19 красавiка 2024, Пятніца, 14:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аўтамабілі ў Беларусі падаражэюць на траціну

10
Аўтамабілі ў Беларусі падаражэюць на траціну

Аўтамабільныя дылеры спынілі продажы і перапісваюць цэннікі.

Збор за набыццё валюты ўключаецца ў адпускную цану (выдаткі дылера) і абкладаецца яшчэ і падаткам на дабаўленую вартасць паводле стаўкі 20%, піша onliner.by.

«Улічваючы, што многія дылеры, задушаныя дэмпінгавымі коштамі расейскага рынка, мелі нулявую даходнасць, практычна ўвесь сабекошт аўтамабіля фармаваўся з выдаткаў, аплатных у валюце або прывязаных да курсу валюты, - мяркуе Сяргей Варывода, чалец праўлення Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі (БАА). - Напрыклад, мытны кошт машыны - у далярах, спецыфічная стаўка мытнага падатку - у еўра, а ўтылізацыйны збор - у расейскіх рублях. У гэтым выпадку падаражанне аўтамабіля для канчатковага спажыўца можа скласці і 36%».

«Цяпер практычна ўсе дылеры прыпынілі продажы. Мы - не расейскія аўтадылеры, якія «запрагалі» некалькі месяцаў. Мы - людзі трэніраваныя, - кажа спецыяліст. - Што расейскаму дылеру добра, то беларускаму - смерць. Найменшае, а тэарэтычна і нулявое падаражанне мы зможам убачыць у аўтадылераў, якія крэдытаваліся выключна ў нацыянальнай валюце і не маюць неаплачаных абавязацельстваў у валюце перад пастаўшчыкамі. Такіх адзінкі (калі наогул існуюць). Але і павышэнне коштаў на 30-35% імгненна спыніць продажы. Абяцанае абрынанне рынка наступіць ужо цяпер. Мабыць, ступень падаражання аўтамабіляў розных марак будзе вызначацца фінансавай мадэллю працы дылера і існым станам яго разлікаў па абавязацельствах на гэты момант».

Сяргей Варывода не выключае, што асобныя дылеры будуць вымушаныя пайсці на скасаванне раней укладзеных дамоваў на пастаўку аўтамабіляў і зварот грошай пакупнікам: «Абгрунтаванасць падобных дзеянняў залежыць ад утрымання гэтых самых дамоваў і гатоўнасці дылера ісці на рэпутацыйныя выдаткі. Цяпер аўтасалонам ох як спатрэбіўся б дазвол Нацбанку на продаж машын за валюту. Хто ж будзе здаваць валюту па курсе Нацыянальнага банка і аплачваць дылеру ў складзе цэны аўтамабіля 30%-ы збор да гэтага курсу? Вось і атрымліваецца, што пералічаныя паводле афіцыйнага курсу (і нават курсу банкаўскага «абменніка») машыны даражэюць».

«Можна ўбачыць і выгаду для ўладаў: даражэйшы імпарт - меншая нагрузка на курс, - выказвае меркаванне чалец праўлення БАА. - І пры гэтым зноў забываюць відавочнае: ва ўмовах адзінага рынку наш унутраны попыт, ды яшчэ забяспечаны раней набытай у нашых жа абменных пунктах валютай, па-ранейшаму будзе абслугоўваць эканоміку іншай краіны. Бо як ні круці, купля аўтамабіляў у расейскім аўтасалоне за кошт гатоўкі на руках валюты больш выгадная. А можа, ну яго... Будзем усе гандляваць «беларускімі» Geely, а астатняе хай вязуць з Расеі? Толькі як доўга наш бюджэт і плацежны баланс вытрымаюць такі разварот дылераў тварам да Айчыны? Усім льготы з бюджэту не раздасі. Камусьці гэты самы бюджэт і напаўняць трэба».

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках