20 красавiка 2024, Субота, 7:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ульяне Захаранка - 90

29
Ульяне Захаранка - 90

6 лютага маці зніклага экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі спаўняецца 90 гадоў.

Грамадскія актывісты з Гомеля, Менска і іншых месцаў спяшаюцца сёння ў мястэчка Васілевічы, што пад Рэчыцай, каб павіншаваць Ульяну Захаранка з юбілеем і пакланіцца ёй за цудоўнага сына, грамадзяніна і сапраўднага патрыёта Беларусі, перадае «Радыё Свабода».

Апазіцыйны генерал Юрый Захаранка знік у Менску вечарам 7 траўня 1999 года. Не дайшоў да свайго дома на вуліцы Магілёўскай нейкую сотню метраў. Невядомыя схапілі яго, заштурхалі ў машыну - і з таго часу ні сям'я былога міністра, ні маці, ні грамадскасць нічога пэўнага не ведаюць пра яго лёс.

Пракуратура, міліцыя, а ў апошні час і Следчы камітэт шлюць маці адпіскі. Іх ужо каля чатырох дзесяткаў: маўляў, даследаванне справы №110352 па факце знікнення сына працягнута. І так амаль пятнаццаць гадоў - з тых дзевяноста, што пражыла на белым свеце Ульяна Захаранка.

Напярэдадні юбілею яна выпісалася з лякарні: ціск і стэнакардыя мучаць адзінокую жанчыну. Неяк яна распавядала пра свае будні:

«Я начамі наогул не сплю, я не магу спаць: яны ў мяне ў вачах. І старэйшы сын-падводнік памёр - той у вачах. А праз год і Юру забралі. Хіба я магу гэта вытрымаць? І муж памёр. Я нарадзілася 6 лютага. Валодзя памёр 7, Мікалай - 9 лютага. І вось усе гэтыя дні да дзесятага - яны ў мяне такія жалобныя! Я калі адна дома, толькі і плачу. Уначы не сплю, хаджу, святло запалю ва ўсім доме. Колькі пакояў, столькі і лямпачак - і гараць усю ноч».

Часцей за ўсё ноччу прыходзіць да жанчыны працяглы і пякучы боль. Лекаў хапае хіба на гадзіну-другую, не больш:

«Вось гэтыя ўсе лекі я выпіваю, калі кладуся спаць. Пройдзе час - і ціск у мяне будзе 200 з лішнім. Раз ужо 200, то тут, хочаш не хочаш, а трэба выклікаць «хуткую дапамогу». Пачынаецца прыступ стэнакардыі. Будзе плячо левае гарэць, сэрца гарэць. Нават зрок губляю. І адна ў доме».

Спраўляцца з бытавымі справамі Ульяне Рыгораўне дапамагаюць сацыяльная работніца і пляменніца Люба.

Тупаючы па хаце, адзінокая жанчына прыслухоўваецца да тэлефона, які стаіць у куце пад абразком. Толькі тэлефон і думкі бесперашкодна праходзяць адлегласці і межы.

Асабліва Ульяна Рыгораўна чакае званкоў з Германіі, куды эмігравала жонка сына Вольга з двума дачкамі - Аленай і Юліяй. Дзяўчыны ўжо маюць сваіх дзяцей - Кірылу і Улада. Гэта ўнукі бясследна зніклага сына Юрыя і яе, Ульяны Рыгораўны, праўнукі.

Ульяна Захаранка ведае, што сёння ў яе доме абавязкова раздасца тэлефонны званок з Германіі, і яна пачуе родныя галасы, у якіх праб'юцца ноткі голасу зніклага сына.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках