25 красавiка 2024, Чацвер, 7:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка спалохаўся прадпрымальніцкага Майдана

208
Лукашэнка спалохаўся прадпрымальніцкага Майдана

Дыктатар перасцерагае прадпрымальнікаў «ад шантажу ўлады» ў сувязі са змяненнем умоў іх працы.

Пра гэта ён заявіў сёння на нарадзе па праекце ўказа «Аб некаторых пытаннях рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі», перадае БелТА.

«Некаторыя палітыкі ад прадпрымальніцтва, хоць іх цяжка назваць палітыкамі, якія прадстаўляюць інтарэсы прадпрымальнікаў, спрабуюць шантажаваць уладу, у тым ліку прэзідэнта, - цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА. - Вось чаго б я не раіў, так рабіць такія заявы ў сродках масавай інфармацыі, бо гэта можа проста вылезці бокам. Мяне палохаць бескарысна. Майдана мы не дапусцім ў нашай краіне».

Па словах дыктатара, «усё будзе цывілізавана, паколькі прадпрымальнікі - самы прасунуты пласт грамадства, арыентаваны на ўсялякія рэформы». «Таму, калі вы хочаце жыць, як, дапусцім, на Захадзе, мы вам дамо такія ўмовы. Калі вы хочаце жыць, як на Майдане (прабачце за гэту згадку, я ні ў якім разе не хачу ўмешвацца ва ўнутраныя справы Украіны, проста добрае параўнанне), - гэта не ў Беларусі», - папярэдзіў Лукашэнка.

Звяртаючыся да прадпрымальнікаў, ён заявіў: «Я ведаю, вы людзі нябедныя і можаце замовіць у жоўтай прэсе любы артыкул, але вам раю гэтага не рабіць, таму што можна атрымаць сітуацыю наадварот. І ганіце ад сябе ўсялякіх там Шумчанкаў, ці яшчэ кагосьці, каб яны нават блізка каля вас не хадзілі. У іх няма нічога з вамі агульнага і быць не можа, ім трэба іншае».

Што тычыцца ўказа, які рыхтуецца, то, як адзначыў Лукашэнка, рашэнне будзе прынята, зыходзячы з выгады перш за ўсё для спажыўцоў і дзяржавы, а затым - для прадпрымальнікаў.

Пры гэтым Лукашэнка назваў працу ІП цяжкай. «Гэта ж трэба - цягнуцца ў Маскву, перад кімсьці стаяць на каленях, у торбах сюды везці тавар, дамаўляцца там пра нейкія зніжкі, каб кошты былі прымальныя, потым і ў мароз, і ў сцюжу, і ў спякоту прадаваць іх тут. Гэта цяжкая праца, тут я вам не лісліўлю, і, напэўна, яна вас задавальняе. Я не супраць. Але ўсё павінна быць цывілізавана», - заявіў Лукашэнка.

Гуляць з дзяржавай, прапаноўваючы адтэрмінаваць прыняцце рашэнняў, недапушчальна. Падкрэсліў ён. «Ніякіх часовых рашэнняў напалову тут быць не павінна. Мы і так іх прынялі мноства», - заўважыў ён.

У той жа час ён заявіў, што, перш чым падпісаць указ, хацеў бы ўбачыць глыбіню працэсаў, якія адбываюцца ў прадпрымальніцкім асяродку.

«Калі гэта людзі, якія перабіваюцца з вады на хлеб - чаго мы да іх чапляемся? Калі гэтыя людзі ўжо супербагатыя сталі і могуць чымсьці падтрымаць дзяржаву, мы іх папросім, каб яны, разбагацеўшы, стаўшы на ногі за кошт беларускага народа і дзяржавы, таму што спажыўцамі з'яўляюцца яны, трошкі падзяліліся з дзяржавай. Мне патрэбная не знешняя матывацыя: вось Мытны саюз, давайце накінем пятлю на шыю часткі беларускага народа. Мне такі Мытны саюз не патрэбны, дзе мы будзем накідваць петлі людзям, якія сёння працуюць», - сказаў Лукашэнка.

Ён дадаў, што гаворка ідзе пра 60 тысяч ІП, якія займаюцца ўвозам і рэалізацыяй тавараў. Лукашэнка таксама нагадаў, што ў 2005 годзе, сустракаючыся з прадпрымальнікамі на адным з рынкаў у Менску, была дасягнутая дамоўленасць аб тым, як будуць працаваць ІП. Быў прыняты адмысловы ўказ, які дзейнічае да гэтага часу.

У той жа час, адзначыў Лукашэнка, прадпрымальнікам у сілу вонкавых абставінаў стала нібыта немагчыма працаваць у гэтым фармаце. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што хацеў бы разабрацца ў гэтым пытанні, атрымаць ад удзельнікаў нарады дастаткова інфармацыі для таго, каб прыняць канчатковае рашэнне па ўказе.

Нагадаем, напярэдадні нарады грамадскае аб'яднанне прадпрымальнікаў «Перспектыва» перадало ў адміністрацыю Лукашэнкі ліст, у якім просіць Лукашэнку не ўводзіць норму ўказа аб абавязковасці суправаджальных дакументаў для ІП.

Напісаць каментар 208

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках