20 красавiка 2024, Субота, 17:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юры Рубцоў: Лічыце, што я ў камандзіроўцы

14

Палітвязень Юры Рубцоў адправіўся на «хімію».

Гомельскі актывіст пастаянна з'яўляўся на людзях у футболках з палітычнымі лозунгамі. Самая вядомая майка Юрыя Рубцова - са словамі «Лукашэнка, сыходзь», піша «Наша ніва».

Менавіта ў такой футболцы яго затрымалі пасля сёлетняга Чарнобыльскага шляху. Суддзя Кірыл Палулех пасадзіў Юрыя Рубцова «на суткі», а потым сам падаў пазоў: нібыта актывіст абразіў яго падчас суда.

6 кастрычніка 2014 суддзя Цэнтральнага раёна Менска Наталля Вайцяховіч пакарала Юрыя Рубцова 2,5 гадамі «хіміі», год адразу адмянілі паводле амністыі. Праваабаронцы адзначалі, што судовы працэс праходзіў са шматлікімі парушэннямі і што сапраўднай прычынай пераследу з'яўляецца грамадская дзейнасць. Пасля абвяшчэння прысуду праваабарончы цэнтр «Вясна» прызнаў Юрыя Рубцова палітычным зняволеным.

Актывіст паказвае дом, які ўласнаручна будаваў цягам чатырох гадоў, але не паспеў скончыць. Цяпер домам будзе займацца ягоны сын Віктар. Юры Рубцоў нарадзіўся ў 1961 годзе. Усе ягоныя сваякі па лініі маці паходзяць з Гомеля. Бацькі ён не ведаў. У дзяцінстве Юры Рубцоў апынуўся ў дзіцячым доме, адкуль яго забралі бабулі. Яны ж і гадавалі яго.

Актывіст кажа, што першыя грошы ён зарабіў у 11 гадоў, калі дапамагаў рабіць рамонт дарослым. Па спецыяльнасці Рубцоў - кіроўца, але за сваё жыццё паспеў змяніць не адну прафесію і месца працы. Апошнім часам ён быў інструктарам у аўташколе. Юрый кажа, што любіць працаваць з дрэвам, калісьці ён нават рабіў мэблю.

Свой апошні дзень на свабодзе Юры Рубцоў пачынае як звычайна - з кубка гарбаты. Прадпісанне ў трохдзённы тэрмін прыбыць да месца адбыцця пакарання Рубцову ўручылі ў пятніцу 19 снежня. Юрый адмовіўся падпісваць якія-небудзь паперы, але пастанавіў выехаць у нядзелю ўвечары, каб быць на месцы ў панядзелак раніцай.

Пасля сняданку Юрый садзіцца за свой ноўтбук чытаць навіны. Яго надзвычай турбуе Кангрэс за незалежнасць і візіт Лукашэнкі ў Кіеў.

Усе рэчы Юрыя падрыхтаваныя і складзеныя на крэсле ў пакоі. Аднак Рубцоў заўважае, што кубак, які ён хацеў узяць - не той. Тады Юрый змяняе яго на кубак з гербам «Пагоня».

Юры - упарты гулец у шашкі. За гульнёй ён праводзіць шмат гадзін. Сын Рубцова Віктар прапануе бацьку навучыць яго гуляць у нарды, але той адмаўляецца.

Збіраць рэчы Юрыю дапамагае жонка Ядвіга. Можа здацца дзіўным, але ў кватэры Рубцовых не адчуваецца абсалютна ніякага напружання: усе нібыта праводзяць звычайную нядзелю, займаюцца звычайнымі справамі, жартуюць. Сам Юрый кажа родным, каб тыя ўважалі, што ён з'ехаў у камандзіроўку: «Я шмат дзе працаваў, мяне не было і па тры месяцы, і даўжэй. Звычайная справа».

У вялікую валізку ў апошнюю чаргу Юрый кладзе цыгарэты. Свае вядомыя майкі з палітычнымі лозунгамі ён пакінуў дома.

Юрый вяртаецца да ўлюбёнай гульні ў шашкі, аднак раптам выключаецца святло. Як высвятляецца, толькі ў іх кватэры. Паход у краму за новымі коркамі не дае выніку, таму застаецца чакаць прыезду электрыка.

Праз некалькі гадзін электрык знайшоў няспраўнасць. Юрый сыграў некалькі апошніх партый у шашкі, напрыканцы паслухаў класічную музыку, якую вельмі любіць і развітаўся з сябрамі ў «Фэйсбуку».

Час ісці на вакзал, адкуль Юрый паедзе ў Берасце. Адтуль трэба дабрацца да Пружанаў, а ад Пружанаў - некалькі кіламетраў да папраўчай установы адкрытага тыпу №7 у вёсцы Куплін. Раней там адбываў «хімію» Павал Севярынец. Кароткае развітанне - і Юры з Віктарам садзяцца ў машыну. Віктар адвозіць Юрыя на вакзал.

У апошнія хвіліны перад адпраўленнем цягніка Юрый на платформе развітваецца з сынам.

Перад тым, як легчы спаць, Юрый распавядае шматлікія гісторыі са свайго працоўнага жыцця. Здаецца, на кожны выпадак у яго ёсць гісторыя: пра тое, як ён кіраваў аўтобусамі, як рамантаваў іх... Юры глядзіць на аконную раму вагона і кажа, што памятае часы працы на Гомельскім вагонарамонтным заводзе. «Мы рабілі рамы з дуба. Каб замацаваць шкло, у іх па перыметры трэба было ўкруціць чатыры дзесяткі шруб. Кожнаму па норме выдавалі ўсяго адну адвёртку на год, таму мы забівалі шрубы малатком».

Кароткі перакур пад дажджом у Берасці. З Берасця Юрый наважвае ехаць да станцыі Аранчыцы на электрычцы, а потым даехаць аўтобусам да Пружанаў.

У электрычцы Юрый прадаўжае свае байкі, цяпер ўжо пра тое, як ён працаваў на кладцы газавых труб. Яму тэлефануе жонка, каб распытаць пра дарогу. Юрый кажа, што ўсё добра. «Думай, што я ў камандзіроўцы», - кажа ён на развітанне.

З Пружанаў Юрый хацеў дайсці да Куплін пешшу. Аднак моцны снежаньскі дождж вымусіў ўзяць таксі. Праезд ад пружанскай аўтастанцыі да месца, «дзе сядзяць хімікі», каштуе 60 тысяч рублёў.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках