19 красавiка 2024, Пятніца, 20:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Беларускае грамадства з надзеяй глядзіць на Украіну

38
Андрэй Саннікаў: Беларускае грамадства з надзеяй глядзіць на Украіну

Украіна пры падтрымцы ЕЗ мае ўсе шанцы на дэмакратычнае развіццё.

Пра гэта заявіў лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і былы кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў у інтэрв'ю Deutsche Welle. Ён даў ацэнку падзеям на Украіне і ролі ў іх ЕЗ і РФ. Ён распавёў, ці можа прыклад украінцаў натхніць беларусаў.

- Як вы ацэньваеце развіццё падзей ва Украіне?

- Я лічу, што ўкраінская ўлада ўжо прайграла апазіцыі. Віктар Януковіч не рэагаваў, калі яшчэ можна было кіраваць сітуацыяй, а цяпер ён страціў кантроль над тым, што адбываецца ў краіне. Ён не зможа правіць так, як рабіў гэта раней. Так што спачатку зменіцца ўрад, а потым і прэзідэнт. Акрамя таго, нават калі не будзе датэрміновых выбараў, па законе застаўся год да заканчэння прэзідэнцкага тэрміну.

Я спадзяюся на станоўчыя наступствы гэтых пераменаў, таму што для Украіны пачаўся другі важны этап пасля «аранжавай рэвалюцыі» 2004 года. Тады яе лідары не апраўдалі даверу і не змаглі стварыць надзейную аснову для развіцця краіны. Але цяпер, калі грамадзянскі пратэст на Майдане перарос практычна ў рэвалюцыю, у краіны з'явіўся новы шанец на змены.

- Як адбіваецца на сітуацыі ва Украіне разнароднасць апазіцыйных сіл - ад умераных да радыкалаў?

- Сама па сабе неаднароднасць апазіцыі нічога не значыць. Гэта міф, што ў апазіцыі павінен быць адзіны лідар. Каля паўмільёна грамадзян выйшлі на Майдан па прызыву кіраўнікоў трох розных парламенцкіх партый. Вядома, апазіцыянерам няпроста кантраляваць палітычны працэс і захоўваць грамадзянскі супраціў, каб не ўпусціць шанец і дамагчыся зменаў.

Што тычыцца ролі радыкальных апазіцыйных груповак у Кіеве і рэгіёнах, то яна моцна перабольшаная некаторымі СМІ. Прычым робіцца гэта свядома. Не радыкалы гуляюць галоўную ролю на Майдане. Але трэба ўлічваць, што на некаторую частку з іх робяць стаўкі спецслужбы і выкарыстоўваюць у спекулятыўных мэтах, як правакатараў.

- Расея заяўляе, што не ўмешваецца ў падзеі на Украіне, але пры гэтым спрабуе рэгуляваць паводзіны Януковіча, прыпыніўшы выплату абяцанага крэдыту ў 15 мільярдаў даляраў. Ці зможа Крэмль пераламаць сітуацыю і выкарыстоўваць падзеі на Майдане з карысцю для сябе?

- Пераламаць сітуацыю не атрымаецца. Не выключаю, што ў Крамлі могуць паспрабаваць праштурхнуць нейкі сілавы варыянт ці развязаць яшчэ больш брудную прапаганду супраць Украіны за разварот у бок ЕЗ. Але, па-першае, ісці на сілавое рашэнне з кровапраліццем азначае для Януковіча прысуд самому сабе - армія яго не падтрымае. Па-другое, гэта яшчэ больш паскорыць адрыньванне ўкраінцаў ад Расеі. Па-трэцяе, нельга забываць пра неверагодную салідарнасць з Майданам, якую праяўляе міжнародная грамадскасць. І Маскве будзе цяжка гэтаму супрацьстаяць.

- Наколькі верагодны прагноз пра непазбежнасць расколу Украіны на заходнюю частку, якая падтрымлівае курс на асацыяцыю з ЕЗ, і ўсходні рэгіён, які выступае за саюз з Расеяй?

- Размовы пра тое, што Украіна расколецца на ўсходнюю і заходнюю тэрыторыі, лічу неапраўданымі. Я не бачу ўплывовых палітычных сіл, якія маглі б адвесці частку краіны «пад Расею». Усе ўкраінцы выступаюць за добрыя адносіны з Расеяй, але жыць па пуцінскіх законах яны не жадаюць.

Уся краіна хоча быць самастойнай - усход, захад, эліты і народ. І ўсходняя Украіна, гэтак жа як і заходняя, глядзіць на Майдан з надзеяй. Таму цяпер шмат што залежыць ад стойкасці ўкраінцаў, якія ўжо зрабілі неверагодна шмат на шляху пераменаў. Яны наўрад ці пагодзяцца на меры, якія павернуць сітуацыю назад.

- Якую ролю ў сітуацыі на Украіне павінен гуляць ЕЗ?

- Нагадаю, што ў свой час бяздзейнасць еўрапейскіх палітыкаў дазволіла стварыць у самым цэнтры Еўропы ў Беларусі самую жорсткую дыктатуру. Беларускі прыклад натхніў рэжымы Расеі і Украіны.

Але ўкраінцы паўсталі супраць улады і яе таемных здзелак з Крамлём. І цяпер у ЕЗ пачалі рабіць тое, што павінны былі зрабіць даўно - сур'ёзна абмеркаваць план дапамогі Украіне. Прычым гэта будзе дапамога не Януковічу, а Еўрамайдану. І паколькі гэта заходнія грошы, то і кантроль грамадства за іх выкарыстаннем будзе не такі, як за грашыма ад Масквы.

- Ці магчымы ўсплёск пратэстнага руху ў Беларусі па прыкладзе Украіны?

- У нас ужо быў свой Майдан - пратэст беларусаў, якія выйшлі на вуліцы Менска 19 снежня 2010 года, каб паказаць сваю незадаволенасць уладай. Але ён быў жорстка падаўлены, таму што не было тых значных фактараў, якія ёсць цяпер ва ўкраінцаў. Кіеўскі Майдан фактычна абаранілі дэпутаты з парламенцкай апазіцыі, у дыскусію аб падзеях уцягнутыя ўсе ўкраінскія СМІ.

А Беларусь не спіць, яна заціснутая. Нагадаю, што беларускія ўлады будуць судзіць футбольных заўзятараў за акцыю падтрымкі Майдана. Але гэта кажа толькі пра тое, што рэжым са страхам глядзіць на развіццё сітуацыі на Украіне. І чым мацней ціск, тым больш рэзкай можа быць успышка грамадскай незадаволенасці. Таму я лічу такім важным еўрапейскі фактар і ўцягнутасць Захаду ў падтрымку пратэстуючых украінцаў. З надзеяй на Украіну глядзіць і беларускае грамадства. І калі там пачнуцца перамены, яны зменяць сітуацыю ва ўсім рэгіёне Усходняй Еўропы.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках