28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін: Цяжка будзе два гады

88

Прэзідэнт Расеі не выключыў падзення коштаў нафты да $40

Пра крызіс у Расеі

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін падчас вялікай прэс-канферэнцыі паабяцаў, што «крызіс у Расеі абавязкова скончыцца».

З ягоных слоў, у горшым выпадку на выхад з эканамічнай сітуацыі, што склалася ў краіне спатрэбіцца два гады, піша Lenta.ru.

«Адскок ў плюс у эканоміцы Расеі непазбежны», - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым Пуцін выказаў надзею, што тэндэнцыя зніжэння курсу замежных валют захаваецца, а рубель працягне ўмацоўвацца. У той жа час, з ягоных слоў, узнікаюць пытанні да своечасовасці мер, якія прымаюцца ўрадам і Цэнтрабанкам.

«Ёсць пытанні і да ўрада, і да Цэнтрабанку з нагоды своечасовасці, якасці мер, што прымаюцца, але, агулам, абсалютна адэкватна, у правільным кірунку адбываюцца дзеянні», - падкрэсліў ён.

На думку прэзідэнта, сітуацыя якая склалася ў расейскай эканоміцы справакаваная, у першую чаргу, замежнымі фактарамі. Аднак сярод унутраных прычын ён назваў недастатковую дыверсіфікацыю эканомікі.

Пра Крым

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін заявіў, што існая сітуацыя ў расейскай эканоміцы не з'яўляецца адплатай за далучэнне Крыма.

Аб гэтым кіраўнік дзяржавы сказаў падчас штогадовай прэс-канферэнцыі.

З ягоных слоў, толькі 25-30% праблем у расейскай эканоміцы былі справакаваныя увядзеннем санкцый.

«Справа не ў Крыме, справа ў тым, што мы абараняем права на сваю самастойнасць, на свой аўтарытэт, - падкрэсліў прэзідэнт. - Адабраць у Мексікі Тэхас - гэта справядліва. А тое, што мы на ўласнай зямлі гаспадарым - гэта не справядліва?»

Пуцін адзначыў, што цяпер Расея абараняе права на сваё існаванне. Падчас свайго адказу кіраўнік дзяржавы параўнаў Расею з Мядзведзем. «А калі вырвуць кіпцюры і зубы, ён больш не патрэбен. Зробяць з яго пудзіла, і ўсё, - падкрэсліў прэзідэнт. - Мы павінны прайсці праз гэта. Ці мы хочам, каб нашу шкуру павесілі на сценку? Вось у нас які выбар, і Крым тут не пры чым».

Журналіст у майцы «Укроп» - Пуціну: Не сакрэт, што ў Данбасе ваююць вайскоўцы РФ

Журналіст УНИАН Раман Цымбалюк задаў прэзідэнту РФ пытанне пра расейскіх жаўнераў у Данбасе і лётчыцу Надзею Саўчанку.

«Вы праводзіце карную аперацыю на ўсходзе нашай краіны. Не сакрэт, што там ваююць расейскія вайскоўцы. Пры якіх умовах вы адпусціце лётчыцу Надзею Саўчанку, украінскага рэжысёра Алега Сянцова і яшчэ 30 палонных?» - спытаў ён.

«Што да грамадзянкі Саўчанкі. Я займаю абсалютна адкрытую пазіцыю. Тут сядзяць калегі тых журналістаў, якія загінулі, выконваючы свой службовы абавязак на тэрыторыі Усходняй Украіны. Яны былі без зброі. Абавязак усіх дзяржаўных структур - ахоўваць іх жыццё і здароўе. Даць ім магчымасць выконваць свой абавязак. Паводле звестак нашых праваахоўных органаў, наводчыкам у гэтым забойстве была спадарыня Саўчанка. Калі высветліцца, што яна не вінаватая, яна будзе вызваленая. Калі высветліцца, што яна вінаватая, яна будзе адбываць пакаранне ў адпаведнасці з пастановаю суда.

Што да іншых. Мы не ўважаем іх ніякімі палоннымі. Яны знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі. Паводле іх праводзіцца папярэдняе следства ў падазрэнні ў дачыненні да тэрарыстычнай дзейнасці.

У нас у Расеі за ўсё адказвае прэзідэнт. Што тычыцца вайскоўцаў, то за іх лёс адказвае вярхоўны галоўнакамандуючы. Усе людзі, якія на заклік сэрца выконваюць свой абавязак, не з'яўляюцца наймітамі. Яны за гэта грошы не атрымліваюць.

На ўсходзе Украіны сапраўды карная аперацыя. Але яна праводзіцца кіеўскімі ўладамі. Сёння спрабуюць развязаць пытанне з дапамогай эканамічнай блакады. Гэта бесперспектыўны шлях.

Спадзяюся, што нам удасца ўрэгуляваць сітуацыю палітычнымі мерамі і аднавіць адзіную прастору», - заявіў Пуцін.

Пра Хадаркоўскага і выбары

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін мяркуе, што былы кіраўнік ЮКАСа Міхаіл Хадаркоўскі можа займацца палітыкай і ўдзельнічаць у выбарах у якасці кандыдата, як і іншыя грамадзяне РФ. Пра гэта Пуцін заявіў падчас вялікай прэс-канферэнцыі ў чацвер, 18 снежня, адказваючы на адпаведны пытанне журналіста.

Задаючы пытанне кіраўніку дзяржавы, прадстаўнік СМІ нагадаў, што, атрымаўшы памілаванне, Хадаркоўскі абавязаўся не займацца палітыкай, аднак нядаўна былы кіраўнік ЮКАСа не выключыў, што будзе балатавацца ў прэзідэнты. Тады Пуцін спытаў, на пасаду прэзідэнта якой краіны мае намер прэтэндаваць Хадаркоўскі, але не атрымаў адказу ад журналіста. Пасля гэтага расейскі лідэр адзначыў, што былы кіраўнік нафтавай кампаніі вольны весці палітычную дзейнасць, як і іншыя грамадзяне Расейскай Федэрацыі.

«Спадар Хадаркоўскі звярнуўся з просьбай аб памілаванні, ва ўсякім выпадку, паперу адпаведную даслаў і пэўна, не збіраўся займацца палітыкай, - нагадаў прэзідэнт. - Але калі я пастанову прымаў аб памілаванні, зыходзіў не з таго, што ён можа ці не можа, будзе ці не будзе займацца палітыкай».

Пра Чачню і Кадырава

Ксенія Сабчак з тэлеканала «Дождж» пытаецца пра сітуацыю ў Чачні.

«Рамзан Кадыраў фактычна заявіў, што на тэрыторыі Чачні больш не працуюць расейскія законы, расейская Канстытуцыя, а менавіта абвясціў, што будзе ажыццяўляцца расправа над сваякамі тэрарыстаў, адзіная праваабарончая арганізацыя, якая працуе там, падпадае пад пераслед», - заявіла яна.

Пуцін адказаў, што Кадыраў не меў права рабіць падобныя заявы, але ў той жа час сцвярджае, што ягоныя эмоцыі можна зразумець, гэта менавіта тое, чаго чакала чачэнскае грамадства.

Пра Парашэнка і ўкраінскіх чыноўнікаў

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка настроены на пошук развязання канфліктнай сітуацыі, але іншыя прадстаўнікі ўкраінскага кіраўніцтва часам выказваюцца ваяўніча, заявіў Пуцін.

«Безумоўна, прэзідэнт Украіны хоча ўрэгулявання, і ў мяне няма сумневаў, што ён імкнецца да гэтага, але ён там не адзін. Мы чуем заявы іншых службовых асоб аб тым, што трэба ваяваць да канца, і ледзь не пра тое, што ўсё можа прывесці да агульнакантынентальнага крызісу. Чуем шмат ваяўнічых заяў», - сказаў Уладзімір Пуцін.

«Думаю, што прэзідэнт Пётр Парашэнка настроены на ўрэгуляванне, але патрэбныя канкрэтныя дзеянні, крокі», - адзначыў кіраўнік расейскай дзяржавы, дадаўшы, што іншага шляху, акрамя як мірны шлях урэгулявання, не існуе.

Пра ЗША

ЗША ствараюць пагрозу для Расеі, разгортваючы сістэму супрацьракетнай абароны, заявіў Пуцін.

Са слоў кіраўніка дзяржавы, Масква ў сваю чаргу не атакуе Захад у палітычным сэнсе, а толькі абараняе свае інтарэсы.

«Вы сказалі, што Расея ў пэўнай ступені ўнесла свой уклад у тую напружанасць, якую мы цяпер назіраем у свеце. Расея ўнесла свой уклад, але толькі ў тым сэнсе, што яна больш жорстка абараняе свае нацыянальныя інтарэсы (...). Мы ні на каго не нападзем, мы толькі абараняем свае інтарэсы», - заявіў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Масква хоча развіваць нармальныя стасункі з Захадам у эканамічнай галіне, а таксама ў сферы бяспецы і барацьбы з тэрарызмам. Пры гэтым Пуцін адзначыў, што паміж Расеяй і Захадам сталі ўзводзіцца сцены і адбылося гэта не цяпер.

«Вы цяпер сказалі, што паваліўся Берлінскі мур. Цяпер мы бачым тое, што ўзводзяцца нейкія новыя муры (...). Хіба пасля Берлінскага мура нам не казалі, што не будзе пашырэння NATO на Усход? Але яно ж пачалося неадкладна! Дзве хвалі пашырэння. Гэта што, не мур?» - сказаў расейскі прэзідэнт, адказваючы на пытанне журналіста.

Пра Еўтушэнкава

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін паведаміў, што запрасіў асноўнага ўладальніка АФК «Сістэма» Уладзіміра Еўтушэнкава на пераднавагоднюю сустрэчу з бізнэсоўцамі.

З ягоных слоў, следства не даказала факту адмывання грошай, у гэтай частцы з Еўтушэнкава абвінавачванні знятыя. Кіраўнік дзяржавы выказаў надзею, што АФК «Сістэма» адновіць свае пазіцыі на біржы, згубленыя праз справу «Башнафта».

Напісаць каментар 88

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках