19 красавiка 2024, Пятніца, 5:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анатоль Лябедзька: Амбасадар Шагал павінен быць адкліканы з Беларусі

11
Анатоль Лябедзька: Амбасадар Шагал павінен быць адкліканы з Беларусі

Лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі не бачыць сэнсу сустракацца з Іосіфам Шагалам.

Пра гэта ён заявіў сайту charter97.org, патлумачыўшы, што быў запрошаны сёння ў амбасаду Ізраіля. Анатоль Лябедзька лічыць, што размаўляць з Іосіфам Шагалам няма пра што.

«Гэта наша калегіяльнае рашэнне і прынцыповая пазіцыя. Мы прынялі да ведама, што гэта ўжо не першае выказванне Іосіфа Шагала такога тыпу. За два гады знаходжання ў Беларусі ён ні разу нават не паспрабаваў сустрэцца з роднымі і блізкімі палітычных вязняў і ўвогуле, з прадстаўнікамі апазіцыі. Гэта сведчыць пра тое, што на пазіцыю гэтага чалавека нішто не паўплывае. У сустрэчы з ім мы не бачым ніякага сэнсу», - заявіў лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі.

Анатоль Лябедзька сказаў, што звернецца непасрэдна да прэм'ер-міністра Ізраіля за растлумачэннем аб афіцыйнай пазіцыі Тэль-Авіва пра беларускіх палітвязняў.

«У такой сітуацыі можа быць дзве стратэгіі. Адна з іх ідзе да згасання скандалу і, у выніку, усё застанецца так, як ёсць. Другая заключаецца ў тым , каб дамагацца адклікання амбасадара. Мы прытрымліваемся менавіта апошняй стратэгіі. Калі б на месцы Шагала быў амбасадар Ірана, Расеі ці Кубы, то мы б проста прынялі да ведама падобнае выказванне. Ізраіль пазіцыянуе сябе ў якасці дэмакратычнай дзяржавы. Таму мы выбралі іншы шлях. Мы падрыхтавалі зварот да прэм'ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху. Ён павінен даць ясны адказ, ці з'яўляюцца выказванні амбасадара асабістым меркаваннем спадара Шагала альбо афіцыйнай пазіцыяй краіны.

Думаю, што словы пра палітвязняў - імправізацыя амбасадара. Але тады Іосіф Шагал павінен займацца не дыпламатыяй, а нейкай іншай працай», - заявіў Анатоль Лябедзька.

Нагадаем, некалькі дзён таму амбасадар Ізраіля ў Беларусі Іосіф Шагал у інтэрв'ю каналу RTVI заявіў, што з пункту гледжання Ізраіля беларускія палітвязні з'яўляюцца крымінальнікамі. Гэта заява была раскрытыкаваная сваякамі палітычных вязняў і апазіцыяй.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках