25 красавiка 2024, Чацвер, 16:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украіна і Нідэрланды апублікавалі звесткі расследавання катастрофы «Боінга»

6
Украіна і Нідэрланды апублікавалі звесткі расследавання катастрофы «Боінга»

Расследаванне катастрофы можа працягвацца яшчэ на працягу ўсяго 2015 года.

Нідэрланды і Украіна амаль адначасова апублікавалі інфармацыю Міжнароднай следчай групы аб ходзе расследавання катастрофы «Боінга» пад Данецкам. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Службы бяспекі Украіны.

«Расследаванне, якое з'яўляецца неабходным для атрымання яснасці ў гэтай справе, з'яўляецца складаным і патрабуе шмат часу. Паводле папярэдніх звестак, расследаванне гэтай катастрофы будзе працягвацца яшчэ на працягу ўсяго наступнага года», - гаворыцца ў паведамленні.

Начальнік галоўнага следчага ўпраўлення СБУ Васіль Воўк распавёў, што ў канцы года галандская старана апублікуе ўзгодненую ўсімі бакамі справаздачу аб ходзе расследавання абставінаў трагедыі.

У звароце пракурора Нідэрландаў Фрэда Вестэрбеке да сваякоў загінулых адзначаецца, што следства засяродзілася на вызначэнні дакладнай прычыны авіякатастрофы і ўсталяванні асоб, якія нясуць за яе адказнасць.

«З самага пачатку Генеральная пракуратура зыходзіла з таго, што гаворка ідзе пра падазрэнні ў наўмысным забойстве, ажыццяўленні авіякатастрофы са смяротным зыходам і ваенным злачынстве», - паведаміў ён.

Экспэрты даследавалі лічбавыя і тэлекамунікацыйныя перахопы тэлефонных размоваў, у тым ліку, якія былі апублікаваныя ўкраінскім бокам. Было даследавана каля 5,5 млрд старонак сайтаў у сетцы інтэрнэт, такіх як блогі і форумы, а таксама старонкі сацыяльных сетак, дзе публікаваліся, у тым ліку, фатаграфіі і відэаматэрыялы з усходняй Украіны.

Праведзена ідэнтыфікацыя пераважнай большасці загінулых у катастрофе. У пэўнай колькасці ахвяр былі выяўленыя ў целе металічныя фрагменты, якія не адпавядаюць матэрыялу самалёта і могуць быць элементамі ракеты, паведамляюць у СБУ.

«Шматлікія паведамленні ў СМІ паказваюць на адзін кірунак: рэйс МН 17 быў збіты зенітна-ракетнай устаноўкай. Мы расследуем гэта, але мы не можам закрываць вочы на існаванне іншых сцэнарыяў катастроф. На следства ўскладзеная адказнасць прадставіць суду неабвержныя доказы», - падкрэсліў Вестэрбеке.

Нагадаем, Boeing 777 кампаніі Malaysia Airlines, які ляцеў з Амстэрдама ў Куала-Лумпур, быў збіты прарасейскімі тэрарыстамі і расейскімі дыверсантамі ў Данецкай вобласці 17 ліпеня. На борце знаходзіліся 298 чалавек, з іх 196 грамадзян Нідэрландаў, 45 грамадзян Малайзіі і 38 грамадзян Аўстраліі, усе яны загінулі. Дзевяць целаў пасажыраў яшчэ не апазнаныя.

Фота: Reuters

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках