16 красавiка 2024, aўторак, 12:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка: Мне давялося аб'ехаць увесь свет

122
Лукашэнка: Мне давялося аб'ехаць увесь свет

Неўязны ў ЕЗ і ЗША дыктатар распавёў пра свае замежныя паездкі.

Пра гэта ішла размова сёння падчас даклада аб праблемных пытаннях развіцця прамысловага комплексу, перадае карэспандэнт БелТА.

"Сённяшняя нарада абумоўленая вашымі абяцаннямі, што ў галоўным пытанні - экспарту нашай прадукцыі - вы пойдзеце сямімільнымі крокамі. І, як запэўніў мяне прэм'ер-міністр, сённяшняя размова будзе толькі на пазітыўнай ноце, маецца на ўвазе рэалізацыя прадукцыі", - сказаў ён, звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады.

У той жа час кіраўнік канстатаваў рост знешняй дэбіторскай запазычанасці, зніжэнне экспартных паставак, дрэнны фінансавы стан прамысловых прадпрыемстваў. Ён падкрэсліў, што мэтай цяперашняй сустрэчы з'яўляецца аналіз таго, як выконваюцца даручэнні і прынятыя прысутнымі абавязацельствы і абяцанні.

Лукашэнка нагадаў, што ў чэрвені мінулага года на нарадзе, прысвечанай праблемным пытанням развіцця прамысловасці і рэалізацыі беларускай прадукцыі, былі дадзеныя канкрэтныя даручэнні і персанальныя заданні адказным асобам. За кожным з іх былі замацаваныя прадпрыемствы, якія адчуваюць цяжкасці з рэалізацыяй гатовай прадукцыі. "Тады мы дамовіліся, што да пачатку бягучага года будуць дасягнутыя адчувальныя вынікі не толькі ў разгрузцы запасаў, але і, падкрэсліваю, у паступленні грошай за пастаўленую прадукцыю на рахункі прадпрыемстваў", - адзначыў ён. Паводле яго слоў, у пацверджанне гэтага ў пачатку верасня мінулага года пры наведванні "Мотавела" былі прадстаўленыя канкрэтныя графікі з выразнымі абавязацельствамі як па тэмпах вытворчасці, так і па зніжэнні аб'ёмаў і ўзроўню запасаў.

"Урад дакладвае, што сітуацыя з запасамі прадукцыі стала паляпшацца, нібыта наступіў пералом", - заўважыў кіраўнік. У той жа час, паводле яго слоў, статыстыка паказвае, што аб'ём прамысловай вытворчасці знізіўся амаль на 5%, вырасла знешняя дэбіторская запазычанасць, назапашваюцца даўгі за вырабленую і неаплачаную прадукцыю. У цэлым па прамысловасці яны дасягнулі Br118 трлн, што складае больш за два сярэднямесячных аб'ёма вытворчасці. "Які ж гэта пералом, калі грошы на рахункі прадпрыемстваў не паступаюць? - сказаў Лукашэнка. - Прычым разрыў паміж знешняй крэдыторскай і дэбіторскай запазычанасцю расце, і мы па-ранейшаму крэдытуем замежных партнёраў. А недахоп сродкаў на бягучую дзейнасць забіраем з нашай банкаўскай сістэмы і потым стогнем, што ў нас дарагія крэдыты".

Кіраўнік адзначыў, што больш за ўсё яго трывожыць зніжэнне экспартных паставак, адсутнасць выніку ў пашырэнні іх геаграфіі. "У аснове гэтага ляжаць нежаданне і няўменне гандляваць", - лічыць ён.

"Мною неаднаразова падкрэслівалася, што ўрад павінен быць вялікім міністэрствам гандлю. У цяперашніх умовах гэта асабліва актуальна, чым і было прадыктавана маё даручэнне канкрэтным службовым асобам. Пры вызначэнні гэтай задачы мной было зададзенае пытанне: што трэба з майго боку для вырашэння праблем? Па ўсіх пастаўленых урадам пытаннях мною неадкладна былі прынятыя рашэнні", - сказаў ён. У прыватнасці, кіраўнік прыняў указ аб дзяржаўнай падтрымцы крэдытавання замежнымі банкамі замежных пакупнікоў беларускай прадукцыі. Для стымулявання экспартных паставак Банк развіцця быў надзелены функцыямі па падтрымцы экспарту і яму быў перададзены беларускі "Прамагралізінг".

"Каб пашырыць нашы пастаўкі за мяжу мне прыйшлося аб'ездзіць і прыняць у сябе ў Менску, як гаворыцца, увесь свет. Сустракацца як з кіраўніцтвам, так і дзелавымі коламі многіх дзяржаў, тым самым ствараючы спрыяльныя ўмовы для паспяховай працы ў розных рэгіёнах планеты. Павінен сказаць, што адрыньвання пастаўкам нашай прадукцыі я нідзе не заўважыў. Нават цікавасць, зацікаўленасць", - сказаў кіраўнік.

"Зразумела, што мы залежым ад знешніх рынкаў. Наша эканоміка экспартна арыентаваная. Жывём з таго, што зробім і прададзім. Таму на нас ўплываюць ваганні коштаў на рэсурсы і, вядома, попыту на гатовую прадукцыю. Аднак, улічваючы, што аб'ём беларускай экспартнай прадукцыі па сусветных маштабах нязначны, то яго пры належнай паваротлівасці і прадпрымальнасці можна і трэба не скарачаць, а нарошчваць. Шукаць і знаходзіць новыя нішы, прабівацца на новыя рынкі. Галоўнае - варушыцца, а не сядзець на месцы! - падкрэсліў Лукашэнка. - Але дзе вынікі працы? Шчыра скажу - належнай аддачы да гэтага часу не відаць!".

Лукашэнка звярнуў увагу на дрэнны фінансавы стан прамысловых прадпрыемстваў. Так, паводле яго слоў, чысты прыбытак скараціўся амаль у два разы, колькасць стратных прадпрыемстваў павялічылася ў 1,8 разы і склала больш за 17%, сумарная чыстая страта вырасла ў 2,6 разы да Br4,5 трлн. Захоўваюцца і значныя звышнарматыўныя рэшткі гатовай прадукцыі на складах. Пры гэтым на шэрагу валаўтваральных прадпрыемстваў яны фактычна не зніжаюцца. "Усё гэта сведчыць аб тым, што абавязацельствы і даручэнні належным чынам не выконваюцца. Я хацеў бы сёння канкрэтна высветліць, кім і чаму яны зрываюцца", - падкрэсліў кіраўнік.

На цяперашнюю нараду запрошаная вялікая група кіраўнікоў і вышэйшых службовых асоб, адказных за прадпрыемствы Міністэрства прамысловасці. Ён звярнуў увагу на заканамернасць гэтага, паколькі 40% складскіх запасаў краіны фармуюцца менавіта арганізацыямі гэтага ведамства.

Лукашэнка падкрэсліў, што сёння будуць усебакова і глыбока прааналізаваныя вынікі ўжо праведзенай працы, каб задаць належны тэмп на гэты год. "Што тычыцца рашэння, я думаю, яно ў выніку сённяшняй нарады будзе прынята", - адзначыў кіраўнік.

Напісаць каментар 122

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках