29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зона пад знакам Кабзона

38
Зона пад знакам Кабзона

Незабыўнае Палітбюро ды ўсе іншыя падсвядома адчувалі сваю нелегітымнасць. Рабілі выгляд, што ім на гэта начхаць.

Аднак у справах карных мімаволі шукалі сабе нейкай адмысловай падтрымкі. Спачатку амартызатарам рэпрэсій былі вызначаны сходы працоўных калектываў. Яны аднагалосна ўхвалялі ГУЛАГ і расстрэлы.

Але валадары краіны хутка ўцямілі, што абыякава ўзнятая рука запалоханага слесара або змучанай ткачыхі - не надта важкі аргумент. Тым болей – на Захадзе. Вось калі б да простанароднага гневу далучыліся і дзеячы мастацтва, якіх ўсе ведаюць і любяць, тады ўжо зусім іншая была б тут панарама. З выкананнем той дзяржаўнай замовы праблем не было.

Так нарадзіўся самы запатрабаваны жанр савецкага мастацтва – калектыўны ліст.

Якімі імёнамі пазначаны тыя эпісталярныя творы! Узнікалі нават устойлівыя калектывы вядомых далёка за межамі аўтараў, на якіх у цяжкі момант магло разлічваць кіраўніцтва. І людзі тыя апраўдвалі высокі давер.

Каго толькі яны не асуджалі! Амерыканскіх імперыялістаў. Савецкіх дысідэнтаў. Падпальшчыкаў вайны. Чорных палкоўнікаў. Венгерскіх змоўшчыкаў. Кубінскіх гусанас. І вядома ж – ізраільскіх агрэсараў.

Гэбэшна-партыйныя ініцыятары публіцыстычнай маланкі на адрас апошніх былі проста ў захапленні ад сваёй вытанчанай задумы. Тых ненавісных агрэсараў асуджалі не проста вядомыя людзі, а менавіта габрэі. Акцыя наўрад ці дасягнула мэты. На Блізкім Усходзе тады ішла чарговая вайна, і выбух ідэалагічнай бомбы ў лік навін гарачых не патрапіў.

А ў лагеры сацыялістычным абывацелі цікавіліся хіба толькі тым, што магло змусіць народную артыстку, якой выдатна выкананая роль у кіно прынесла сапраўдную павагу і любоў, паставіць подпіс пад тым лістом? І чым так запалохалі танкіста, які прайшоў вайну? У шчырасць іх парывў у той час наўрад ці шмат хто верыў.

З тых даўніх дзён прайшлі дзесяцігоддзі. Знікла і канфліктная краіна, і яе Палітбюро. Але савецкія ідэалагічныя хітрыкі на постсавецкай прасторы пачалі паціху адраджацца. У тым ліку і славуты жанр калектыўнага ліста.

Зноў па рэдакцыях і сайтах блукае супольны твор дваццаці аўтараў. Там ёсць імёны сапраўды вядомыя. А таксама і вядомыя хіба што ў вузкім коле аднадумцаў. З’яднаў іх клопат “о процветании страны, об историческом наследии Руси”.

Пярэстая атрымалася суполка. Васіль Ланавой, Эліна Быстрыцкая, Тамара Міянсарава, Іосіф Кабзон ды яшчэ ігумен з касманаўтам. І хтосьці Чаломбіцька – “руководитель общественного представительства Луганской области в Москве”. Натхніла іх на сумесную творчасць усё тое ж, што і ў незабыўныя савецкія часы: не маглі маўчаць.

Зразумела, тэкст патыхае праведным гневам. Абураюцца. Патрабуюць. Шчыра, ад чыстага сэрца, як і тады.

Адрасат – таварыш Януковіч. Увогуле, надзвычай дзіўны ліст у кантэксце тых падзей, што адбываюцца ў Кіеве.

Народныя артысты, касманаўт з ігуменам і ўсё той жа Чаломбіцька папракаюць высокапастаўленую асобу ў нерашучасці. І патрабуюць “применить всю власть и силу, которая есть в ваших руках, чтобы навести порядок”.

У сапраўдных інтэлігентаў здараецца такое. Раскіданыя па розных кутках, яны амаль адначасова чуюць раптам нейкі покліч. Нібы ў зачараваным сне, ідуць адзін да аднаго. І высвятляецца нечакана, што няведама адкуль ужо з’явіўся тэкст. Які дзіўным чынам, слова ў слова, паўтарае тое, што дыктуе ў гэты момант іх усхваляванае сумленне.

Адна толькі прыкрая акалічнасць псуе класічную ідылію. Расійскі прэм’ер Мядзведзеў літаральна з тымі ж папрокамі ўжо звярнуўся да таго ж Януковіча. Толькі стыль ягоных папрокаў і заклікаў, вядома ж, не параўнаць з касмічна-артыстычным. Найперш запатрабаваў быць “в тонусе”. І правучыць, як след, пратэстоўцаў, “чтобы об эту власть, как о тряпочку, ноги не вытирали”.

Дырэктыва дакладная. Але навошта ў такім разе спатрэбіўся яшчэ і гэты ліст?

Крамлёўскі план аднаўлення імперыі, а дакладней, постсавецкай крымінальнай зоны сутыкнуўся з Майданам. Сапраўдная катастрофа. І ўжо зразумела, што адных толькі фінансавых падачак і пагроз тут ужо недастаткова. Патрэбна яшчэ штосьці сакральнае. Нейкі адмысловы знак, зразумелы ўсім. І ён знайшоўся – Кабзон, ігумен і аднадумцы.

Надзейныя, правераныя змагары. Прайшлі калісьці ўсе ідэалагічныя франты. І тут, у варунках надзвычайных, беспамылкова вызначылі, на каго рабіць ім стаўку.

Не варта здзіўляцца, што для іх Україна – гэта “Беркут” і Януковіч. Каля сотні забітых і больш за тысячу параненых – толькі вулічныя беспарадкі.

Адукаваныя, дасведчаныя людзі. Маглі прасачыць за падзеямі на Майдане ў рэжыме “он лайн”. І зразумець, хто ёсць хто. Аднак нерухомыя шыхты паўстанцаў на асфальце, з тварамі, навечна звернутымі ў неба, іх ні ў чым не пераканалі. Не выклікаў спагады інвалід-калясачнік, які збіраў каменне для абаронцаў барыкад. А тым болей, дзяўчынка, якая прыйшла дапамагчы ў шпіталі і атрымала кулю. Снайпер не мог не бачыць, каго ўзяў ён на прыцэл.

Україна паўстала. На барыкадах бараніў яе будучыню нязломны народ. І вярнуць яго ў зону ўжо не здолее ніхто.

Ні “Беркут”, ні Кабзон.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках