24 красавiка 2024, Серада, 2:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ігар Пастноў: Забараняючы пікеты, улады штурхаюць людзей на Майдан

7
Ігар Пастноў: Забараняючы пікеты, улады штурхаюць людзей на Майдан

Віцебскі «лекар-праўдаруб» не змог аспрэчыць забарону на пікет-рэквіем у памяць аб ахвярах міліцэйскага гвалту.

4 лютага суд Кастрычніцкага раёна пастанавіў, што раённая адміністрацыя забараніла акцыю на законных падставах. Ігар Пастноў збіраецца і далей абскарджваць судовае рашэнне, піша сайт ПЦ «Вясна».

Разгляд скаргі Ігара Пастнова прайшоў у Кастрычніцкім райсудзе 4 лютага. Суддзя Алена Папкова, пачаўшы працэс на 5 хвілін раней, спрабавала не пусціць у залу праваабаронцаў і знаёмых Пастнова. На яго думку, гэта таксама не выпадкова.

«Я лічу, што суддзя спадзявалася правесці працэс ціхенька і як мага хутчэй, таму і пачала раней, не стаўшы чакаць усіх, хто на яго хацеў бы трапіць. Гэта спроба зрабіць так, каб аб судовай справе і яе выніках даведалася як мага менш людзей. Суддзя нават выклікала дзяжурнага міліцыянта, каб ён «супакоіў хуліганаў». Але праваабаронцы не разгубіліся: па калідоры як раз ішоў старшыня райсуда Яўген Буруноў, яму прадэманстравалі расклад суддзі і гадзіны - што да пачатку пасяджэння яшчэ па меншай меры 2-3 хвіліны. І суддзі прыйшлося абвясціць перапынак, падчас якога ў залу ўвайшлі ўсе, хто хацеў», - распавёў Ігар Пастноў.

Пасля гэтага інцыдэнту лекар абвясціў адвод суддзі, але ён не быў прыняты. Таксама Ігар Пастноў хадайнічаў, каб у суд былі выкліканыя тыя чыноўнікі раённай адміністрацыі, якія забаранялі акцыю. Суддзя зачытала ліст, што ніхто з раённай адміністрацыі з'явіцца не можа, бо ўсе чыноўнікі вельмі занятыя. Гэта таксама стала непрыемным фактам для Ігара Пастнова.

«Я тлумачыў суддзі, што маю канкрэтныя прэтэнзіі: што забарона на пікет - гэта не звычайная фармальнасць, а абраза майго гонару і годнасці. Бо я хацеў правесці пікет-рэквіем па сваіх знаёмых, якія сталі ахвярамі міліцэйскага гвалту, але вымушаны быў праводзіць акцыю ў лесе, а не ў парку Мазурына, дзе адмыслова вызначаная пляцоўка для масавых акцый. У рэшце рэшт я патрабаваў 3 тысячы еўра кампенсацыі за маральную шкоду! Але ніякія аргументы суддзю не пераканалі. Яна за паўгадзіны правяла працэс - прачытала ўсе дакументы са справы за 10 хвілін, яшчэ хвілін 20 сітуацыю тлумачыў я сам. Нарэшце, пасля двухгадзіннага перапынку, суддзя Папкова прачытала рашэнне: маўляў, улады забаранілі акцыі законна», - заявіў ён.

Прычыны забароны акцыі - адсутнасць дамоваў з медыкамі, міліцыяй і службамі ЖКГ на ўборку, ахову пікетоўцаў і дзяжурства хуткай дапамогі. Гэта патрабаванне рэгламентавана рашэннем № 881 Віцебскага гарвыканкама. І выканаць яго практычна немагчыма, бо адказныя службы адмаўляюцца заключаць дамовы, пакуль няма дазволу на акцыю ад уладаў. У дадзеным выпадку, лічыць Ігар Пастноў, гэтыя патрабаванні наогул бессэнсоўныя:

«Пакідаць смецце на месцы пікету я не збіраўся. Пікет мой павінен быць аднаасобны, я сам лекар. Навошта там хуткая дапамога? Ніхто ж не заключае з ёй дамовы, але ўсе грамадзяне проста выклікаюць у выпадку неабходнасці. Я таксама гатовы так зрабіць. А што ўжо да міліцыі, то на пікет я запрасіў усіх супрацоўнікаў, так як праблема жорсткага абыходжання міліцыянтаў з грамадзянамі вельмі вострая. І кіраўніцтва МУС таксама павінна быць зацікаўлена ў выкананні майго лозунгу-патрабавання «Ачысцім міліцыю ад асоб, схільных да гвалту і садызму». Калі такія важныя праблемы ігнаруюцца, і акцыі забараняюць, то не проста парушаюць правы грамадзян! Іх самі ўлады штурхаюць на «майдан», на несанкцыянаваныя дзеянні», - заявіў ён.

Скаргу ў суд Ігару Пастнову дапамагаў складаць праваабаронца Пётр Іваноў. Цяпер яны ўдваіх плануюць падаць касацыю ў Віцебскі абласны суд. Па факце спробы суддзі Папковай не пусціць на адкрытае пасяджэнне ўсіх жадаючых удзельнікі інцыдэнту пакінулі 3 скаргі ў Кнізе скаргаў і заўваг Кастрычніцкага райсуда.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках