19 красавiка 2024, Пятніца, 14:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Вардамацкі: Перамога Майдана стане дэтанатарам пераменаў у СНД

6
Андрэй Вардамацкі: Перамога Майдана стане дэтанатарам пераменаў у СНД

Падзеі ва Украіне акажуць сур'ёзны ўплыў на ўсю постсавецкую прастору.

Адным з кірункаў сацдаследавання Беларускай аналітычнай майстэрні (BAW) у Варшаве, прэзентацыя якога адбылася ў сталіцы Польшчы, сярод іншых была тэма «Уздзеянне ўкраінскіх падзей на будучыню СНД і Беларусі ў прыватнасці». На думку кіраўніка праекта, прафесара сацыялогіі Варшаўскага ўніверсітэта Андрэя Вардамацкага, развіццё сітуацыі на постсавецкай прасторы знаходзіцца ў прамой залежнасці ад выніку Майдана.

«Украінскія падзеі - гэта пакуль працэс, вельмі далёкі ад заканчэння, а вынік, трэба меркаваць, мы ўбачым яшчэ не хутка. Таму зараз можна казаць толькі аб імгненнай рэакцыі большай часткі грамадства - рэакцыі на сам працэс. Яна такая, што людзі баяцца нестабільнасці, якую бачаць на Украіне, - распавёў сацыёлаг у інтэрв'ю Deutsche Welle. - На цяперашнім этапе я б вылучыў тры моманты стаўлення грамадскай думкі да «майданнай сітуацыі» на аснове даследаванняў за 2013 год у Беларусі, але адзначу, грамадства ў іншых краінах СНД прыкладна гэтак жа ўспрымае і ацэньвае падзеі на Майдане».

Сацыёлаг адзначае, што «ўзровень інфармаванасці аб тым, што адбываецца, вельмі высокі - да 90 адсоткаў ведаюць, што на Украіне адбываецца нешта вельмі сур'ёзнае».

«Што тычыцца «ўхвалення-неўхвалення» дзеянняў пратэстоўцаў - амаль столькі ж выступаюць за, колькі і супраць. Гэта з'яўляецца класічным прыкладам расколу ў грамадстве, і ў той жа час кажа пра высокі ўзровень сфарміраванасці грамадскай думкі, так як колькасць людзей, якія не вызначылі сваё стаўленне, невялікая, - растлумачыў Вардамацкі. - І трэці момант - гэта негатыўная рэакцыя на высокую ступень няўстойлівасці сітуацыі на Украіне».

Сацыёлаг лічыць, што калі Майдан пераможа, то «ап'яняльны водар свабоды разыйдзецца ў грамадстве вельмі хутка і можа паслужыць вельмі моцным дэтанатарам для пераменаў, а такога выніку рэжымы ў постсавецкіх краінах сур'ёзна асцерагаюцца».

«Вядома, усё залежыць ад канкрэтных суадносінаў сіл ва Украіне ў пэўны момант, і пакуль невядома, чым усё скончыцца. Але калі змены там стануць магчымымі, яны паслужаць пераменам у паводзінах на постсавецкай прасторы як апазіцыйна настроенай часткі грамадства, так і элітаў, якія зараз не маюць фінансава-капіталістычных і палітычных магчымасцяў для самарэалізацыі ў сваіх краінах. Эліты, у тым ліку і расейскія, убачаць для сябе новыя перспектывы для пераструктуравання палітычнага поля і захочуць паўтарыць сцэнар пераменаў», - падкрэслівае беларускі сацыёлаг, які зараз вымушаны жыць і працаваць у Варшаве.

Ён называе Майдан энергетычнай кропкай прарыву існуючай сітуацыі.

На пытанне - ці захоча змяненняў усё грамадства ў Беларусі і іншых краін СНД? - сацыёлаг адказаў: «Варта падзяляць два розных характары грамадскай рэакцыі на «майданную» сітуацыю - на этапе працэсу, імгненную, негатыўную, пра якую я ўжо згадваў, а таксама рэакцыю на этапе выніку. У першым выпадку, мы бачым, што грамадства перажывае за падзеі на Украіне і адчувае псіхалагічнае непрыманне тых цяжкасцяў, якія паказвае ТБ - баі на вуліцах, страты з абодвух бакоў, пакуты. Людзі гэтага не хочуць, таму існуе такое адхілена насцярожанае стаўленне.

Але калі вызначыцца вынік, то рэакцыя - стаўленне, ацэнка таго, што адбываецца, і ступень гатоўнасці грамадства да пераменаў зменяцца. Гэта таксама, як у выпадку з родамі, якія ўяўляюць цяжкае відовішча, але прыгожы маляня потым радуе ўсіх».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках