25 красавiка 2024, Чацвер, 2:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Еўрапейская Беларусь» патрабуе адклікання амбасадара Ізраіля (Відэа)

18

Былы палітвязень Уладзімір Кобец - пра скандальную заяву амбасадара Ізраіля ў Беларусі.

У інтэрв'ю ізраільскаму каналу «RTVi» Іосіф Шагал заявіў, што, з пункту гледжання Ізраіля, беларускія палітвязні - крымінальнікі, і параўнаў іх з экстрэмістамі.

«Тыя, каго лічаць палітвязнямі, - гэта чатыры чалавекі афіцыйна сёння. Чатыры чалавекі засталося, сядзяць у турме. Лукашэнка прапаноўвае ім напісаць просьбу аб памілаванні, як у гісторыі з Хадаркоўскім: напішы просьбу - цябе выпусцяць. Яны не хочуць, аддаюць перавагу заставацца героямі ў турме», - сказаў Іосіф Шагал.

Акрамя таго, амбасадар пракаментаваў заходнія санкцыі ў дачыненні да афіцыйнага Менска. Зрэшты, Іосіф Шагал не ўпершыню выступае са скандальнымі заявамі. Аднак на гэты раз ён не проста дзеліцца асабістымі ўражаннямі, а падае іх як пазіцыю сваёй краіны, перадае «Белсат».

Былы палітвязень і каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Уладзімір Кобец лічыць, што Іосіф Шагал дазваляе сабе лішняе як дыпламат, які прадстаўляе дэмакратычную краіну.

«Гэта з'яўляецца часткай прафесіі дыпламата, каб думкі чыталіся цяжка. Але тое, што мы пачулі сёння ад спадара Шагала, - беспрэцэдэнтная па сваім цынізме заява, якую, у асноўным, мы прывыклі чуць з вуснаў персанажаў палітычна крайняга толку. Пачуўшы такое ад прадстаўніка краіны, я сапраўды згодны з вамі, што ў дадзеным выпадку гэта з'яўляецца пазіцыяй краіны, таму што гэта словы дыпламата. І тут як прадстаўнік «Еўрапейскай Беларусі» магу давесці пазіцыю нашай арганізацыі: мы лічым, што Дзяржава Ізраіль павінна адклікаць такога чалавека, адклікаць дыпламата Шагала з Беларусі. Сёння мы ўжо чулі каментары розных людзей. Магу сказаць, што некаторыя з іх, як, напрыклад, Раман Якаўлеўскі, вядомы палітычны аглядальнік Беларусі, выказвае меркаванне, што такія заявы людзі робяць альбо перад канцом сваёй кар'еры, альбо перад зменай сваёй працы», - заявіў Уладзімір Кобец.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» падкрэсліў, што Ізраіль - дэмакратычная краіна, якую нельга параўноўваць з Беларуссю.

«У гэтай краіне сапраўды ёсць Кнэсет - выбраны законам парламент, дзе ёсць фракцыі, дзе сёння ў гэтай краіне дзейнічае кааліцыйны ўрад. І гэта дазваляе людзям, у тым ліку палестынцам, якія прызнаюць дэмакратычны лад краіны, удзельнічаць у выбарах, жыць і працаваць там», - сказаў ён. Уладзімір Кобец падкрэсліў, што нельга казаць пра вінаватасць тых актывістаў апазіцыі, якіх, згодна з беларускім заканадаўствам, абвінавацілі ў крымінальных злачынствах. «Прабачце, у канцлагерах Германіі сядзелі мільёны людзей, і іх там спальвалі згодна з фашысцкім законамі», - заявіў ён.

«Мы ведаем іншага прадстаўніка Дзяржавы Ізраіль Натана Шчаранскага, які ў свой час падпісваў уласныя кнігі «Не ўбаюся ліха» для беларускіх палітвязняў і выступаў у іх абарону. Мы ведаем і іншыя прыклады. Мы ведаем, што ў свой час на тэрыторыі Беларусі было знішчана вельмі шмат прадстаўнікоў яўрэйскага народа, і тыя беларусы, якія хавалі ў сябе ў хатах яўрэяў, яны парушалі законы акупацыйных уладаў. І з пункту гледжання спадара Шагала, яны былі крымінальнікамі. Але, прабачце, на сёння можам толькі сказаць, што калі чалавек прадстаўляе такую дзяржаву ў нашай краіне і кажа такое, то ён гэта робіць не проста так, а зыходзячы са сваіх, магчыма, персанальных выгод», - заявіў Уладзімір Кобец.

Жонка палітвязня Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч упэўненая што амбасадар Шагал перавысіў свае паўнамоцтвы.

«У гэтай перадачы спадар Шагал быў прадстаўлены як афіцыйны прадстаўнік дзяржавы, як амбасадар Дзяржавы Ізраіль у Беларусі, і калі ён выказваўся, ён выказваў быццам бы афіцыйны пункт гледжання сваёй дзяржавы. Вось гэта адзінае, што прыцягвае маю ўвагу, таму што мне вельмі б хацелася высветліць усё-такі і атрымаць афіцыйны адказ, ці сапраўды адпавядаюць гэтыя словы і стаўленне пазіцыі дзяржавы. Таму што пры такім раскладзе, нават калі гэта толькі дапусціць, вельмі дзіўна, што Ізраіль працягвае называць сябе дэмакратычнай краінай. Таму я думаю, што спадар Шагал перавысіў у пэўнай ступені свае паўнамоцтвы, хоць бы спадзяюся на гэта», - адзначыла Марына Адамовіч.

Рэжысёр Юрый Хашчавацкі лічыць, што падобныя выказванні амбасадара толькі шкодзяць Ізраілю.

«Шагал, які прыехаў з «саўка», валодае ўсімі тымі ж карупцыйнымі здольнасцямі, якімі валодае іх міністр замежных спраў Ліберман, і ўсё такое іншае, гэта, натуральна, нейкія мярзотнікі, іншага слова я не бачу, якія тут, маючы нейкія нефармальныя падкавёрныя кантакты з гэтай уладай, вырашылі рабіць сваю справу вось такім вось чынам. Ці шкодзіць гэта Дзяржаве Ізраіль? Безумоўна. Таму што калі Шагал параўноўвае дзеянні людзей на Плошчы з дзеяннямі палестынцаў, то гэта шкодзіць, бо чалавек, незнаёмы з той сітуацыяй, можа падумаць, што палестынцы маюць рацыю, таму што ён быў на той Плошчы і ён разумее, у чым справа», - перакананы Юрый Хашчавацкі.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках