, кто и что диктует. Ушли в прошлое цензура и госмонополия на печатное слово. Если не так, вы тоже мне об этом скажите».

Якая цудоўная краіна! Свабоды тут – няма куды падзець Толькі яна чамусьці занадта своеасаблівая і безнадзейна таталітарная. Вось толькі некаторыя з яе незлічоных праяў.

Свабодны тэатр, які нікога тут не чапаў і не крыўдзіў, працаваў на ўскраіне ў арэндаванай развалюшцы, быў запрошаны гасціннымі гаспадарамі адной з сядзіб у Мінскім раёне. Звычайная сустрэча творцаў і аматараў гэтага тэатра. Сабраліся гледачы – родзічы і сябры тых гаспадароў. Ледзь толькі пачаўся спектакль, уламіліся амапаўцы. Схапілі ўсіх – і гледачоў, і актораў. А што вы хочаце – свабода творчасці!

Звычайныя мытнікі затрымалі на мяжы некалькі асобнікаў кнігі Алеся Бяляцкага, прысвечанай Францішку Багушэвічу ды іншым беларускім пісьмненнікам. Імгненна ўзнікла падазрэнне, што гэта штосьці надзвычай небяспечнае. Стварылі экспертную групу з правінцыйных служак рэжыму. Вынікаў доўга чакаць не давялося – так і ёсць, экстрэмізм. Кнігі ідуць у агонь, сярэдневечча нам зайздросціць. Свабода!

На мінскай вуліцы, якая носіць імя Івана Мележа, дзе жыў паэт Рыгор Барадулін, маладыя журналісты здымалі Уладзіміра Някляева. Звычайная, здавалася б, з’ява нават у запалоханым і звышрэжымным Мінску. Аднак у той жа час па вуліцы гэтай праходзіў нейкі дробны міліцэйскі кручок. Ён пачуў беларускую мову, што само па сабе падалося яму надзвычай падазроным. Выклікаў дапамогу. Забралі ўсіх ў пастарунак.

Не на службе быў чалавек. Проста ішоў сабе кудысьці па вуліцы. Але пільнасьці не страціў. Небяспеку вызначыў адразу. Нездарма ж міліцыянтаў цяпер у сем разоў болей, чым за савецкім часам. І ўсе бароняць свабоду. Тым болей, творчую.

Добра жыць у краіне, дзе ўсе так шчыра клапоцяцца аб прыгожым пісьменстве. І дзе нават самы галоўны начальнік можа вось так аднойчы ўсё кінуць, каб асабіста ўзяцца за літаратурны працэс. Толькі ці варта ў гэткіх выпадках захлынацца ад радасці?

Аднак запрошаныя на тую высокую сустрэчу былі надзвычай далікатнымі. І тэмы непрыемныя, накшталт пятага тэрміну на адной пасадзе або лёсу палітвязняў, ніхто не закранаў. Магчыма, велічна-калгасная атмасфера ЦАЛ ДИР БИЕ патрабавала ад прысутных памяркоўнасці. А можа, усё куды прасцей. Няма ўжо Быкава, Адамовіча, Бураўкіна, Барадуліна. І, як казаў адзін паэт, усё цяпер дазволена. Этычныя нормы больш не перашкода. Дамаўляцца можна і з дыктатарам. Хто сказаў, што канфармізм – гэта кепска?

І сапраўды, навошта было валтузіцца ажно дваццаць год? Ён жа памяркоўны чалавек. Нават літаратурай раптам зацікавіўся. Перажывае, што няма шэдэўраў. І светлы вобраз Макара Нагульнава ў творчасці ўсёй гэтай кагорты пакуль што не прадбачыцца. Дарэчы, тэму палітзняволеных сам жа закрануў. На пальцах патлумачыў асабліва недасведчаным, што гэткай катэгорыі ва ўмовах абсалютнай законнасці няма і быць не можа. А Мікола Статкевіч як сядзеў, гэтак і сядзець будзе. Сам вінаваты.

Выдатная атрымалася размова. Якія далягляды разгарнуліся перад краінай і яе пісьменствам! І голыя кручкі зіхацяць там так прывабна. Вось толькі возьме правіцель пяты тэрмін, і ўсё адразу будзе. Магчыма, нават першую беларускамоўную навучальную ўстанову адчыняць. Як толькі рак на гары свісне, дык адразу. І ўвогуле, тут з мовай не так ўжо і кепска. Яна тут квітнела і будзе квітнець. Насуперак асобным злым мянтам. І нават ён, правіцель, як было засведчана, беларускамоўным можа стаць імгненна.

Адно толькі ў краіне кеска. Побач з раманам Талстога і калгаснай эпапеяй Шолахава пакуль паставіць нечага. Але нічога страшнага, калі ніхто з літаратараў твор запатрабаваны не напіша.

Быў жа калісьці такі маршал – герой неаднаразовы і кіраўнік незабыўны магутнага Савецкага Саюза. Таксама чакаў шэдэўра і не дачакаўся. Тады ён сеў і сам ўсё напісаў. Пра ўласны гераічны шлях. Супертвор на ўсе часы. Краіна чытала і плакала.

А мы чым горшыя? Дачакаемся.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках