28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы масава бягуць з Расеі

43
Беларусы масава бягуць з Расеі

Вяртанне ў Беларусь тысяч працоўных мігрантаў можа стаць галаўным болем для ўладаў.

Абвал расейскага рубля вымусіў многіх беларусаў, якія гадамі працавалі ў Расеі, шукаць сабе новае прымяненне, паколькі працаваць у Расеі становіцца нявыгадна. Аднак масавае вяртанне ў Беларусь тысяч працоўных мігрантаў, паводле ацэнак экспертаў, можа стаць галаўным болем для беларускіх уладаў, паведамляе «Нямецкая хваля».

Многія вернуцца дадому

Эканаміст Леў Марголін упэўнены, што большая частка беларусаў, якія працуюць у Расеі, вернецца назад, паколькі тое, што адбылося з расейскім рублём практычна ўдвая абясцэніла іх даходы. «Калі быў сэнс цярпець нязручнасці, плаціць грошы за жыллё і пры гэтым жыць у нечалавечых умовах за паўтары-дзве тысячы даляраў у месяц, то няма ніякага сэнсу рабіць гэта за 750-800 даляраў. Тым больш што добры спецыяліст такую ж зарплату можа знайсці і ў Беларусі», - уважае эксперт.

«Нашых людзей у Расеі трымалі толькі заробкі», - згаджаецца з ім былы міністр працы Беларусі Аляксандр Сасноў.

У той жа час, кажа Марголін, тое, што адбываецца цяпер у Беларусі трохі адтэрмінуе гэты манеўр - некалькі дзён таму беларускія ўлады ўвялі камісійны збор у суме 30 адсоткаў на куплю насельніцтвам замежнай валюты. Эксперты ўжо назвалі гэта схаванай дэвальвацыяй ў такой жа суме. У такіх умовах, адзначае Леў Марголін, пакуль незразумела, якія заробкі будуць у тых жа будаўнікоў ці станочнікаў ў Беларусі, а менавіта гэтыя спецыяльнасці цяпер найбольш запатрабаваныя ў РФ.

Праблемы для вяртання

Са слоў Аляксандра Саснова, уладкавацца беларусам, якія вярнуліся, на працу з ужо звыклым узроўнем даходаў будзе вельмі праблематычна. У сваю чаргу, Марголін звяртае ўвагу, што цяпер, паводле звестак Міністэрства працы, у Беларусі вакантнымі з'яўляюцца крыху больш за 40 тысяч працоўных месцаў, прычым «не вельмі прэстыжных прафесій і з яшчэ менш прэстыжным заробкам».

Калі, на думку Марголіна, у Расеі, паводле афіцыйных і вельмі сціплых ацэнак, працуюць блізу 400 тысяч беларусаў, і хоць бы палова з іх вернецца ў Беларусь, то праблема з іх працаўладкаваннем будзе вельмі істотнай. «Паглынуць іх беларускі рынак працы наўрад ці зможа», - мяркуе эксперт. А ўладам гэтую праблему не развязаць. Як паказвае досвед мінулых гадоў, кажа эканаміст, нейкія асэнсаваныя дзеянні ў стварэнні новых працоўных месцаў у беларускіх уладаў не атрымліваюцца.

Магчыма, мяркуе Марголін, будуць нейкія заклікі Менска да індывідуальных прадпрымальнікаў, да малога бізнэсу, каб тыя стваралі новыя працоўныя месцы. «Але далей заклікаў справа не пойдзе, таму што ўлада не ведае, як падступіцца да гэтага пытання. У нашай улады няма досведу стварэння працоўных месцаў», - канстатуе суразмоўца.

Іншыя месцы сілы прыкладання

Бо сітуацыя ў Беларусі падобная да сітуацыі ў Расеі, беларускія гастарбайтэры будуць шукаць іншыя месцы прыкладання сваёй рабочай сілы, мяркуе Аляксандр Сасноў. Гэта можа быць Казахстан (дзе сітуацыя, магчыма, трохі лепшая, чым у Расеі), Турцыя або іншыя краіны. «Але тое, што яны прывыклі атрымліваць у Расеі, у Беларусі яны не атрымаюць ніяк», - упэўнены экс-міністр працы.

Кваліфікаваныя кіроўцы, будаўнікі і прадстаўнікі іншых прафесій на жабрацкі заробак 120-200 даляраў не пойдуць, а будуць шукаць што-небудзь іншае і ў іншых дзяржавах, мяркуе Сасноў. «Так што Лукашэнка ўжо развязаў праблему беспрацоўя за кошт іншых краін», - падкрэсліў эксперт.

«У Беларусі не застануся»

34-гадовы мянчук Антон вярнуўся дадому пасля расейскага «чорнага аўторка». Ён прапрацаваў на падмаскоўнай будоўлі амаль тры гады. Антон распавядае, што атрымліваў нядрэнна, амаль 2,5 тысячы даляраў у месяц. Спачатку жылі ў будынку, які нагадвае інтэрнат, але за гэта яны павінны былі плаціць блізу 3 тысяч расейскіх рублёў у месяц. Калі было цёпла, каб зэканоміць і гэтыя грошы, перасяляліся ў вялікую вайсковую палатку і спалі на раскладанках, затое каштавала гэта на паўтары тысячы менш.

«Пасля абвалу рубля нам прамым тэкстам сказалі, што сродкаў на нашае забеспячэнне далей няма. Прычым нам не заплацілі за два апошнія месяцы. Абяцалі пасля Новага года, я паеду туды. Але назад у Расею ўжо не вярнуся, усё гэта неяк вельмі няясна», - кажа Антон. Але і ў Беларусі ён заставацца не збіраецца. «Я ўжо працаваў у адным будаўніча-мантажным упраўленні да таго, як паехаў у Расею. Дык там поўны вэрхал, чаму я адтуль і пайшоў. Мне сям'ю карміць трэба, у мяне двое маленькіх дзяцей, а тут я гэтага рабіць не магу», - засмучаецца мужчына. З ягоных слоў, ён паспрабуе паехаць на заробкі куды-небудзь у заходнім напрамку - у Польшчу ці на ўсход Нямеччыны, дзе, як ён чуў, «патрабуюцца мужыкі з нармальнымі рукамі».

Напісаць каментар 43

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках