20 красавiка 2024, Субота, 7:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Год арды

9
Год арды

Беларусь пакідае Еўропу. Скончыцца снежань, і краіна ўвойдзе ў іншую рэальнасць.

Ніякіх тэктанічных зрухаў на кантыненце не адбылося. Проста тры чалавекі паставілі свае подпісы пад яшчэ адной інтэграцыйнай дамовай і ў чарговы раз крута змянілі лёс беларусаў.

Новы год былыя еўрапейцы сустрэнуць па маскоўскім часе. У прамым і пераносным сэнсе. Можна колькі заўгодна сцвярджаць, што мы – у цэнтры Еўропы. Дамова гэтыя наіўныя спадзяванні бязлітасна абвяргае. Першага студзеня Беларусь стане поўнавартасным сябрам новай супольнасці – ЕўрАзЭС. Літары «еўр» у недарэчнай абрэвіятуры – сумніўная геаграфічная прывязка. Гэта хутчэй паказчык неадольнай тугі новастворанага аб’яднання па цвёрдай валюце. А сутнасць – у літарах наступных: Азіяцкі Эканамічны Саюз.

Наўрад ці хто заўважыць гістарычны пераход у іншую якасць. Сапраўды, а што так істотна змянілася? Канвойныя народ у цялятнікі не заганялі. І ў халодныя стэпы нікога пакуль што не вывезлі. Тыя ж вуліцы навокал, тыя ж краявіды. Як і ў мінулыя гады, святочныя салюты грукочуць у дварах. А сустракаць Новы год пад бой курантаў Спасскай вежы так крута! Няхай Вільня нам зайздросціць – у іх там усё на гадзіну пазней.

А можа, і насамрэч памыліліся беларусы, у красавіку 1997 года у жорсткім супрацьстаянні з уладай абараніўшы сваю краіну ад паглынання? Якія былі ахвяры у наступныя гады – зламаныя лёсы, расцярушаныя сем’і, забітыя, зніклыя. Незалежнасць – найвялікшая каштоўнасць. Аднак далёка не для ўсіх. Краіна імкліва рушыла на Усход. І каго гэта сёння хвалюе? Плошча стамілася стрымліваць уладу ад недарэчных учынкаў. Апатыя. Сон. Сляпая вера ў нейкі цуд.

Звычайны снежань. Грамадства чакае святаў.

Чыноўнікі настойліва цвердзяць, што ў новай саюзнай дамове ёсць адпаведны запіс пра магчымасць свабоднага выхаду, калі надта ўжо не спадабаецца сумеснае жыццё. І ў сталінскай канстытуцыі гэты выбар быў гарантаваны. Чэчня таксама спасылалася на канстытуцыю. Хто-небудзь не памятае, чым тое скончылася?

На былой савецкай прасторы ўсё нашмат прасцей. Расія не можа забыць сваю імперскую веліч і былыя межы. Але як бы яна ні тужылася, на ролю сусветнага лідара прэтэндаваць не можа. Незлічоныя запасы нафты і газу? І што з таго? Нігерыя таксама шмат чым можа пахваліцца. Хіба яна вялікая дзяржава?

А таму выйсце з гэтага незайздроснага стану адно – адрадзіць былы Савецкі Саюз. Толькі ў новым абліччы. Больш нахабны і агрэсіўны. Каб суседзі блізкія і далёкія баяліся і трапяталі. Калі на чале краіны рашучы гэбіст, а пад ягоным кантролем вялікі запас нафтадаляраў, газавая труба ў Еўропу і да зубоў узброенае войска, хіба ёсць перашкоды, перад якімі можна спыніцца?

І сапраўды, спачатку ўсё было так цудоўна. Шыкоўная алімпіяда ў Сочы. Процьма высокіх гасцей з усіх куткоў свету. Пад іх радасныя воплескі – імклівыя маршы сталёвых калон на заходні рубеж. Зялёныя чалавечкі. «Крымнаш!» Аперацыя «Ы» на ўсходзе Украіны.

Рэйтынг зашкаліла – Расія ўстае з кален!

Партнёры па мытным саюзе да самай вясны са здзіўленнем і затоеным страхам сачылі за ваяўнічым паходам амбітнага суседа. А потым свіснуў забыты крамлёўскі аркан. Павеяла дзікім стэпам. І пятля моцна сціснула шыю двум бедалагам-інтэгратарам. Пастава была настолькі ганебнай, што давялося зрабіць выгляд, нібыта нічога страшнага не адбылося. Звычайныя братнія абдымкі. І куды толькі падзелася былая дыктатарская ганарлівасць ды незалежніцкія выбрыкі? Кабальную дамову падпісалі, нават голасу не падалі.

Няўжо ніхто з гэтых добраахвотных закладнікаў нават не падумаў у той момант, з кім уступае ў альянс? З самаўпэўненай і нахабнай краінай, аднабокая эканоміка якой можа абрынуцца ад першага штуршка. З краінай, якая развязала самую ганебную і недарэчную вайну. З краінай, якая ніколі нікога па добрай волі з абдымкаў не выпусціць.

А ўвогуле, чаго ім было хвалявацца? Народ усё праглыне. Казахі і беларусы – памяркоўныя людзі. Варта толькі запампаваць у тэлевізар няхітрую ідэю пра тое, што менавіта цяпер жыццё цудоўным чынам наладзіцца. Неабсяжны рынак раптам расквітнее. Пацякуць у далучаныя краіны сапраўдныя рэкі валюты. І нафты і газу будзе па самыя вушы.

А тут раптам такі аблом! Абваліўся магутны расійскі рубель. Даў такога нырца, што не можа намацаць дно. Эканоміку падкасілі ўшчэнт ваяўнічыя амбіцыі і нізкія цэны на нафту. Каб вылезці з ямы, у якую так нечакана абрынулася дзяржава, на думку расійскіх жа адмыслоўцаў, спатрэбіцца не менш трох гадоў. І гэта пры ўмове адмены санкцый і глабальных рэформаў. Дык што ў такім разе шукае на Усходзе мудрае драздоўскае кіраўніцтва?

Старыя савецкія граблі моцна ляснулі па ілбе. Аднак ніякіх успамінаў пра тыя часы не абудзілі. А дзікае імперскае поле заўсёды жыве па сваіх нялюдзкіх законах. Ніякай розніцы, хто пры ўладзе – бальшавікі, трацкісты, гэбісты. Там усё спрадвечнае – шалее вецер і скача перакаці-поле. Стэп навокал. І ў галовах – той жа стэп. І як толькі ўлезе туды Беларусь, яна пачне аддаляцца ад цывілізацыі, губляючы сваё аблічча і надзею на будучыню. На вялікі жаль, нават тых, хто спадзяецца добра пажраць з чужога карыта, чакае вялікае расчараванне. Як толькі падае цана на нафту, у дзікім полі пачынаецца харчовы дэфіцыт. Каніны катастрафічна не хапае на ўсіх. Затое жыць весела. Быць сумным нікому арда не дазволіць.

Але гэта не тыя акалічнасці, на якія звяртаюць увагу. Тым болей, у навагоднюю ноч. Будзе ўсё тое ж, што заўсёды было. Хіба толькі не адна, а дзве галавы адначасова будуць віншаваць з 2015-м – самым шчаслівым годам найноўшай гісторыі. Годам Арды.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках