20 красавiка 2024, Субота, 4:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

АГП заклікае Лукашэнку і ўрад сысці ў адстаўку

76
АГП заклікае Лукашэнку і ўрад сысці ў адстаўку

Палітрада Аб'яднанай грамадзянскай партыі выступіла з заявай.

Прыводзім тэкст дакумента, які прыйшоў сёння ў рэдакцыю charter97.org:

- Пасля валютнага крызісу 2011 года, калі курс даляра за год вырас з 3000 да 8350 рублёў, беларуская эканоміка ўжо трэці год запар знаходзіцца ў стагнацыі. Паводле афіцыйных звестак, ВУП за 2012 павялічыўся толькі на 1,7%, за 2013 - на 0,9%, за 2014 чакаецца ў межах 1,5%. У рэальнасці ж, калі ўлічыць вытворчасць значных аб'ёмаў прадукцыі на складах і двухзначны ўзровень інфляцыі, які скажае велічыню рэальных паказчыкаў, у краіне назіраюцца ўсе прыкметы рэцэсіі. Штогадовы ўзровень інфляцыі вагаецца ў межах 15-20%, аб'ём запасаў не прададзенай гатовай прадукцыі пастаянна ўзрастае і ў сапраўдны час перавышае 34 трлн рублёў або амаль 79% да сярэднямесячнага аб'ёму вырабленай прадукцыі. Памер сродкаў, адцягненых у дэбіторы, складае значную велічыню у 215 трлн рублёў. Толькі за гэты год пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць узрасла на 136%, з яе вонкавая - на 168%. Пратэрмінаваная запазычанасць у крэдытах і пазыках павялічылася на 174%. У прамысловасці доля стратных прадпрыемстваў складае 26,7%, а з улікам нізкарэнтабельных перавышае палову ад усіх функцыянуючых. Інвестыцыі абрынуліся больш чым на 10%.

19 снежня пастановай Нацыянальнага банка РБ быў уведзены 30% падатак на набыццё валюты для фізічных і юрыдычных асоб. Паводле сцвярджэння ўладаў гэтая мера часовая і носіць рынкавы характар. На самай справе гэта, а таксама цэлы шэраг іншых пастаноў, прынятых у гэтым месяцы, нічога агульнага з рынкавай эканомікай не маюць і накіраваныя на дасягненне двух мэтаў: захаванне бачнасці нейкіх вынікаў па сярэдняй зарплаце ў валютным вылічэнні, а таксама супрацьдзеянне тэндэнцыі, што намецілася, пераводу рублёвых зберажэнняў у валютныя. Улада па-ранейшаму ўпэўненая, што мае месца ўсплёск ажыятажнага попыту на валюту, які можна досыць проста ліквідаваць.

Увядзенне падатку не развязвае пытанняў, якія стаяць перад эканомікай, перш за ўсё, такіх, як страты ад экспартных аперацый на расейскім рынку. Яно непазбежна прывядзе да стварэння ценявога валютнага рынку, двух паралельных валютных курсаў. Пры гэтым няма ніякіх аргументаў за тое, што праблемы на валютным рынку носяць часовы характар і ў пазначаны грашовымі ўладамі тэрмін будуць пераадоленыя. Рана ці позна ўсё роўна прыйдзецца вяртацца да рынкавых метадаў курсаўтварэння, і цяперашняя мера толькі ўскладніць развязанне пытання.

Палітрада АГП заяўляе:

Гэтая мера з'яўляецца чарговай спробай перакласці адказнасць за адсутнасць прадуманай эканамічнай стратэгіі на насельніцтва і бізнэс. Гэта пацвярджаецца ўвядзеннем такіх мер, як мараторый на рост коштаў ва ўмовах росту выдаткаў як мінімум на 30%, а таксама закрыццём шэрагу буйных гандлёвых прадпрыемстваў з мэтай перанакіраваць грашовыя патокі ў момант магчымага ажыятажнага попыту на беларускія тавары.

Палітрада АГП нагадвае:

АГП неаднаразова, яшчэ ў 2009 і 2011 гадах заяўляла аб неабходнасці распрацоўкі сумеснымі намаганнямі ўрада і экспэртнай супольнасці стратэгіі выхаду іх крызісу і аднаўлення паступальнага эканамічнага развіцця. У 2011 годзе рабочая група пад кіраўніцтвам д.э.н. С. Багданкевіча стварыла антыкрызісную платформу і прадставіла яе на разгляд ва ўрад. Прэм'ер-міністр М. Мясніковіч сустракаўся з кіраўніком групы, абмяркоўваў магчымыя шляхі рэфармавання эканомікі, аднак далей слоў справа не прасунулася.

Палітрада АГП мяркуе:

Дапусціўшы ў трэці раз за пяць гадоў валютна-фінансавы крызіс, улада прадэманстравала сваю поўную бездапаможнасць і страціла ўсякае маральнае права кіраваць краінай. Мы ўпэўненыя, што ніякія дэкаратыўныя меры не дапамогуць, пара называць рэчы сваімі імёнамі. Краіна знаходзіцца ў глыбокім і пастаянным крызісе, што дае народу права патрабаваць адстаўкі не толькі ўрада і кіраўніцтва Нацыянальнага банка, але і Аляксандра Лукашэнкі, які нясе персанальную адказнасць за дзейнасць выбудаванай ім уладнай вертыкалі, якая цалкам пазбавіла народ права на іншае меркаванне, адрознае ад афіцыйнага.

Напісаць каментар 76

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках